Аварыя на Чарнобыльскай АЭС была найцяжэйшай у гісторыі атамнай энэргетыкі. Беларусь прыняла на сябе асноўныя наступствы выбуху. Гэты сайт прысьвечаны прычынам аварыі, яе ахвярам і таму, як Чарнобыль дагэтуль уплывае на жыцьцё людзей.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
Чатыры злачынствы савецкіх уладаў у першыя тыдні пасьля аварыі
Першае паведамленьне аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС зьявілася ў савецкіх СМІ толькі праз 36 гадзін пасьля выбуху – 27 красавіка дыктар прыпяцкай радыётрансьляцыйнай сеткі паведаміў пра збор і часовую эвакуацыю жыхароў гораду.
Толькі 28 красавіка савецкае агенцтва ТАСС перадае кароткае паведамленьне: «На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся няшчасны выпадак. Адзін з рэактараў атрымаў пашкоджаньне. Робяцца захады з мэтай ліквідацыі наступстваў інцыдэнту. Пацярпелым аказана неабходная дапамога. Створана ўрадавая камісія для расьсьледаваньня здарэньня».
Жыхароў пацярпелых раёнаў не папярэдзілі пра небясьпеку і не далі рэкамэндацый, як сябе паводзіць, каб зьменшыць дозу атрыманай радыяцыі.
Ужо 29 красавіка польскія ўлады прынялі рашэньне раздаваць прэпараты ёду ў паўночна-ўсходніх раёнах Польшчы для прафіляктыкі раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. У Савецкім Саюзе такога кроку своечасова не зрабілі.
Радыеактыўны ёд-131 мае пэрыяд паўраспаду 8 дзён і быў асабліва небясьпечны ў першыя месяцы пасьля аварыі. Шчытападобная залоза, асабліва ў дзяцей, назапашвае ёд-131, які прысутнічаў у высокай канцэнтрацыі ў зеляніне і малацэ.
Паводле экспэртаў ААН, зь вялікай імавернасьцю менавіта ёд-131 выклікаў значны рост захворваньняў на рак шчытападобнай залозы сярод тых, хто падчас Чарнобыльскай аварыі быў дзіцем.
У першыя дні пасьля аварыі вецер пераважна дзьмуў у паўночна-ўсходнім кірунку, пагражаючы данесьці радыеактыўныя ападкі да гарадоў Расеі – Варонежу, Масквы, Ніжняга Ноўгараду, Яраслаўлю.
Маёр Аляксей Грушын расказаў у дакумэнтальным фільме тэлеканалу Бі-Бі-Сі, як ён некалькі разоў падымаўся ў паветра над Беларусьсю. Пры дапамозе снарадаў, напоўненых ёдыдам срэбра, ён выклікаў радыеактыўны дождж над тэрыторыяй Беларусі.
Масква заўсёды адмаўляла факт узьдзеяньня на радыеактыўныя хмары. Аднак у сувязі з 20-годзьдзем Чарнобыльскай трагедыі маёр Грушын быў сярод узнагароджаных за праяўленую мужнасьць. Ён кажа, што атрымаў узнагароду менавіта за гэта: «Раён, у якім мая каманда працавала над аблокамі, быў у непасрэднай блізкасьці ад Чарнобылю, і ня толькі ў 30-кілямэтровай зоне, але і на адлегласьці 50, 70 і нават 100 кілямэтраў».
У той час як шматлікія замежныя сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра пагрозу жыцьцю людзей, а на экранах тэлевізараў дэманстраваліся мапы паветраных патокаў ва Ўсходняй Эўропе, у гарадах Савецкага Саюзу 1 траўня ладзілі сьвяточныя дэманстрацыі, прысьвечаныя Дню працы. На той момант людзі ўсё яшчэ ня ведалі, што ў гэтыя дні варта ня есьці зеляніны, ня піць сьвежага малака і як мага радзей выходзіць з дому.
Тагачасны кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў пазьней тлумачыў у інтэрвію часопісу «Оптимист», што ўлады не адмянілі першатравеньскія маніфэстацыі, бо баяліся рэакцыі насельніцтва. «Сапраўды, мы баяліся панікі - вы самі можаце ўявіць сабе магчымыя наступствы масавай панікі ў шматмільённым горадзе! Цяпер ясна, што гэта было памылкай».
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
У зоне радыеактыўнага забруджаньня апынулася больш за 3600 населеных пунктаў, у тым ліку 27 гарадоў, у якіх пражывалі 2,2 млн чалавек — каля пятай часткі ўсяго насельніцтва Беларусі.
Радыеактыўныя ападкі з цэзіем-137 над Эўропай. Мапа на 30 красавіка 1986 году.
Забруджваньне цэзіем-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тысячаў квадратных кілямэтраў).
У лютым 2010 г. у 5-ы «Пералік населеных пунктаў і аб'ектаў, якія адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджваньня» ўваходзілі 2402 паселішчы.
На забруджаных радыенуклідамі землях засталося 1,1 млн. жыхароў (12% насельніцтва Беларусі).
На 1 студзеня 2013 г. забруджанымі цэзіем-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны, у тым ліку 11,1% выкарыстоўваных сельскагаспадарчых земляў і 18,6% лесу.
У выніку чарнобыльскай катастрофы радыяёд (перш за ўсё ёд-131) быў адной з галоўных крыніц апраменьваньня насельніцтва і ўзьдзейнічаў перш за ўсё на шчытападобную залозу. Самымі апрамененымі жыхарамі Беларусі аказаліся дзеці і падлеткі, асабліва дзеці да 7 гадоў.
У параўнаньні з дааварыйным пэрыядам колькасьць выпадкаў раку шчытападобнай залозы пасьля чарнобыльскай аварыі ўзрасла сярод дзяцей у 33,6 разу, сярод дарослых у залежнасьці ад узроставых груп - у 2,5-7 разоў. Найбольшая колькасьць выпадкаў раку шчытападобнай залозы выяўляецца сярод жыхароў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей.
У насельніцтва, якое пражывае на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, рэгіструецца больш высокі ўзровень захворваньня на хваробы нэрвовай і эндакрыннай сыстэмы, злаякасныя наватворы шчытападобнай залозы.
У насельніцтва Беларусі, якое пражывае на тэрыторыях з шчыльнасьцю забруджаньня цэзіем-137 больш за 555 кБк/м2, адзначана ўзрастаньне частаты некаторых прыроджаных парокаў разьвіцьця ў параўнаньні з дааварыйным пэрыядам.
Зь сельскагаспадарчага абароту выведзена 2,64 тыс. кв. км сяльгасугодзьдзяў. Ліквідаваныя 54 калгасы і саўгасы, закрыта дзевяць заводаў перапрацоўчай прамысловасьці. Рэзка скараціліся пасяўныя плошчы і валавы збор сельскагаспадарчых культур, істотна зьменшылася пагалоўе жывёлы.
Значна паменшаныя памеры карыстаньня мінэральна-сыравіннымі і іншымі рэсурсамі. У зоне забруджаньня апынуліся 132 радовішчы розных відаў мінэральна-сыравінных рэсурсаў.
Вялікая шкода нанесеная лясной гаспадарцы. Каля чвэрці ляснога фонду Беларусі было закранута радыеактыўным забруджаньнем.
Шкода, нанесеная краіне Чарнобыльскай катастрофай у разьліку на 30-гадовы пэрыяд яе пераадоленьня, ацэньваецца на 235 млрд. даляраў ЗША, што роўна 32 бюджэтам Беларусі 1985 году.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
«Чарнобыльская малітва. Хроніка прышласьці» – кніга нобэлеўскай ляўрэаткі, беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, прысьвечаная аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Алексіевіч у наступныя пяць гадоў пасьля аварыі апытала прыкладна 500 чалавек, у тым ліку пажарных, ліквідатараў, палітыкаў, лекараў, фізыкаў, журналістаў. Кніга апісвае псыхалягічную і асабістую трагедыю, якой стала Чарнобыльская аварыя, і дасьледуе тое, як гэта паўплывала на жыцьці людзей.
Захаваўся шэраг відэазапісаў інтэрвію, якія Сьвятлана Алексіевіч рабіла для кнігі. Карэспандэнты Радыё Свабода пагутарылі зь некаторымі з герояў Алексіевіч праз 30 гадоў пасьля Чарнобылю.
Сяргей Собалеў
Сяргей Собалеў, былы вайсковец, як і тады працуе ў арганізацыі “Шчыт Чарнобылю”. У сярэдзіне 90-х будаўніцтва храма ў памяць загінулых у Чарнобылі яшчэ толькі пачынался. Сёньня Сяргей Васільевіч сустрэў нас у дзеючай царкве, у сутарэньнях якой знаходзяцца экспанаты “музэю” ў памяць чарнобыльскіх падзеяў. Ён дагэтуль актыўна камунікуе з удзельнікамі ліквідацыі аварыі і іх сем’ямі, праводзіць экскурсіі для дзяцей, і ўсяляк клапоціцца пра тое, каб памяць пра тыя падзеі жыла.
