Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шашлычная імя Струвэ». Пад эгідай ЮНЭСКА


Вёска Тупішкі на Ашмяншчыне некалькі гадоў таму трапіла ў зону інтарэсаў ЮНЭСКА.

Дакладней, не самі вясковыя пабудовы, якія наўрад ці ўяўляюць вялікую гістарычную каштоўнасьць нават для краязнаўцаў, а лясное ўзвышша, дзе знойдзены і мэмарыялізаваны адзін з элемэнтаў знакамітай геадэзічнай Дугі Струвэ, закладзены яшчэ ў 1825 годзе. Праўда, мала зразумелая сутнасьць цагляных кубоў ды драўляных трыногаў не выклікае асаблівага піітэту ў мясцовых насельнікаў: у абсталяваных альтанках моладзь смажыць шашлыкі ды падтанцоўвае пад расейскую папсу, якая даносіцца з прыпаркаваных тут жа машынаў.

Дуга Струвэ небеспадстаўна лічыцца самым вялікім геадэзічным прыстасаваньнем, вядомым чалавецтву. Пабудова пачалася амаль 200 гадоў таму — у 1816-м — і вялася цягам наступных 40 гадоў. Апошні куб быў закладзены ў зямлю ў 1855 годзе.

Гіганцкі ланцуг з 265 геадэзічных пунктаў расьцягнуўся больш чым на 2800 кілямэтраў ад Паўночнага Ледавітага акіяну да Чорнага мора, па тэрыторыі 10 цяперашніх дзяржаў — Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Малдовы і Ўкраіны. Адзіная, але глябальная мэта праекту — дакладна вызначыць форму і памер плянэты Зямля. Што з посьпехам і зрабіў расейскі астраном і геадэзіст нямецкага паходжаньня, акадэмік Санкт-Пецярбурскай Акадэміі навук Фрыдрых Георг Вільгельм Струвэ, імя якога было прысвоена ўсяму маштабнаму праекту. Унікальнасьць тых дасьледаваньняў пацьвярджаюць і сучасныя навукоўцы, узброеныя касьмічнымі здымкамі. Адметна, што з улікам часовых зьменаў рэльефу мясцовасьці розьніца паміж цяперашнімі і тагачаснымі вымярэньнямі мэрыдыяну склала крыху больш за 3 сантымэтры.



Беларусь у адзначэньні эпахальнасьці Дугі Струвэ займае асаблівае месца. Са згаданых 265 пунктаў — закапаных у зямлю каменных кубоў памерам 2×2 мэтры — захаваліся ўсяго 34. Дык вось, 19 зь іх знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У 2005 годзе на хадайніцтва ўрадаў 10 краінаў, праз якія пралягае гэты геадэзічны ланцуг, Дуга Струвэ атрымала статус помніка Ўсясьветнай спадчыны. У сьпісе ЮНЭСКА і 5 беларускіх геаграфічных прадстаўнікоў — тры на Берасьцейшчыне і два на Гарадзеншчыне.

Аднак падаецца, што да высокага статусу беларускіх пунктаў Дугі Струвэ, адзначаных гранітнымі знакамі з указаньнем іх геаграфічных каардынатаў, стаўленьне збольшага раўнадушнае. Паколькі яны збочаныя ад вялікіх дарогаў і да некаторых досыць праблематычна даехаць, што не спрыяе турыстычнай актыўнасьці, іх функцыянальнае прызначэньне паступова зьмяняецца. Прыкладам, агляд геадэзічнага «мэмарыялу» у Тупішках Ашмянскага раёну давялося весьці пад акампанэмэнт расейскай папсы, што на ўсю моц вывальвалася з салёну прыпаркаванага тут жа «Аўдзі». Пасажыры ў гэты час накрывалі «паляну» у альтанцы, чакаючы, калі дойдзе да кандыцыі шашлык. А можа геадэзічны аб’ект не такі ўжо і важны помнік, каб глядзець на яго з замілаваньнем? Пытаньне да сябра Беларускага геаграфічнага таварыства Валянціна Яцухны:

«Аб’ект мае надзвычай высокі статус, ён занесены ў сьпіс ЮНЭСКА. Проста дастаткова згадаць, што беларускіх аб’ектаў у сьпісе ЮНЭСКА ўсяго чатыры: Мірскі замак, Нясьвіж, Белавеская пушча і Дуга Струвэ. Таму, яшчэ раз паўтараю, статус надзвычай высокі. Я ня ведаю, як на гэта глядзяць мясцовыя органы. Яны першыя павінны ведаць, што там творыцца на гэтым месцы. Таму думаю, што найперш раённыя органы мусяць наглядаць, каб там усё было прыстойна. Бо гэта, без перабольшаньня, мае для нас вялізнае значэньне. Такой колькасьці пунктаў, якая захавалася на тэрыторыі Беларусі, няма ні ў адной іншай краіне. Магчыма, некаторыя складана знайсьці з-за часу, які ўжо мінуў, некаторыя зьнішчаныя падчас войнаў. Але наяўныя адрасы павінны нагадваць, што яны ўключаныя ў сьпіс ЮНЭСКА як Усясьветная гісторыка-культурная спадчына».

Тым больш, жыхары таго ж Ашмянскага раёну могуць ганарыцца, што маюць да ўсясьветнай спадчыны, увекавечанай ЮНЭСКА, ня толькі апасярэдаванае дачыненьне. Дакладна вядома, што ў адказнай навуковай экспэдыцыі браў удзел і нараджэнец Ашмяншчыны — географ і геадэзіст Іосіф Ходзька.

Але як у адсутнасьць дакладных прыстасаваньняў, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў аэраграфіі, напачатку ХІХ стагодзьдзя ўдалося з такой дакладнасьцю вызначыць патрэбныя каардынаты? Гаворыць прафэсар Валянцін Яцухна :

«Гэта так званыя трыгалянцыйныя пункты, якія ўсталёўваліся, замацоўваліся на мясцовасьці: да іх прывязваліся вельмі дакладныя каардынаты. І ўжо ад іх вёўся адлік усіх геаграфічных каардынатаў. Справа была зроблена сапраўды вялізная, бо, нягледзячы на нібыта рэгіянальны характар дасьледаваньняў, яны мелі ўсясьветнае значэньне. Цяпер можна казаць, што тагачасныя геадэзічныя прыстасаваньні ў сваёй дэталёвасьці не саступалі цяперашняй тэхніцы. Канечне, асаблівая заслуга ў гэтым праекце належыць акадэміку Струвэ. Вялікі, выдатны вучоны, вучыўся ў Дэрпцкім, цяперашнім Тартускім унівэрсытэце. Прыроджаны геадэзіст, астраном у поўным сэнсе гэтага слова. Дзякуючы перадусім ягоным высілкам усё так дэталёва аказалася прывязана да мясцовасьці. Таму ня толькі ва ўсясьветнай, у нашай гісторыі гэта мае важнае значэньне — найперш, для разуменьня беларусамі парадку аховы культурнай і гістарычнай спадчыны чалавецтва».



Ўва ўсіх 10 краінах ўнесеныя ў сьпіс ЮНЭСКА пункты геадэзічнай Дугі Струвэ адзначаныя памятнымі знакамі. У Беларусі — гэта паўтарамэтровыя чорныя гранітныя стэлы, упрыгожаныя зьверху 100-кіляграмовым «глёбусам Беларусі» — шарам з контурамі краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG