Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў


У Польшчы сёньня адбываецца галасаваньне ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў, у які выйшлі сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі ды лідэр найбольшай апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” Яраслаў Качынскі.

За дзень да выбараў і ў дзень галасаваньня паводле польскіх законаў забароненая якая-колечы агітацыя за кандыдатаў ці супраць іх. Таму гэтымі днямі можна адпачыць ад вялізнай колькасьці паведамленьняў, зьвязаных з выбарамі, якая апошнія два тыдні літаральна залівала інфармацыйную прастору краіны.

Некаторыя выбарцы, аднак, вырашылі адпачыць у прамым значэньні гэтага слова, выехаўшы ў адпачынкі за мяжу, а значыць могуць не прагаласаваць.

“Я зьвяртаюся да ўсіх палякаў з заклікам узяць удзел у гэтых выбарах. Перадусім, натуральна, зьвяртаюся да тых, хто ўжо вырашыў мяне падтрымаць або думае, ці не зрабіць гэта. Я шчыры прыхільнік дэмакратыі і лічу, што ў нас яўка на выбары занадта малая”, – заявіў Яраслаў Качынскі.

Ягоны канкурэнт Браніслаў Камароўскі таксама заклікаў палякаў прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, бо нізкая яўка небясьпечная перадусім для яго: электарат Камароўскага – гэта галоўным чынам прадстаўнікі заможнай сярэдняй клясы, якія едуць адпачываць за мяжу.

Між тым сёньняшняе галасаваньне ў Польшчы праходзіць бяз значных парушэньняў заканадаўства.

“Я буду галасаваць за Качынскага, бо ён цьвёрды і пасьлядоўны палітык”.

“Мы зь сям’ёй аддалі галасы за Браніслава Камароўскага – гэта будзе салідны і прадказальны кіраўнік дзяржавы”, – кажуць выбарнікі каля аднаго са сталічных участкаў.

Паводле апошніх, апублікаваных яшчэ да надыходу “выбарчай цішыні” вынікаў апытаньняў, Качынскі ды Камароўскі маюць прыкладна аднолькавыя шанцы на перамогу, прычым большасьць дасьледаваньняў дае хоць і ня надта значную, але перамогу сьпікеру Сэйму.

Першыя, падрыхтаваныя паводле экзыт-полаў, вынікі галасаваньня будуць вядомыя а 21-й гадзіне менскага часу, адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG