Народжаны 110 гадоў таму Аляксандар Орса — з тых нашых суайчыньнікаў, якія сваім жыцьцём увасабляюць пасіянарнасьць старажытнай беларускай Наваградчыны.
Вярнуўшыся зь Першай усясьветнай вайны ў рангу капітана, ён адразу ўлучаецца ў нацыянальны рух: настаўнічае ў беларускай школцы, зьяўляецца прадстаўніком сваёй воласьці пры разьмеркаваньні харчовай дапамогі ЗША пацярпелым ад вайны, актыўнічае ў выбарчай кампаніі 1922 году, калі беларусы ў Наваградзкай акрузе атрымліваюць тры пасольскія месцы ў Сойме і адно — сэнатарскае.
З Прагі, дзе Аляксандар вучыўся на прыродазнаўчым факультэце Карлавага ўнівэрсытэту, ён вяртаецца з ступеньню доктара навук і з жонкаю Натальляй, сваёй колішняй суседкай, якая таксама здабывала навуку ў чэскай сталіцы. Орсы працуюць у Наваградзкай беларускай гімназіі, дзе польская дзяржава плаціць заробкі толькі чатыром з двух дзясяткаў настаўнікаў. Гэтыя чацьвёра, у ліку якіх доктар Орса, дзеляць свае грошы на ўсіх калегаў.
І за саветамі пасьля верасьня 1939-га, і за немцамі, і ў ЗША ягонае жыцьцё было зьвязанае з школьніцтвам. Але сваё найяскравейшае выяўленьне пэдагагічныя здольнасьці Орсы знайшлі, калі ён займаў пасаду дырэктара славутай Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне — вучэльні, якая выхавала эліту нашае паваеннае эміграцыі.
Сярод гімназістак была малодшая дачка Орсаў Ала, у будучыні — прафэсар хіміі Нью-Ёрскага гарадзкога ўнівэрсытэту і знаны навуковец, а ў беларускім сьвеце — шматгадовая мастацкая кіраўніца танцавальнага ансамблю “Васілёк”, стваральніца Культурна-адукацыйнай фундацыі Орса-Рамана, удзельніца практычна ўсіх ініцыятываў беларускай эміграцыі.
Спадарыня Ала памятае, як у доме ейных бацькоў ужо за акіянам, у 1950 годзе, адбылося ці ня першае ў Нью-Ёрку сьвяткаваньне 25 сакавіка. "Тата заўсёды пасылаў мяне кудысьці вучыцца",— з удзячнасьцю прыгадвае яна.— "А калі недзе сьпявалі беларускія песьні, ён адразу плакаў, а я, як была меншая, саромелася".
На надмагільным помніку Аляксандру Орсу на беларускіх кладах парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансвіку напісана: “Змагару за волю Беларусі, Настаўніку...”