Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фірма “Палёніка”: маёмасьць пакуль не апісваюць


Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

Легальна свае культурна-адукацыйныя мэты Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс ажыцьцяўляе празь фірму “Палёніка”. Фірма аштрафавана на 122 мільёны рублёў, але маёмасьць пакуль не апісваюць.


Пытаньне наконт становішча гарадзенскай фірмы “Палёніка” я адрасаваў Андрэю Пачобуту — намесьніку Анжалікі Борыс у Саюзе палякаў.

Андрэй Пачобут
Пачобут:
“Сытуацыя з “Палёнікай” выглядае наступным чынам: прысуды сталі правамоцнымі, у любы момант можа зьявіцца судовы выканаўца, які будзе апісваць маёмасьць. Штраф аграмадны, а выплаціць яго фірма ня ў стане. Калі судовы выканаўца прыйдзе накладаць арышт на маёмасьць, гэта будзе азначаць заблякаваньне работы польскай школы, якая дзейнічае пры фірме “Палёніка”. Тое, што пакуль няма ніякіх дзеяньняў, гэта зьвязана з тым, што вядуцца перамовы паміж Польшчай і Беларусьсю аб сытуацыі, якая склалася вакол Саюзу палякаў. На мой погляд, з палітычных прычынаў было прынята рашэньне адносна “Палёнікі”, і з гэтых жа прычынаў яно падвешана ў паветры: улады чакаюць, як будзе разгортвацца сытуацыя на перамовах”.

Учора міліцыянты сканфіскавалі каля 450 асобнікаў часопіса “Magazyn Polski na uchodźstwie”, які выдаюць паплечнікі Анжалікі Борыс зь не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. Які зьмест арыштаванага нумару?

Пачобут: “Нумар “Магазына…” прысьвечаны падзеям вакол Івянца, рэакцыі, якую гэтыя падзеі выклікалі ў Польшчы, той хвалі салідарнасьці, якую атрымаў Саюз палякаў. У нумары ёсьць пазыцыя польскага ўраду адносна гэтага канфлікту, пазыцыя прэзыдэнта Польшчы. Беларускім уладам вельмі ня хочацца, каб аддзелы нашага Саюзу палякаў атрымалі гэтую інфармацыю”.

Нагадаем, што ў Івянцы быў канфлікт адносна Дома польскага. Суд вырашыў яго на карысьць праўладнага Саюзу палякаў на чале са Станіславам Сямашкам.

“Magazyn Polski na uchodźstwie” міліцыянты канфіскуюць ня першы раз. Арыштаваныя наклады ніколі не вяртаюць. Галоўны рэдактар “Магазына…” Ігар Банцар:

Ігар Банцар
“Ніхто ніколі не паведамляе — дзе адбываецца экспэртыза, якім чынам, на чым яна палягае. Проста потым паведамляюць, што матэрыялы прызнаныя не адпаведнымі заканадаўству РБ. Я магу сказаць, што наш “Magazyn Polski na uchodźstwie” не выдаецца ў Беларусі, у ім сапраўды няма выходных дадзеных, таму ўжо на гэтай падставе яны могуць прызнаць, што выданьне не адпавядае заканадаўству Беларусі”.

Ігар Банцар падкрэсьлівае:

“Не хачу паўтарацца, але ўсё трэба разглядаць у шырокім кантэксьце барацьбы ўладаў з Саюзам палякаў. Пакуль ня будзе прызнаньня арганізацыі, да таго часу ня будзе легалізацыі нашых выданьняў — часопіса “Magazyn Polski na uchodźstwie” і газэты “Głos znad Niemna na uchodźstwie”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG