Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-ЗА ВЫПАДКАЎ ВАНДАЛІЗМУ МЭМАРЫЯЛ “БРАЦКІЯ МОГІЛКІ” Ў МАГІЛЁВЕ АДКРЫТЫ ДЛЯ НАВЕДНІКАЎ ТОЛЬКІ Ў ВЫХОДНЫЯ І СЬВЯТЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Абмежаваньні ў наведваньні мэмарыяльнага комплексу ў магілёўскім раёне Задняпроўе ў гарадзкім прадпрыемстве рытуальных паслугаў лічаць вымушаным захадам, каб абараніць брацкую магілу ад вандалаў.

Гэты мэмарыял быў пабудаваны прыканцы 80-х гадоў на месцы Лупалаўскага лягеру сьмерці. Там у гады фашысцкай акупацыі было зьнішчана больш за 40 тысячаў ваеннапалонных.

Апошнім часам комплекс стаў прытулкам для бамжоў. Ля «вечнага вагню» зьбіраліся п’яныя кампаніі. А нядаўна яго разрабавалі злодзеі, якія палююць на лом каляровых мэталяў. Былі скрадзеныя бронзавыя пласьціны, якія давялося аднаўляць. Таму раённая адміністрацыя прыняла рашэньне прывесьці комплекс у парадак і зачыніць. Ён адкрыты для наведвальнікаў толькі ў выходныя дні ў сьветлы час сутак.

Паводле слоў дырэктара прадпрыемства рытуальных паслугаў Ігара Горскага, пратэстаў у сувязі з гэтым не паступала. Мясцовыя жыхары комплексам не цікавяцца, сюды зрэдку прыяжджаюць толькі дэлегацыі ды экскурсіі. Новы парадак, упэўненыя чыноўнікі, дазволіць абараніць мэмарыял ад хуліганаў ды злодзеяў.

Ад нападаў вандалаў церпяць і іншыя мэмарыялы і могілкі ў Магілёўскай вобласьці. У Касьцюковічах мэмарыял ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны рабавалі двойчы, адтуль скралі 22 пліты з прозьвішчамі салдатаў. Злодзеяў знайшлі, аднак пліты давядзецца рабіць нанова, для гэтага патрэбныя грошы — больш за 10 мільёнаў рублёў.

Сёлета былі разрабаваныя на ўпрыгажэньні з каляровых мэталяў старажытныя помнікі на зачыненых Польскіх могілках у Магілёве. Некалькі месяцаў таму на Габрэйскіх могілках у Бабруйску былі апаганеныя чатыры помнікі. Старшыня Бабруйскай габрэйскай супольнасьці Леанід Рубінштэйн паведаміў, што невядомых, якія пашкодзілі выявы нябожчыкаў, намалявалі на помніках свастыку і зьневажальныя словы, так і не зайшлі.

Да гэтага часу не зьліквідаваныя наступствы вандалізму савецкіх часоў на Габрэйскіх могілках у Магілёве — такое меркаваньне кіраўніка гарадзкой габрэйскай супольнасьці Навума Іофэ. З 1979 году новымі пахаваньнямі, якія дазволіла ўлада, там былі зьнішчаныя тысячы старых габрэйскіх магілаў, разрабаваныя помнікі, і да гэтага часу, лічаць магілёўскія габрэі, так і не ўдаецца навесьці парадак на могілках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG