Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня першы віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў і старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык абмяркоўвалі праект Генэральнага пагадненьня паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі на бліжэйшыя тры гады. Пераадолець усе рознагалоссі кіраўнікі ўраду і прафсаюзаў ня здолелі. Лёс дакумэнту застаецца няпэўным…

Сустрэча Андрэя Кабякова і Уладзімера Ганчарыка была выклікана надзвычайнай сытуацыяй, што склалася вакол падпісаньня Генэральнага пагадненьня. Шматмесячныя перамовы ўраду і прафсаюзаў скончыліся напярэдадні ўзаемнымі абвінавачаньнямі.

Улады абвясьцілі, што прафсаюзы ў дачыненні да працоўных патрабуюць правядзеньня такой палітыкі, якая не адпавядае рэчаіснасьці. У сваю чаргу, Фэдэрацыя прафсаюзаў днямі заявіла публічна, што не зьбіраецца зьмякчаць сваю пазыцыю. І вось сустаршыні Нацыянальнай рады ў працоўных і сацыяльных пытаньнях Кабякоў і Ганчарык вырашылі сёньня паспрабаваць яшчэ раз знайсьці кампраміс. Камэнтуючы нашаму радыё вынікі гэтай сустрэчы Уладзімер Ганчарык зазначыў:

(Ганчарык: ) "Рух наперад мае месца, хаця ёсць тут і шмат што дапрацоўваць. Захоўваюцца пазыцыі, дзе яшчэ існуюць рознагалосьсі. Мы настойваем на тым, каб былі канкрэтныя лічбы. Напрыклад, суадносіны сярэдняй заработнай платы і пражытачнага мінімуму, а ўрад хоча абмежавацца агульнымі разважаньнямі. Далей. Зараз праводзяцца разьлікі, якім чынам дасягнуць заработнай платы ў 100 даляраў, пра што казаў прэзыдэнт. Зрэшты, гэта не такая ўжо і значная лічба. Трэба тут лічыць яшчэ і дзеля таго, каб не пакінуць без увагі бюджэтнікаў. Але самае галоўнае, мы хочам ведаць, якім чынам гэтыя грошы будуць заробленыя. Вось гэта і ёсць разыходжаньні".

Дарэчы, што тычыцца абвешчанага 100-даляравага сярэдняга заробку, які нібыта беларускія працоўныя будуць атрымліваць у наступным годзе. Уладзіміру Ганчарыку, паводле ягоных словаў, удалося сёньня на перамовах з Андрэем Кабяковым атрымаць згоду, што ў Генэральным пагадненьні павінен фігураваць гэты заробак якраз у далярах, а не ў рублях. Паколькі, маўляў, беларускія грошы ў наступным годзе могуць быць зьедзенымі інфляцыяй, калі ўладам захочацца ўключыць друкарскі станок.

Паводле сёньняшніх дамоўленасьцяў, бакі паспрабуюць зьліквідаваць астатнія рознагалосьсі на працягу бліжэйшых двух тыдняў. Аднак, як вынікае з тлумачэньня Уладзімера Ганчарыка, гэта не азначае, што за гэты час адбудуцца станоўчыя зрухі.

Старшыня Фэдэрацыі не выключае, што згаданы дакумэнт наагул ня будзе падпісаны, бо прафсаюзы ня маюць намеру зьмякчаць прынцыповыя палажэньні. Ганчарык таксама зазначыў, што ў выпадку ігнараваньня ўладамі прафсаюзных патрабаваньняў працоўныя пад кіраўніцтвам Фэдэрацыі адкажуць акцыямі пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG