Італьянец Марыёні, які калісьці змайстраваў ляльку для паказу
тэатральнае дзеі, наўрад ці марыў патрапіць у беларускую штодзённую рэчаіснасьць.
Аднак жа. Хто з нас, спадарове, у маленстве ня цешыўся з марыянэткавага
тэатру? О, якім цудам здаваліся нам усе гэтыя Пятрушкі, Кашчэі ды Смокі
Гарынавічы. І хто б гэта думаў тады, што тыя марыянэткавыя пэрсананжы
мы пазнаем пасьля ў асобах зусім не тэатральнага кшталту?
Менск, вечар, спэктакаль закончаны, лялькі-марыянэткі спачываюць
да іншага разу, патухаюць вагні Менскага лялечнага тэатру. Але доўга яшчэ
сьвецяцца вокны ў доме, што па іроніі лёсу месьціцца акурат насупраць.
І хоць гэтая спаруда з надпісам “Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”
нічым не нагадвае пра сваю прыналежнасьць да тэатральнага сьвету, ды ў
сьценах ягоных вось ужо які год ладзіцца ці ня самы абсурдовы марыянэткавы
спэктакаль стагодзьдзя.
І доўжыцца дзея, і марыянэткавая пляміста-шэрая варта сустракае
марыянэткавае аўто, і марыянэткі-людзі прамаўляюць не свае
словы, робячы ўсё так, як загадаюць ім дачасу нябачныя крамлёска-лубянскія
лялькаводы.
І хоць галоўная марыянэтка і сама ўжо не свая, аднак марыянэткавыя
крытыкі штодня ўсхваляюць гэты пэрсанаж у марыянэткавай прэсе, а
марыянэткавая тэлевізія бясконца цягне аднастайны сэрыял, што невыносна
надакучыў напоўпрытомным гледачам.
Ды колькі б не цягнуўся гэты спэктакаль, а фінал усё ж немінучы. І запаліцца
сьвятло, і палягуць у свае скрыні нашыя марыянэткі, і ўбачыць сьвет
таемных лялкаводаў і шчодра адорыць іх сьвістам, пратухлымі яйкамі ды гнілымі
памідорамі.
Рыгор Сітніца
Самае папулярнае
1