Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не заплацілі за кватэру? Нацкуюць электронную сыстэму!


Тэлефонныя нумары тых, хто завінаваціўся плату за кватэру, зьбіраюць у Першамайскім райаддзеле жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебску. Цяпер некалькі разоў на дзень ім нагадвае пра запазычанасьць адмысловая электронная сыстэма.

Тым, хто завінаваціўся за два і болей месяцы, даводзіцца выслухоўваць тэлефанаваньні тры разы на дзень: камунальнікі запісалі гукавае паведамленьне, і электронная сыстэма сама набірае нумар даўжніка раз за разам. Ветлівы голас папярэджвае пра неабходнасьць плаціць у тэрмін, а таксама пра магчымыя наступствы, калі гэтага ня будзе — выклік у суд і прымусовае спагнаньне грошай.

У разьліковым цэнтры, які месьціцца на Маскоўскім праспэкце ў Віцебску, паведамілі, што новы сродак узьдзеяньня нейкі плён дае: людзям не даюць забыцца на доўг, і яны ўрэшце прыходзяць плаціць.

Раней супрацоўнікі камунальнай гаспадаркі спрабавалі перавыхоўваць віцебскіх даўжнікоў іншым шляхам: на дзьверы пад’ездаў вывешвалі сьпісы суседзяў-няплатнікаў. А ў райцэнтры Вушачы на “Дошках ганьбы” нават разьмяшчалі пазнавальныя карыкатуры на тых, хто доўга ня плаціць за жытло.

Аднак, кажуць камунальнікі, гэткія захады дзейсныя, толькі калі запазычанасьць адносна невялікая. Калі ж яна складае паўмільёна ці болей, спагнаць яе ўдаецца толькі праз суд, і то часткамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG