Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: Украінскія ўцекачы ня будуць абцяжарваць беларускую эканоміку


За 10 месяцаў у Беларусь прыбыло 50 тысяч уцекачоў з Украіны. Толькі ў студзені 2015 году з раёну баявых дзеяньняў у Данбасе прыехала больш за 2,5 тысячы чалавек.

Гэтыя лічбы агучыў 6 лютага начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

Аляксей Бягун удакладніў, што ўсе тры цэнтры часовага пражываньня, якія працуюць у Беларусі, цяпер запоўненыя. У іх знаходзяцца пераважна ўкраінскія грамадзяне:

«Пачынаючы ад красавіка 2014 году, Беларусь сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай прыбыцьця ўцекачоў з Украіны. І ня толькі з мэтай прадпрымальніцкай дзейнасьці альбо сталага месца жыхарства. А таксама дзеля атрыманьня статусу ўцекача, прыстанішча, дый наагул ратуючыся ад баявых дзеяньняў.

Толькі летась органы МУС зафіксавалі блізу 50 тысяч украінцаў. Частка атрымала дазвол на часовае пражываньне, частка — на сталае. А больш за 600 чалавек атрымалі ў Беларусі дадатковую дапамогу, бо яны прыбылі з тых рэгіёнаў, дзе праходзяць баявыя дзеяньні».

Аляксей Бягун таксама падкрэсьліў: сярод тых, хто пераехаў з Украіны, дастаткова людзей, якія парушаюць правіла аб знаходжаньні 90 сутак у Беларусі без рэгістрацыі. Але з улікам спэцыфікі сытуацыі ва Ўкраіне, з улікам таго, што гэтая дзяржава — бліжэйшая суседка Беларусі, беларускі МУС ставіцца да іх памяркоўна:

«Мы ня лічым іх нелегальнымі мігрантамі, разглядаем толькі як парушальнікаў беларускага заканадаўства. Як правіла, іх не дэпартуюць і не выдвараюць зь Беларусі, асабліва з улікам таго, што яны прыбылі з зоны баявых дзеяньняў. Фактычна ім раім узаконіць сваё знаходжаньне на нашай тэрыторыі. Летась дэпартавана ўсяго 200 украінскіх грамадзянаў, а яшчэ 84 высланыя. Але высланыя — гэта пераважна асобы, якія адбывалі пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі за крымінальныя дзеяньні».

Украінскія ўцекачы ня будуць абцяжарваць беларускую эканоміку, — лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Пераяжджаюць пераважна сем’ямі, зь дзецьмі. Звычайна пераяжджаюць мацнейшыя, больш энэргічныя, больш адукаваныя. А ў падвалах сядзяць і чагосьці чакаюць пераважна пэнсіянэры. Гэта для нас, безумоўна, пазытыў.

У Беларусі шмат вёсак, якія фактычна пустуюць. Шмат аграгарадкоў, дзе людзі могуць працаваць. І гэта таксама нармальна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG