Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: усё пакажа падлік галасоў


Стварэньне ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты і перадача неабходных дакумэнтаў у выбарчыя камісіі для іх рэгістрацыі сталі чарговым этапам кампаніі па абраньні дэпутатаў рэгіянальнага роўню. Ён завяршыўся 18 лютага. Паводле папярэднік зьвестак Цэнтравыбаркаму, знайшлося каля 17 тысяч прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, якія будуць зьбіраць подпісы выбарцаў у сваю падтрымку.

Ініцыятыўныя групы патрэбны толькі тым прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты, якія вылучаюцца праз збор подпісаў выбарцаў. Без афіцыйна зарэгістраванай групы, спэцыяльных пасьведчаньняў і падпісных лістоў закон не дазваляе зьбіраць галасы ў падтрымку патэнцыйнага кандыдата, тлумачыць сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
«У залежнасьці ад тэрытарыяльнага роўню Савету, колькасьць подпісаў павінна быць розная. Кандыдату ў абласны і Менскі гарадзкі Савет трэба сабраць 150 подпісаў. У раённы савет альбо гарадзкі (для гарадоў абласнога падпарадкаваньня) дастаткова і 75. А ў савет базавага роўню (пасялковы, сельскі) хопіць і 20 подпісаў. Гэта — няшмат. І я думаю, кожны, хто жадае стаць дэпутатам, справіцца з гэтай задачай».

Збор подпісаў асабліва важны для грамадзкіх арганізацыяў. Яны, у адрозьненьне ад палітычных партый, ня маюць права самастойна вылучаць кандыдатаў на дэпутацкія мандаты. Аднак гэта не стане перашкодай для актывістаў Таварыства беларускай мовы, лічыць яго старшыня Алег Трусаў. Таварыства прыняло зварот да сваіх сяброў, каб яны ішлі ў дэпутаты. Гэты дакумэнт надрукаваны, яго можна паглядзець на афіцыйным сайце ТБМ.

Алег Трусаў
Спадар Трусаў так тлумачыць такую актыўнасьць:

«Ёсьць унікальная магчымасьць правесьці кампанію па-беларуску — зрабіць на роднай мове ўсю інфармацыю, патрабаваць беларусізацыі школ, клясаў, шыльд, вуліц і г.д. Гэта сапраўды ўнікальная магчымасьць скарыстаць выбарчую кампанію ў мэтах беларусізацыі і раённых Саветаў, і людзей.

Тым, хто хоча нешта зрабіць, асабліва моладзі, мы кажам: калі ласка, зьбірайце подпісы і агітуйце людзей. Кажыце ім, што калі мяне выберыце, я ствару вам беларускамоўную клясу, зьмяню назву вуліцы, шыльды павешу і г.д. То бок гэта канкрэтная работа мясцовых Саветаў».

Рух «За свабоду» ня мае яшчэ афіцыйна зарэгістраваных суполак у рэгіёнах. Таму сябры руху мусяць зьбіраць подпісы ў сваю падтрымку. Маладая гомельская актывістка Дар’я Суворава ўжо зарэгістравала сваю групу падтрымкі. Яна будзе вылучацца кандыдатам у дэпутаты гарсавету ў Моладзевай выбарчай акрузе № 30. Як кажа Дар’я Суворава, яе ініцыятыўная група налічвае 16 чалавек:

«Ініцыятыўная група — гэта найперш мая сям’я. Па-другое, гэта мае аднаклясьнікі, аднагрупнікі па ўнівэрсытэце, якія мяне з радасьцю падтрымліваюць і гатовыя паспрыяць мне на выбарах».

Юрась Губарэвіч
Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч кажа: ініцыятыўныя групы актывістаў руху пакуль рэгіструюцца «больш-менш нармальна»:

«Мы атрымліваем шмат інфармацыі пра тое, што групы рэгіструюцца. А тыя, хто ўжо атрымаў падпісныя лісты, пачынаюць зьбіраць подпісы. А сям-там нават блізкія да таго, каб сабраць неабходны мінімум».

15 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Жодзінскага гарадзкога савету афіцыйна зарэгістравалі. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў адзін з прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат Аляксандар Ваўчанін:

«Я быў на паседжаньні выбарчай камісіі. Падавалі дакумэнты тры сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да якой і я належу. Усе тры — зарэгістраваныя. Таксама зарэгістравалі прадстаўніка ад стваранай партыі БХД, двух „аўганцаў“ ды некалькі беспартыйных вылучэнцаў з дэмакратычнага кола. Папярэдне былі пададзены 15 заявак на стварэньне ініцыятыўных групаў. І ўсе 15 зарэгістравалі. І нават далі магчымасьць выступіць тым, хто таго пажадаў».

Аляксандар Ваўчанін
Адметна, што на гэтых выбарах подпісы ў сваю падтрымку зьбіраюць ня толькі апазыцыйныя кандыдаты. У прыватнасьці, у тым жа Жодзіне права на гэта атрымалі і галоўны ўрач мясцовай бальніцы, і вайсковы камісар, і вылучэнец ад БелАЗу. Усім ім выдалі пасьведчаньні і падпісныя лісты.

Аляксандар Ваўчанін кажа: тры ініцыятыўныя групы ад АГП маюць намер сабраць разам тысячу подпісаў. Гэта нашмат болей, чым патрэбна для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Але «лішнія» галасы засьведчаць падтрымку насельніцтвам апазыцыйных вылучэнцаў, перакананы спадар Ваўчанін.

Паводле першых назіраньняў удзельнікаў выбарчай кампаніі, на сёлетніх мясцовых выбарах ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ўлады рэгіструюць больш ахвотна, чым на папярэдніх. Аднак казаць, што гэта ўжо стала тэндэнцыяй, пакуль не выпадае — лічбы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у Цэнтральную выбарчую камісію пачнуць паступаць пасьля выходных.

Нягледзячы на такі пачатак рэгістрацыі ініцыятыўных груп Юрась Губарэвіч аптымізму не праяўляе:

Але я думаю, што будзе пэўны паўтор сытуацыі парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Тады пэрыяд збору подпісаў таксама быў адносна спакойны. Аднак у апошнія 5 дзён — датэрміновае галасаваньне і дзень галасаваньня — усё адбывалася, як заўсёды".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG