Форум

Алесь Ліпай


21.11.2007

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, пад час вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай сьценгазеты “Лірнік”. У 1991-м годзе, цягам працы ў газэце “Знамя юности”, вёў беларускамоўную старонку “Родны склон”. Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі, пад якой паставілі подпісы Біл Клінтан і Станіслаў Шушкевіч. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш за тысячу кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

Першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Беларусі. У чэрвені 1996 года, пад час аперацыі па вызваленьню дзяцей, узятых у заложнікі тэрарыстам у дзіцячым садку, браў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу на сябе. Стваральнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Аўтар праекту самай папулярнай у краіне інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” (www.naviny.by). Дзейнасьць інфармацыйнай кампаніі БелаПАН высока ацэньваюць у Беларусі і за мяжой. Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН – адзіны беларускі ўдзельнік міжнароднага праекта «CEE-BusinessLine» – «Стужкі эканамічных навін з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага – «За мужнасьць і прафэсіяналізм", як "пацвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафесіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названа лаўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса "Маладая прэса Усходняй Эўропы". У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта «Белорусские новости» атрымалі «Прэмію Рунета» – у намінацыі Рунет за межамі Ru».

На прыканцы 1980-х гадоў - удзельнік Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Зараз – сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЕН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі “Пад сьнегам” выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта".

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-13 (з 13)
 
Імя:: Ананім
20.11.2007 18:55

Здравствуйте, Алесь! Хочу поинтересоваться насчет публикаций Александра Зимовского на сайте naviny.by. Чья это вообще была инициатива? Хотя я по своим взглядом и являюсь противником господина Зимовского, но мне кажется, что будет просто замечательно, если он продолжит публиковаться и дальше. Мало того, я был поражен этим человеком, когда он активно парировал коментарии посетителей. Каковы вообще его впечатления? Что он вообще думает о свободном общении в интернете? Вообще думаю что для сайта было бы очень хорошим плюсом, чтобы какие-нибудь известные личности, в том числе и противоречивые, вели что-то наподобие личных блогов. Юрий, Минск

21.11.2007

Ініцыятарам праекту “Мнение” ў інтэрнэт-газеце “Белорусские новости” быў я. Такім чынам рэдакцыя плянавала пазнаёміць чытачоў з меркаваньнямі вядомых беларускіх журналістаў, незалежна ад іхніх палітычных поглядаў, датычна падзей у краіне. Трэба памятаць, што за кожным зь іх стаяць нашыя суайчыньнікі, якія лічаць гэтаксама. І мы не бярэм на сябе функцыю судзіць, чыё меркаваньне ісьціна, а чыё – не. Хутчэй, перадаручаем рабіць такія высновы чытачам. Просячы не забывацца, што яны таксама ня маюць манаполіі на ісьціну ў апошняй інстанцыі.

Плянуючы гэты праект, мы таксама выбіралі паміж формай блогаў, якая зараз заваёўвае інтэрнэт, і аўтарскіх калонак. Урэшце спыніліся на гэтай форме, уласьцівай традыцыйнай журналістыцы, бо яна больш за блёгі дысцыплінуе аўтараў, не дазваляючы абмяжоўвацца адпіскамі.

Што думае спадар Зімоўскі пра зносіны ў інтэрнэце, а таксама пра ягоныя ўражаньні ад удзелу ў нашым праекце, -- лепш запытацца ў самога калумніста. Але, мяркуючы па ягоным актыўным удзеле ў навінаўскім форуме, ён не баіцца зьяўляцца ў крытычна настроеным асяродку, і выконваць там ролю хлопчыка для біцьця – таксама. Наадварот, можа і ў накаўт паслаць :-)


Імя:: Ананім
20.11.2007 19:30

Ци хацелі б зараз вярнуцца працаваць на Радыё Свабода?

21.11.2007

О, гэта як нельга двойчы ўвайсьці ў адну рэчку! Ды й што стане з маімі цяперашнімі журналісцкімі праектамі, покуль я буду здраджваць ім з былой каханкай?! :-)


Імя:: Ананім
20.11.2007 19:43

Глядзеў неяк прэсканферэнцыю Лукашэнкі і бачыў як вы перад ім прыніжаліся выпрошваючы ў дыктатара дазвол на адкрыццё радыёстанцыі. Вам не сорамна было? Ці гэта нармальны стан беларускай недзяржаўнай журналістыкі поўзаць на пузе перад чыноўнікам і казаць "мы ж харошыя". віктар верамейчык, Гародня

21.11.2007

Шкада, што Вы гэтак неадэкватна ацанілі маё пытаньне на той прэсавай канфэрэнцыі. Я, нагадаю, ўздымаў пытаньне пра праблемы з доступам незалежных СМІ да інфармацыі і пра тое, што Міністэрства інфармацыі фактычна прыпыніла рэгістрацыю новых сродкаў масавай інфармацыі, на прыкладзе нашай радыёстанцыі гаварыў пра чыноўніцкія перашкоды і невыкананьне існуючых законаў. Як Вы маглі пачуць у гэтым выпрошваньне дазволу? І ці ня сорамна Вам за хлусьню?

Поўзаць на пузе – гэта ня проста ненармальны стан для любой журналістыкі, але і нязручна. Ня раю нават спрабаваць, бо перапэцкаецеся.


Імя:: Ананім
20.11.2007 23:49

Назавіце, калі ласка 5 найлепшых беларускіх журналістау на вашу думку.

21.11.2007

На маю думку, іх нашмат больш. Таму нават ня буду займацца гэтай сізіфавай працай.


Імя:: Ананім
21.11.2007 08:57

Што было для ас самым цяжкім у пачатку працы першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва? І калі больш складанасьцяў - у пачатку працы ці цяпер?

21.11.2007

Бадай што самым цяжкім было зразумець, за якую грувасткую справу я ўзяўся. А складанасьцяў больш зараз, бо ўрэшце я гэта разумею:-)


Імя:: Ананім
21.11.2007 08:58

Як Вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі кадраў на факультэце журналістыкі БДУ ў ваш час і цяпер? Ці можна ўвогуле навучыць журналістыцы?

21.11.2007

Як нізкі – і тады, і цяпер. На жаль, тое, што казалі мне, студэнту журфаку, напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў рэдакцыях газэт, зараз і я паўтараю практыкантам з факультэта: “Забудзьцеся, чаму Вас вучылі там, і слухайце сюды...”


Імя:: Ананім
21.11.2007 09:06

Вам не кажется, что у госпадина Зимовского достаточно возможностей для самовыражения и защиты существующего режима и без того, чтобы ему ещё давать площадку на сайте Вашего агентства? Ткие люди, как Зимовский, самым рямым образом содействовали подавлению демократии и должны будут понести за это ответственность.

21.11.2007

Наяўнасьць ці адсутнасьць у Аляксандра Зімоўскага магчымасьцяў для абароны рэжыму ніякім чынам не ўплывае на рэалізацыю маіх праектаў. Ідэю праекта “Мнение” ў інтэрнэт-газэце “Белорусские новости” я ўжо тлумачыў. Ягоная калёнка, дарэчы, - адна з самых чытэльных. Ня бачу падстаў дзеля таго, каб аддаваць перавагу чытачам, якія не жадаюць бачыць ягоныя матэрыялы ў нашай газэце, перад тымі, хто хоча іх тут чытаць. Тым болей, што ў Вас заўжды застаецца права не чытаць аўтараў, якія Вам не даспадобы.


Імя:: Ананім
21.11.2007 10:55

Алесь, ці вы зусім адзін стваралі БелаПАН ці хто-небудзь вам дапамагаў? У якім годзе гэта было? Дзякуй. Юры

21.11.2007

Было гэта ў 1991 годзе, і дапамагалі мне некалькі чалавек: Валерыя Іванова, Зоя Галубнічая, Віталь Цыганкоў. Карыстаюцся і гэтай магчымасьцю, каб яшчэ раз сказаць ім дзякуй.


Імя:: Ананім
21.11.2007 11:34

Спадар Алесь. Як Вам удалося прыцягнуць да супрацы такую асобу як Аляксандар Зімоўскі? Якія ў яго ганарары, ці ён працуе з-за любові да БелаПАНу? Калі нельга назваць дакладную лічбу, то гэта больш ці менш за ганарары астатніх калумністаў. Як Вы ўвогуле ацэньваеце пасьпяховасьць праекту "Мнение"? На маю думку, бачна, што цікавасьць ужо сыйшла, а аўтары грашаць абсалютным самапаўторам. Як доўга рубрыка яшчэ будзе існаваць?

21.11.2007

Прыцягнуць Аляксандра Зімоўскага да ўдзелу ў праекце “Мнение” было нескладана: я прапанаваў, ён – пагадзіўся. Ад ганарараў ён адмовіўся. Пра любоў да БелаПАНу нічога не казаў.

Увогуле праект лічу пасьпяховым. Ён і разнастаіў аўтарскі склад, і стаў своеасаблівым рэклямных ходам. Дастаткова сказаць, што менавіта матэрыялы з рубрыкі “Мнение” зараз больш за астатнія абмяркоўваюцца на нашым форуме. І, калі браць пад увагу гэты паказчык разам з колькасьцю чытачоў гэтай рубрыкі, то цікаўнасьць не проста не сышла, але яшчэ і не дасягнула свайго піку. Як доўга будзе існаваць гэтая рубрыка, пакуль цяжка сказаць. Адзінае, што для мяне відавочна, - час ад часу яна будзе крыху перайначвацца.


Імя:: Ананім
21.11.2007 11:41

Назваіце пяцёрку лепшых беларускіх журналістаў (акрамя тых, хто працуе ў Белапане:-)

21.11.2007

Выбачайце, без белапанаўцаў ня мае сэнсу. Гэтых людзей крыўдзіць нікому ня дам! :-)


Імя:: Ананім
21.11.2007 11:42

Добры дзень, спадар Алесь. Прачытаў вашу біяграфію.Вы вельмі цікавы чалавек. Асабліва ўразіў той эпізод, калі Вы ратавалі нашых дзетак ад тэрарыстаў. Ці не было Вам страшна ў той момант стаяць пад рулямі пісталетаў? Распавядзіце, калі ласка, пра свае ўражаньні. Я недзе чуў, што пра расійскага доктара Рашаля, які хадзіў да тэрарытсаў на Дуброўку, ужо зьнялі фільм. Можа варта і пра Ваш гераічны ўчынак таксама зьняць кіно. Напрыклад, для "Белсата"? Зьміцер Гладкоў, пэнсіянэр, Менск.

21.11.2007

Дзякуй за добрыя словы. Але прашу не перабольшваць. Гэта было далёка ад героікі. Дзетак не ратаваў, а толькі дапамагаў. Руляў пісталетаў не было, а была выбуховая прылада. Запрасілі мяне дапамагчы, дарэчы, як карэспандэнта Радыё Свабода, бо толькі зь ім захацеў гаварыць “тэрарыст”. Адчуваў варатак у крыві, але ня мог пазбавіцца і журналісцкіх дрыжыкаў: вось яна, тэма! Страху не было, мо з вышэй названых прычын. Ды і мне належыць яшчэ разабрацца, хто стаяў за відавочна хворым “тэрарыстам”...


Імя:: Ананім
21.11.2007 12:21

Алесь, чем закончилась идея создания информационной FM-станции? Виталий, Минск

21.11.2007

Пакуль нічым. Частату, якую Мінсувязі распрацавала для нас, не выстаўляюць на конкурс. А бяз гэтага ліцэнзіі на вяшчаньне не даюць.


Імя:: Ананім
21.11.2007 13:17

Большое спасибо БелаПану за поддержку в период избирательной кампании (Парламенсткие выборы 2004г.) Экс.кандидат в дерутаты Светлана Пономарёва

21.11.2007

Няма за што. Мы проста выконвалі свае журналісцкія абавязкі.

Камэнтары 1-13 (з 13)