Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларускай вайсковай славы ў Львове


Сёньня прадстаўнікі беларускай апазыцыі сьвяткуюць Дзень беларускай вайсковай славы ў Львове. Беларускія актывісты з украінцамі разгорнуць бел-чырвона-белыя сьцягі ў цэнтры Львову.

Праграма сьвяткаваньня Дня беларускай вайсковай славы разьлічана на ўвесь дзень: Боская літургія, кантакты з жыхарамі Львову, сустрэча з дэпутатамі гарадзкога і абласнога саветаў, моладзевая акцыя салідарнасьці з беларускім народам, падчас якой на плошчы разгарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі. Таксама адбудзецца ўрачыстая акадэмія, на якой будуць гаварыць пра гістарычнае мінулае. Будуць выступаць украінскія і беларускія барды, якія выканаюць старажытныя народныя песьні пра Аршанскую бітву 1514 году.

Нашы продкі паказалі, што трэба рабіць, калі хочуць забраць тваю хату, а цяпер забіраюць завод і робяць такую ўладу, якую хочуць у Крамлі, але якой не хоча беларускі народ

8 верасьня 1514 войска маскоўскага княства спрабавала захапіць тэрыторыю Беларусі, але ў вырашальнай бітве на Крапівеньскім полі пад Воршаю пацярпела паразу ад войскаў Рэчы Паспалітай - Літоўскага, Рускага і Жмудскага княстваў пад камандаваньнем князя Канстанціна Астрожскага. Паводле ацэнак гісторыкаў, бітва пад Воршай зьяўляецца слаўнай старонкай у гісторыі беларускага, ўкраінскага, літоўскага, польскага народаў, паколькі натхняла паняволеных людзей на барацьбу з маскоўскім ворагам.

8 верасьня 1992 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску каля 2 тысяч беларускіх вайскоўцаў прысягнулі на вернасьць беларускаму народу. Гэтая акцыя тады была ініцыяваная старшынём Беларускага аб'яднаньня вайскоўцаў, цяперашнім палітвязьнем Міколам Статкевічам, які асуджаны за Плошчу на 6 гадоў турмы і да гэтага часу знаходзіцца за кратамі.

Апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык распавёў «Свабодзе»:

"У Львове мы ўспомнім палітвязьняў, якія ёсьць цяпер у Беларусі, будзем казаць пра Міколу Статкевіча, якога рэжым Лукашэнкі пазбаў волі на доўгі тэрмін. Мы спадзяемся на салідарнасьць з украінцамі. Трэба казаць ня толькі пра гісторыю, але і пра сёньняшнюю небясьпеку з боку Масквы, пра расейскую імпэрскую палітыку, вынікі якой адчуваюць як беларусы, так і ўкраінцы. Гэтая гістарычная дата - добры прыклад, які дае нам надзею. Нашы продкі паказалі, што трэба рабіць, калі хочуць забраць тваю хату, а цяпер забіраюць завод і робяць такую ўладу, якую хочуць у Крамлі, але якой не хоча беларускі народ".

У Расеі, як і ў былыя часы, не ўспамінаюць пра бітву пад Воршай, а ўкраінскія гісторыкі мала ўвагі надаюць гэтай тэме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG