Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі нафты спыненыя. Яшчэ адна падножка Крамля?


Ад 1 студзеня 2011 году расейскія кампаніі спынілі пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Яны прапануюць павялічыць цану вуглевадароднай сыравіны для Беларусі на 45 даляраў за тону.

У дзяржканцэрне "Белнафтахім" патлумачылі, што пастаўкі нафты ў Беларусь спыненыя з прычыны адсутнасьці дамоваў. Прэсавы сакратар дзяржканцэрну "Белнафтахім" Марына Касьцючэнка паведаміла аб працягу перамоваў з расейскім бокам.

"Гэта звычайная справа, скончыўся год, скончыліся адны дамовы, пачынаюцца іншыя. У сувязі з тым, што вялікія калядныя канікулы ў Расеі, гэтыя перамовы яшчэ ня скончыліся. Ідуць перамовы з суб'ектамі гаспадараньня, уладальнікамі сыравіны. Працягваецца дамоўная кампанія".

Паводле інфармацыі расейскага "Коммерсанта", у сьнежні мінулага году бакам не ўдалося дамовіцца, і кантракты на 2011 год не заключаныя. На ўзгадненьне цаны і падпісаньне кантрактаў у перамоўнікаў ёсьць каля 10 дзён. Раней кіраўнік "Белнафтахіма" Валеры Казакевіч заявіў, што запасу сыравіны на беларускіх НПЗ хопіць на 20 дзён працы. Паводле дамоўленасьцяў, якія дасягнутыя былі яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, Масква абяцала пастаўляць на беларускія НПЗ бязмытную нафту. Узамен афіцыйны Менск павінен быў аддаваць у расейскі бюджэт усё мыта на нафтапрадукты. Гэтае мыта ў два разы меншае за нафтавае. Меркавалася, што Беларусь зэканоміць на гэтым 1—2 мільярды даляраў. Аднак расейскія нафтавыя кампаніі прапанавалі павялічыць цану нафты для Беларусі на 45 даляраў за тону. Гэта дазволіць забясьпечыць роўнадаходнасьць паставак на расейскія і беларускія заводы. У расейскіх кампаніях пацьвярджаюць спыненьне паставак нафты, але не камэнтуюць прычыны гэтага. Прадстаўнік "Транснафты" Ігар Дзёмін сказаў, што ягоная кампанія гатовая прапампаваць неабходныя аб'ёмы:
з 1 студзеня ніякая нафта для ўнутранага рынку Беларусі не паступае ...

"Наколькі мне вядома, ня ўзгоднена цана паміж пастаўшчыкамі нафты і спажыўцамі. Я пацьвярджаю, што з 1 студзеня ніякая нафта для ўнутранага рынку Беларусі не паступае. Транзытам нафта ідзе. Ніякага дачыненьня гэтая сытуацыя да павелічэньня кошту прапампоўваньня ня мае".

Паводле агенцтва Прайм-ТАСС, прынцып роўнадаходнасьці паставак узгоднены зь віцэ-прэм'ерам Расеі Ігарам Сечыным, які знаходзіцца ў адпачынку да 14 студзеня.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка мяркуе, што прыпыненьне паставак нафты — гэта насамрэч крамлёўскія ініцыятывы. Хаця падвышэньне цаны нафты для беларускага боку "цярпімае":

Леанід Заіка
"Я думаю, што гэта чарговы ход чыста супраць Лукашэнкі. Яго прырода пакуль ня бачная. Відаць, Аляксандар Рыгоравіч убачыў, што паў ахвярай 19 сьнежня, усёй яго ініцыятыўнай працы па знаходжаньні злачынцаў сярод кандыдатаў. Цяпер гэта ўсё абярнулася супраць яго. То бок гэта яшчэ адна падножка Крамля".

Паводле экспэрта расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіла Круціхіна, гэта чыста камэрцыйная спрэчка.

"Гэта будзе вялікая прапагандысцкая хваля ў Беларусі, дзе зноў пачнуць мусіраваць ідэю атрыманьня нафты з Вэнэсуэлы і гэтак далей. У рэшце рэшт перамовы скончацца нейкім кампрамісам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG