Новая кампанія вырасла зь першапачатковай ідэі праймэрыз, то бок папярэдняга рэйтынгавага выбару адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднаных дэмсілаў. Аршанская кааліцыя дэмакратычных сілаў палічыла, што прыйшоў час зірнуць на сытуацыю і шырэй, і глыбей, — кажа старшыня мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Алесь Шутаў:
“Заўсёды палітыкі абапіраюцца на думку народу. Але рэдка хто пытаецца ў выбарцаў пра іхную пазыцыю. Таму мы хочам высьветліць зрэз грамадзкай думкі жыхароў нашага рэгіёну”.
Кіраўнік аналітычна-інфармацыйнай групы АДС Вацлаў Арэшка тлумачыць:
“Кампанію мы так і пазыцыянуем — як кампанію актывізацыі выбарцаў Аршаншчыны і высьвятленьня грамадзкай думкі наконт патрэбы палітычнай альтэрнатывы. Як прыватнай альтэрнатывы ў выглядзе лідэраў апазыцыі і грамадзкай думкі, так і ў выглядзе агітацыі і інфармаваньня па пазыцыі дэмакратычных сілаў у сувязі з сытуацыяй у Беларусі, крызісам. То бок паралельна будзе ісьці распаўсюд нашых матэрыялаў і ідэяў”.
Спадар Арэшка кажа: паколькі праймэрыз фактычна ператвараецца ў апытаньне, то зьмяняецца і форма дакумэнту, які атрымаюць жыхары Аршаншчыны:
“Замест бюлетэняў для галасаваньня будзе раздавацца анкета зь некалькімі пытаньнямі. Першае тычыцца таго, ці ёсьць у Беларусі праблемы, якія ня ў стане вырашыць дзейная ўлада? І калі яны ёсьць, то высьвятляецца роля апазыцыі — ці можа яна дапамагчы, ці можа чалавек супрацоўнічаць з апазыцыяй дзеля абароны сваіх інтарэсаў? І ўжо апошняе — прапануецца сьпіс асобаў, якія могуць быць падтрыманыя як альтэрнатыва Лукашэнку.
У гэтым сэнсе сьпіс застаецца адкрытым. Пры галасаваньні грамадзяне могуць запісваць туды і іншыя прозьвішчы. І ў гэтай сытуацыі самае галоўнае — ня тое, хто там будзе першы, а, як мы і хацелі, колькі людзей возьме ўдзел у гэтай кампаніі”.