У Віцебску на канцэрт вядомага ўкраінскага гурту «Акіян Эльзы» гледачоў не пускаюць з украінскімі стужкамі.
У тых, хто спрабуе прайсьці з жоўта-блакітнымі стужкамі ў залю, перапісваюць асабістыя дадзеныя.
«Мяне на канцэрт «Акіяна Эльзы» не прапусьцілі з украінскімі стужкамі і перапісалі інфармацыю са студэнцкага і адрас. Я паспрабавала паклікаць журналістку, за што мяне схапілі пад локаць, папрасілі выдаліць фатаздымак і не здымаць. Як кажуць ахоўнікі, «з атрыбутыкі можна толькі партрэты артыстаў», — распавяла Свабодзе адна з глядачак.
Адзін з гледачоў паспрабаваў перад сцэнай разгарнуць украінскі сьцяг, але ахоўнікі яго вырвалі. Публіка адрэагавала на гэта сьвістам.
Лідэр гурту Сьвятаслаў Вакарчук у канцы канцэрту падзякаваў за падтрымку, якую беларусы аказваюць Украіне. Гурт некалькі разоў выклікалі «на біс», але калі Вакарчук сказаў гэтыя словы, дык пасьля наступнай песьні адразу ўключылі сьвятло.
«Акіян Эльзы» выступае з канцэртамі ў Беларусі — у Гомелі, Віцебску, Гародні і Берасьці. Яны выступаюць з праграмай, якую ня так даўно прэзэнтавалі ў Менску з нагоды свайго 20-годзьдзя.