Тацьцяна Ігнаценка
Тацьцяна Ігнаценка, маці Васіля Ігнаценкі, камандзіра пажарнай часткі з Прыпяці. Разьдзел Ігнаценкі першым узьняўся на дах палаючага рэактара. Усе пажарнікі атрымалі сьмяротную дозу апраменьваньня і ў хуткім часе загінулі. Тацьцяна Пятроўна, сям’я якой жыла ў зоне адсяленьня, пераехала ў беларускі горад Беразіно. Яе муж, бацька Васіля, памер у 90-я. Нядаўна Тацьцяна Пятроўна пахавала старэйшую дачку Людмілу, якая памерла ад анкалягічнай хваробы. У 1986-м Людміла была донарам касьцёвага мозгу для брата Васіля, якога намагаліся ўратаваць.
Рыгор Ганчарэнка
Рыгор Ганчарэнка з часе інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч працаваў дырэктарам Гомельскай лябараторыі малекулярнай генэтыкі. Менавіта ён вызначыў ступень пашкоджаньня спадчыннага матэрыялу ў выніку аварыі. Ягоны ўнёсак адзначаны у беларускіх энцыкляпэдыях. Ён і сёньня займаецца тэмай Чарнобылю – узначальвае катэдру заалёгіі, фізіялёгіі і генэтыкі ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны.
Юры Раманаў
Сёньня Юры Раманаў – намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Весьнік Магілёва”. У 1995-м ён быў галоўным рэдактарам газэты “Ратуша” таксама ў Магілёве. Сьвятлана Алексіевіч зьвярнулася да яго, паколькі з 1986 па 1989 год ён працаваў у забруджаным радыяцыяй Слаўгарадзе, што ў Магілёўскай вобласьці.
Галіна Нячаева
Як і ў 1995-м, Галіна Нячаева працуе дырэктаркай Веткаўскага музэя стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Ветка, што за 25 км на паўночны ўсход ад Гомеля, - гэта сталіца стараверскай культуры ў Беларусі. А таму зь перасяленьнем мясцовых жыхароў зьніклі многія ўнікальныя традыцыі.
Анатоль Гатоўчыц
Журналіст Анатоль Гатоўчыц меў некалькі сустрэчаў з Алексіевіч. У 1995 годзе ён працаваў карэспандэнтам “Народнай газэты” па Гомельскай вобласьці. Сёньня ён старшыня гомельскай арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
Краснапольскі раён на Магілёўшчыне моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У відэарэпартажы Свабоды свае гісторыі расказваюць бацька і сын, якія засталіся ў выселенай вёсцы, сьвятар, які вярнуўся ў родныя мясьціны, школьніца, якая хоча зьехаць з раёну, ды іншыя жыхары Краснапольшчыны.
Дзьве траціны тэрыторыі Беларусі пасьля Чарнобылю ў той ці іншай ступені былі заражаныя цэзіем-137. Пэрыяд паўраспаду гэтага элемэнту больш за трыццаць гадоў – у чэрвені 2016 году колькасьць радыеактыўных часьцінак мае зьменшыцца напалову ад часу аварыі. Празь дзесяцігодзьдзі пасьля катастрофы радыяцыя па-ранейшаму ўплывае на жыцьцё людзей.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
У 2006 годзе быў выдадзены навукова-мастацкі альбом «Чарнобыль» — выданьне, якое інфармуе пра саму катастрофу, пра яе экалягічныя, культурныя, чалавечыя і матэрыяльныя наступствы. Гэтая кніга — памяць для тых, хто адчуў бяду на сабе, гісторыя і настаўленьне для ўсяго сьвету.
«Таямнічая Зона – як забаронены плод – вабіла і вабіць многіх. Але толькі адзінкі могуць патрапіць сюды і пабачыць наступствы катастрофы ўвачавідку. Яшчэ меней тых, хто назіраў страшныя падзеі ў першыя гады пасьля аварыі. Фатаграфія аб’ектыўна зафіксавала стан да катастрофы і тыя зьмены, што адбываліся тут на працягу наступных гадоў. Гэта кніга – «сталкер», які вядзе ў глыб Зоны, паказвае яе ранейшы і цяперашні стан, дапамагае зразумець маштаб і ацаніць вынікі...»
Дзяніс Раманюк
Над альбомам працавалі:
Выдавец Дзяніс Раманюк.
Канцэпцыя, укладаньне, мастацкае аздабленьне, Фота і тэкст разьдзелаў Народ і Гісторыя.
Анатоль Кляшчук
Фота і тэкст разьдзелу Чалавек.
Ігар Бышнёў
Фота і тэкст разьдзелу Прырода.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
Што адбываецца з навакольным асяродзьдзем, калі людзі зьнікаюць? Праз трыццаць гадоў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС узрасьлі папуляцыі ваўкоў, ласёў ды іншых дзікіх жывёл у зоне заражэньня ў Беларусі і Ўкраіне. На тысячах квадратных кілямэтраў жывёлы сталі адзінымі насельнікамі і гаспадарамі.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
На чарнобыльскую тэму зьявiлася больш за 500 вершаў, каля двух дзясяткаў паэм, у тым ліку:
Апакаліпсіс па графіку
Кніга “Апакаліпсіс па графіку” Алеся Адамовіча – адна з самых важных беларускіх кніг пра Чарнобыль. Алесь Адамовіч расказвае жахлівую праўду, якую ён зразумеў, калі адразу пасьля катастрофы спрабаваў “дастукацца” да розных інстанцыяў і “выпрасіць” дапамогу для пацярпелых.
Чарнобыльская малітва
Самая вядомая, бадай што, кніга пра Чарнобыль – напісаная на расейскай мове “Чарнобыльская малітва” Сьвятланы Алексіевіч. Кніга ўяўляе сабой збор гісторыяў людзей, чый лёс так ці інакш зачэплены Чарнобылем – гісторыі ліквідатараў, жыхароў зоны адчужэньня, жонкі пажарніка з дружыны, людзі якой трапілі на месца аварыі самымі першымі і першымі ж загінулі ад промневай хваробы, гісторыі тых, чые родныя памерлі ў страшных пакутах, гісторыя маці, у якой дзіця нарадзілася калекам.
Уладзімера Някляева
Паэму “Зона” Уладзімера Някляева можна знайсці ў двух зборніках – у “Прошчы” (1996) і ў “Паэмах” (2010). Паэт спрабуе асэнсаваць Чарнобыль як унівэрсальную праблему, як падзею, якая фактычна зьмяняе сьветапогляд чалавека, асэнсаваць “закон вялікіх лічбаў”, пралічыць які немагчыма, і гэта робіць існаваньне яшчэ больш хісткім, чым яно было раней.
Самы вядомы твор Сяргея Законьнікава пра Чарнобыль – паэма “Чорная быль”, якая выйшла ўвесну 1989 году, праз тры гады пасьля катастрофы. Сяргей Законьнікаў спрабуе адшукаць сувязь паміж гэтымі двума Чарнобылямі і адказаць на пытаньне: як жыць далей, у новых умовах, як выпраўляць свае і чужыя памылкі? Кніга выйшла больш чым пятнаццаць гадоў таму, а праблемы засталіся тыя ж...
Асэнсаваньне катастрофы таксама зачапіла народную творчасьць, фальклёр. Напрыклад, жыхарка адселенай і зьнішчанай вёскі Чудзяны Чэрыкаўскага раёну пяе песьню бяз аўтара:
Мы ў гэтай жа вёсачцы,
У вёсцы Чудзяны,
Расьцілі хлябы і даілі кароў.
Воблака сьмерці
Паднялася к небу.
Атамным пылам пакрыла зямлю.
Тады, пахіліўшы галовы, людзі
Кідалі цябе, дзеравеньку сваю.
Ужо ў 1986 г. сталі пяяцца папеўкі кшталту:
“Перастройка – важны фактар. Першы грымнуўся рэактар”.
“Да 2000-га году многа вымра ў нас народу”
“Ой, што робіцца у сьвеце – дзеці мруць у лазарэце”.
Народныя папеўкі адбіваюць рэаліі тых часоў – страх, боль, хлусьню, але і сарказм, гумар.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
У выяўленчым і прыкладным мастацтве – цыклі карцін Алеся Марачкіна, Міхаіла Савіцкага, Сяргея ДавідовічаЗосіна і іншых.
Абраз «Маці Божая ахвяраў Чарнобылю» мастака Аляксея Марачкіна.
Габэлен народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі разьмешчаны ў адной з заляў штабкватэры ААН у Нью-Ёрку.
Францускі мастак паказаў чарнобыльскую трагедыю ў малюнках (Фота)
http://www.futuropolis.fr/en-avant-premiere-un-printemps-a-tchernobyl-demmanuel-lepage
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
У музыцы – кантата “Зорка “Палын” Дзьмітрыя Даўгалёва.
Да 10годзьдзя аварыі былі запісаныя песьня і кліп “Гомельскі вальс” з удзелам Ігара Варашкевіча і Анатоля Ярмоленкі.
У 2006 годзе да гадавіны аварыі быў выдадзены “Чарнобыльскі вецер” — беларускі супольны музычны праект:
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода
ДЗЬВЕРЫ
Фільм ірляндзкай рэжысэркі Хуаніты Ўілсан «Дзьверы» намінаваўся на атрыманьне прэміі «Оскар» у катэгорыі «найлепшы кароткамэтражны мастацкі фільм». У аснову сюжэту пакладзены «Маналёг пра цэлае жыцьцё, напісаны на дзьвярох» — гісторыя з кнігі «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч.
ГОД САБАКІ
«Год Сабакі» — мастацкі фільм, драма рэжысэра Сямёна Арановіча, вытворчасьці Расеі і Францыі. Былы крымінальнік Сяргей знаёміцца зь Верай — немаладой няшчаснай жанчынай, якая жыве ў інтэрнаце. Пасьля таго, як Сяргей зьдзяйсьняе чарговае злачынства, яны бягуць разам, і па дарозе выпадкова трапляюць у зону, заражаную радыяцыяй. Сяргей вырашае там застацца, але Вера не пакідае яго. У гэты момант у зону наведваюцца трое марадзёраў.
У СУБОТУ
«У суботу» — мастацкі фільм Аляксандра Міндадзэ 2011 году. Дзеяньне фільму адбываецца на працягу аднаго дня. Галоўны герой, «маленькі, амаль мізэрны чалавек», становіцца сьведкам аварыі на ЧАЭС і аказваецца перад маральным выбарам — расказаць пра гэта блізкім, папярэдзіць іх пра небясьпеку або, як патрабуе начальства, ня сеяць панікі. Герой беспасьпяхова спрабуе ўцячы з зоны катастрофы, аднак абставіны аказваюцца вышэй за яго і ён трапляе ў самае пекла.
ЗАБАРОНЕНАЯ ЗОНА (Chernobyl Diaries)
"Забароненая зона" — амэрыканскі фільм жахаў, рэжысэра Брэдлі Паркера. Дзеяньне адбываецца ў Зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС. Слоган фільму: Дзесяць гадоў таму ўрад дазволіў экскурсіі ў «Мёртвы горад». Яны сьцьвярджалі, што гэта бясьпечна... яны памыляліся.
ВЕРЫЦЬ ТОЛЬКІ ВЕТРУ
У фільме Віктара Корзуна галоўная гераіня — дазымэтрыстка прылеглай да зоны адсяленьня вёскі Настасься Пятроўна, ліквідатар. Аўтары фільм наўмысна не называюць прозьвішча жанчыны, вёску і раён, дзе адбываліся здымкі.
ЧАРНОБЫЛЬ. ЗА СЭКУНДУ ДА КАТАСТРОФЫ
Фільм каналу National Geographic — адзін з тых, дзе паступова, крок за крокам разьбіраюцца падзеі той страшнай ночы, камэнтары сьведкаў, а таксама магчымыя прычыны трагедыі — чым была ў свой час Чарнобыльская АЭС для Савецкага Саюзу
ЧАРНОБЫЛЬ 3828
Фільм — успамін аднаго зь ліквідатараў. Што ж за лічба 3828? А гэта тая колькасьць людзей, якія ў 1986 годзе змагаліся з наступствамі выбуху на Чарнобыльскай станцыі і ахвяравалі жыцьцём.
БІТВА ЗА ЧАРНОБЫЛЬ
Дакумэнтальны фільм каналу Discovery — гісторыя, адноўленая з архіўных запісаў, фотаздымкаў і камэнтароў сьведкаў і адмыслоўцаў, у якой расказваецца пра нечалавечыя ўмовы, што былі пастаўлены перад ліквідатарамі і «біяробатамі» — людзьмі, што працавалі падчас ліквідацыі наступстваў станцыі.
CHERNOBYL UNCENSORED
Дакумэнтальны фільм пра аварыю на ЧАЭС і ліквідацыю наступстваў. Рэдкія кадры.
ЧАРНОБЫЛЬ. ЛІКВІДАТАРЫ
Караткамэтражны фільм, менш за 5 хвілінаў, у якім паказваецца гераічны вычын людзей, што працавалі пасля аварыі на ЧАЭС, гэта людзі, якія зрабілі тое, што нават тэхніцы і сучасным, на той час, робатам было зрабіць не пад сілу.
КРЫНІЦЫ: Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, Associated Press, BBC, chernobyl.info, OSA Archivum, Reuters.
© 2016 Pangea Digital, Радыё Свабода