Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдар Мірзаянаў. Партрэт на фоне кратаў


Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.


У кожнага чалавека ёсьць свой час, каб жыць. Час жыцьця ў кожнага чалавека свой. Гэта можа быць час, каб існаваць. Ён можа стаць часам, каб жыць: пазнаваць, зьмяняцца і зьмяняць...

Фёдар нарадзіўся ў беларускім горадзе Баранавічы ў інтэрнацыянальнай сям'і за год да распаду СССР. Яшчэ ў дзяцінстве, даведаўшыся ад бацькоў пра магчымасьць самастойнага выбару нацыянальнай прыналежнасьці (маці — беларуска, бацька — татарын), маленькі Фёдар з гонарам заявіў: "Я — беларус!".

Яшчэ ў дзяцінстве, даведаўшыся ад бацькоў пра магчымасьць самастойнага выбару нацыянальнай прыналежнасьці (маці — беларуска, бацька — татарын), маленькі Фёдар з гонарам заявіў: "Я — беларус!"
З малодшага школьнага ўзросту захапіўся чытаньнем. Пазьней улюбёным аўтарам стаў Леў Гумілёў, сын Ганны Ахматавай і Мікалая Гумілёва, які доўгі час правёў у сталінскіх засьценках. Гумілёў дапамог Фёдару пазнаць, як нараджаюцца і паміраюць этнасы. Улюбёныя кнігі "Канец і зноў пачатак", "Каб сьвяча ня згасла" пасьля арышту зьмянілі прапіску і з пакою пераехалі ў СІЗА на Валадарскага. Дадому яны ўжо ня вернуцца: ёсьць такі спосаб папаўняць турэмную бібліятэку. "Этнагенэз і біясфэра Зямлі" ды іншыя кнігі любімага аўтара чакаюць Фёдара ў хаце.

У старэйшых клясах гімназіі Фёдар уключыўся ў алімпіядны рух: удзельнічаў у гарадзкіх, абласных, рэспубліканскіх алімпіядах па гісторыі, інфарматыцы, геаграфіі. Па гісторыі ён быў першым у горадзе і вобласьці, і гэта невыпадкова. Прадзед Іван, удзельнік Другой усясьветнай вайны, любіў распавядаць пра герояў і бітвы. Ідэалам прадзеда быў Тадэвуш Касьцюшка, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. Сваё імя дзед Фёдара, дый пазьней сам Фёдар атрымалі дзякуючы захапленьню гісторыяй. "Імёны "Тадэвуш", "Тодар", "Фёдар" сугучныя. Назавем сына Фёдарам", — прапанавала прабабка Сьцепаніда. У 1990 годзе мы назвалі Фёдарам і свайго сына.

Прачытаўшы шмат сур'ёзных кніг, паразмаўляўшы з разумнымі пэдагогамі, Фёдар досыць рана зразумеў, як шмат у гісторыі памылак, фальсыфікацыяў, фантазій людзей. Кніга Я.Габовіча "Гісторыя пад знакам пытальніка" крыху прыглушыла яго цікавасьць да гісторыі. У 10-й клясе сын сур'ёзна захапіўся эканомікай. Пачалося ўсё з кнігі "Эканамічны лад мысьленьня" П.Хэйке, П.Боўтке і Д.Прычытка, якую яму прывёз тата. Яна надоўга стала настольнай кнігай Фёдара. Прачытаўшы яе, як потым прызнаўся мой сын, ён пачаў задумвацца над роляй дзяржавы ў грамадзтве і роляй рынку, прычынамі багацьця і беднасьці людзей, даведаўся пра існаваньне розных эканамічных сыстэм. Фёдар зрабіў свой прафэсійны выбар — паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, спэцыяльнасьць — "эканамічная кібэрнэтыка". Паступіў на бюджэтнае аддзяленьне з самым высокім балам — 340.

Ужо студэнтам захапіўся тэорыямі заснавальніка новааўстрыйскай школы Людвіга фон Мізэса, яскравага прадстаўніка лібэралізму, прыхільніка тэорыі неўмяшаньня дзяржавы ў эканоміку.

У Фёдара шмат прыяцеляў і сяброў. Аднакурсьнік Яўген Парыж прызнаўся, што, калі размаўляеш зь Фёдарам, складаецца ўражаньне, быццам гэта не аднагрупнік, аднагодак, а экспэрт, чые веды грунтуюцца на багатым жыцьцёвым досьведзе, высновы вывераныя, узважаныя. Пры ўсёй глыбіні і сур'ёзнасьці — незвычайны аптымізм, маральныя прынцыпы, бескампрамісная жыцьцёвая пазыцыя, прынцыповасьць. Гэта сапраўдны чалавек і надзейны сябра.

За час знаходжаньня ў СІЗА я навучыўся жыць на адным квадратным мэтры плошчы, ужывацца з суседзямі, пачуваючы сябе цалкам камфортна, бегчы на месцы на "бегавой дарожцы" паўгадзіны ў дзень, па-філязофску ставіцца да рэчаіснасьці
Адразу ж пасьля арышту Фёдара аднагрупнікі правялі сход і зьвярнуліся з просьбай зьмяніць Фёдару меру стрыманьня, вызваліць яго з-пад варты. Студэнты ўзгадалі, як Фёдар арганізоўваў паходы ў Вязынку і Стоўпцы, на радзіму Купалы і Коласа. Як выдатна вучыўся, паказваў сябе на занятках па эканамічных дысцыплінах, марыў завяршыць адукацыю ў "наргасе" і ўсе сілы ўкласьці ў разьвіцьцё эканомікі Беларусі. Студэнты ўзгадалі і такі ўчынак Фёдара: летась ён падабраў хворае бяздомнае кацяня і вылечыў яго ад лішая, хоць вэтэрынары рэкамэндавалі кацяня ўсыпіць.

Зараз Пушысьцік стаў улюбёнцам сяброў Фёдара. Яны штотыдзень наведваюць нашу сям'ю, гэта стала ўжо традыцыяй. Іх візыты — вельмі моцная эмацыйная падтрымка для ўсіх нас.

Па сутнасьці, пасьля сьнежаньскіх падзеяў 2010 году ў Беларусі атрымаў актыўнае разьвіцьцё "тымураўскі рух", калі моладзь добраахвотна бярэ шэфства над людзьмі, чые блізкія знаходзяцца за кратамі. Гэтая падтрымка сапраўды дапамагае...

Зь лістоў Фёдара на волю: "Ва ўсяго ёсьць пачатак і ёсьць канец. Вось і прырода гэта цьвердзіць ва ўнісон са мной. Сёньня — першы вясновы дзень. Сонейка сьвеціць у маленькім дворыку СІЗА, як на пляжы. Змрочныя дэкарацыі СІЗА я хутка памяняю на свабоду. Можна заплюшчыць вочы, падумаць... За час знаходжаньня ў СІЗА я навучыўся жыць на адным квадратным мэтры плошчы, ужывацца з суседзямі, пачуваючы сябе цалкам камфортна, бегчы на месцы на "бегавой дарожцы" паўгадзіны ў дзень, па-філязофску ставіцца да рэчаіснасьці. Я ведаю дакладна, што не зьмянілася ўва мне: уяўленьні пра тое, што адбываецца ў краіне".

Людміла Мірзаянава, маці Фёдара

Фёдар Мірзаянаў нарадзіўся 9 сьнежня 1990 году ў Баранавічах. Скончыў гімназію, у 2008 годзе паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "эканамічная кібэрнэтыка". Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата на прэзыдэнта Яраслава Раманчука. Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў адміністратыўны арышт тэрмінам 15 сутак у сьледчым ізалятары ў Жодзіне. Потым здаў чатыры залікі і тры іспыты.Апошні іспыт павінен быў здаць 25 студзеня, але раніцай яго затрымалі. Фёдару Мірзаянаву было выстаўлена абвінавачаньне па арт. 293, ч. 1 і 2 Крымінальнага кодэксу ("Масавыя беспарадкі"). Цяпер ён пад вартай у СІЗА па вул. Валадарскага. Ні ў якіх партыях і рухах ня ўдзельнічаў, палітыкай не займаўся.



Усе партрэты на фоне кратаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG