Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары 2010: як крэатыўна прадаць кандыдата?


Уладзімеры Някляевы. <br>Фота — Міхаіл Ермалюк
Уладзімеры Някляевы. <br>Фота — Міхаіл Ермалюк
«Кастусёў альбо сьмерць», «Наш кандыдат — Жырафенка», «Галасуючы за Някляева, вы забіваеце кацяня», а таксама «Час мяняць лысую гуму», «Я адна такая, праўда» і «Аддай, што скраў » — усё гэта прадукты вытворчасьці самадзейных і прафэсійных паліттэхнолягаў, якія працуюць на прэзыдэнцкую кампанію 2010.

Сёлетнія выбары адметныя ня толькі рэкорднай колькасьцю кандыдатаў, але першымі спробамі авалодаць выбарчым майстэрствам і ператварыць працэс у прывабнае шоў. Менавіта таму многія СМІ гэтым разам прыцягваюць да ацэнкі дзейнасьці кампаніі ня толькі звыклых палітычных аналітыкаў, эканамістаў, сацыёлягаў, але і спэцыялістаў у галіне маркетынгу і рэклямы. Менавіта сёньня Беларусь мае шанец пераканацца — паліттэхнолягі нездарма каштуюць вельмі дорага.

Яўген Ліпковіч
Аднак пакуль што найбольшую актыўнасьць выяўляюць простыя грамадзяне. Любы прыклад такога кшталту падхопліваюць і тыражуюць незалежныя СМІ як праяву свабодалюбства звычайных беларусаў і іх прагі да пераменаў. Так, шырокую вядомасьць у інтэрнэце атрымалі плякаты, вырабленыя блогерам Яўгенам Ліпковічам у падтрымку кандыдата ад партыі БНФ Рыгора Касусёва. Плякаты маюць агульны назоў «Кастусёў альбо сьмерць». Яўген Ліпковіч быў максымальна шчырым у тлумачэньні крыніцаў сваёй сымпатыі да кандыдата:

«Увогуле мне не пашанцавала — была праблема зь беларускай мовай падчас навучаньня ў школе. Я вучыўся ў той час, калі мову і літаратуру выкладалі такім чынам, каб назаўжды адбіць ахвоту іх вывучаць. Расейская мова — нас прымушалі ў свой час пісаць сачыненьні пра тое, як мы ненавідзім Салжаніцына. Беларуская — дык тым больш быў як факультатыў. З таго часу я меў сур’ёзны комплекс непаўнавартасьці з нагоды таго, што я ў юнацтве ня змог нармальна вывучыць беларускую мову. У мяне ёсьць канкрэтнае асабістае жаданьне — пераадолець гэты комплекс непаўнавартасьці, які стварыла мне краіна, у якой я калісьці жыў».

Аляксандар, папулярны блогер, вядомы пад нікам l_u_f_t, і апякун рэсурсу «Белжаба», які ўжо даўно мае рэпутацыю рэсурсу вострай палітычнай сатыры, адзначае, што бескарысьлівая дапамога грамадзянаў можа быць вельмі карыснай рэальным кандыдатам:

«Той крэатыў, які я бачыў, ён разнастайны, але ён нязлосны такі. Ён нават павінны стымуляваць актыўнасьць кандыдатаў, каб яны паводзілі сябе ня ў тым рэчышчы, у якім яны звыклыя гэта рабіць, а ў нейкім іншым. Можа, гэта нават ім нешта падкажа, спадзяюся. У гэтыя вобразы закладзеныя ідэі таго, што Кастусёў павінны быць больш папулярным, бо ён нават зараз, калі перадвыбарчая кампанія ўжо досыць доўга ідзе, усё роўна застаецца такім хлопцам зь вёскі. Таму гэты крэатыў менавіта для яго і зьявіўся, каб зрабіць яго пэрспэктыўным. Дарэчы, ужо позна, але ўсё адно — было весела».



Яўген Ліпковіч свайго пэрспэктыўнага кандыдата Рыгора Кастусёва бачыць так:

«Геніем, канечне, рыцарам бяз страху і папроку — а як жа інакш? — чалавекам-бяссрэбранікам, сапраўдным Робін Гудам».



Кіраўнік перадвыбарчага штабу Рыгора Кастусёва Аляксей Янукевіч, знаёмы з творчасьцю Яўгена Ліпковіча:

«Мне гэтыя плякаты падабаюцца. Я вельмі рады, што наш кандыдат і нашая кампанія натхніла такога творчага, крэатыўнага і вядомага ў інтэрнэце чалавека, як спадар Ліпковіч, на выраб такіх калажаў. Майку „Кастусёў альбо сьмерць “ мы вырабілі нават, і ў іх таксама нашы людзі ў моладзевых асяродках праводзілі агітацыю. Гэта прыцягвала ўвагу і адназначна іграла „на плюс“.

Палітоляг і выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Тацяна Чуліцкая скептычна ставіцца да таго, што самадзейная актыўнасьць грамадзянаў можа рэальна паўплываць на вынік выбараў:

«У мяне асноўная прэтэнзія да кандыдатаў і іх камандаў у тым, што калі мы займаемся мэдыйнай, крэатыўнай актыўнасьцю, то трэба ўсё ж такі думаць, які будзе вынік у гэтай актыўнасьці. Тое самае і пра інтэрнэт можна казаць. Канечне, цікавы вельмі ролік „Схавай бабулін пашпарт“, моладзі вельмі цікава было паглядзець. Але наколькі гэта пабачаць звычайныя выбаршчыкі, наколькі гэта будзе мець на іх уплыў? Я ня думаю, што гэта дапаможа нашым кандыдатам неяк пашырыць сваю аўдыторыю».

Каманды кандыдатаў тым ці іншым чынам таксама намагаюцца зрабіць сваіх лідэраў прывабнымі для выбарцаў.

Паліттэхноляг Кірыл Коктыш гэтыя намаганьні ацэньвае наступным чынам:

Любая тэхналёгія мае нейкі сэнс, калі гэта інструмэнт для дасягненьня тых ці іншых мэтаў.
«Любая тэхналёгія мае нейкі сэнс, калі гэта інструмэнт для дасягненьня тых ці іншых мэтаў. Галоўнае, што ва ўсіх кандыдатаў якраз існуюць пэўныя праблемы з тым, што сказаць грамадзтву. У Лукашэнкі ёсьць перавага як у дзеючага прэзыдэнта, бо ён можа проста сказаць, у адрозьненьні ад іншых кандыдатаў, што будзе так, як было. І гэтая пазыцыя на дадзены момант безумоўна мацнейшая за ўсіх. На папярэдніх выбарах была нейкая інтрыга — магчымасьць для Беларусі існаваць у тым выглядзе, як яна ўжо існавала. А зараз усё падыходзіць да пералому, бо іншую Беларусь ніхто ня ведае, як будаваць. А зь іншага боку, відавочна, што тая Беларусь, якая ёсьць, так ці інакш ужо скончылася. Бо Расія забірае грошы ў Лукашэнкі не для таго, каб аддаць іх камусьці іншаму».

Па меркаваньні як экспэртаў, так і звычайных выбаршчыкаў, найбольш крэатыўна працуе каманда Ўладзімера Някляева:

Тацяна Чуліцкая: «Я думаю, што кампанія Някляева і „Гавары праўду!“ — калі ня самая цікавая, то яскравая кампанія. Зь Някляевым ніхто ня можа канкураваць цяпер. Але нават калі мы будзем аналізаваць канцэрт, які яны ладзілі нядаўна з Саньнікавым на Прывакзальнай плошчы, то праблема ў іх у тым, што гэтымі акцыямі яны зьвяртаюць на сябе ўвагу ўжо тых, хто на іх і так зьвяртае ўвагу. Але яны не атрымліваюць падтрымку тых выбаршчыкаў, якія яшчэ ня вырашылі, за каго яны будуць галасаваць».

Прадстаўніца штабу Ўладзімера Някляева Сьвятлана Навумава адмовілася адказаць, ці працуюць на кампанію запрошаныя паліттэхнолягі і назваць канкрэтныя імёны стваральнікаў тых ці іншых акцый. Прэс-служба Ўладзімера Някляева настойвае на тым, што ўсё зробленае пад час кампаніі — прадукт калектыўнай творчасьці штабу. Аднак Кірыл Коктыш як найважнейшы мінус усіх перадвыбарчых кампаній называе заганную камунікацыю паміж палітычным лідэрам і ягоным штабам:

«Ва ўсіх кандыдатаў, мне здаецца, няма эфэктыўных стасункаў паміж штабам і кандыдатам. Існуе кандыдат, і існуе штаб пры ім, і кандыдат тлумачыць штабу, што трэба рабіць, і як трэба рабіць. Гэта ўжо ня вельмі добрая камбінацыя».



Крэатыўныя намаганьні сябраў выбарчай каманды, не падмацаваныя адпаведным палітычным зьместам, не знаходзяць водгуку ў выбарцаў. Напрыклад, майкі са слоганам «Я адна такая, праўда», ніводзін з апытаных мной людзей не суаднёс з кампаніяй «Гавары праўду!». У гэтай сытуацыі даводзіцца абапірацца на вывераныя часам палітычныя мэтады.

Прэс-сакратар Уладзімера Някляева Юлія Рымашэўская: «У нашых умовах нам застаюцца сродкі, папулярныя і ў часы Салідарнасьці, і, баюся, што ў часы рэвалюцыі пачатку ХХ стагодзьдзя. То бок, гэта нейкія тэксты, распаўсюд друкаванай прадукцыі і найперш размовы кандыдата зь людзьмі. Шмат мы мелі сьведчаньняў ад людзей пра тое, што іх меркаваньне пра Някляева стала ясным і зразумелым пасьля менавіта асабістага знаёмства».

Прыкладам нізавога крэатыву з дакладнымі палітычнымі мэтамі можа стаць новаствораны рэсурс elect.by, які зьбірае ад простых грамадзянаў абсалютна любую інфармацыю, зьвязаную з выбарамі.

Адзін са стваральнікаў праекту Андрэй Храпавіцкі: «Паведаміць інфармацыю можна як праз СМС, так і даслаўшы паведамленьне праз электронную пошту, таксама праз Twitter, ну, і зайшоўшы на сайт і даслаўшы нейкую сваю інфармацыю».

Ірына Віданава, таксама прадстаўніца праекту, зазначыла, што ў адрозьненьне ад іншых праектаў сайт elect.by, які створаны на плятформе ўшахідзі, адразу аналізуе гэтую інфармацыю і ўзнаўляе яе ў выглядзе мапы. Гэта значыць, што адразу можна пабачыць, які твар маюць выбары ў Беларусі:

«Сайт гэты працаваў ва ўсім ужо сьвеце на гэтай плятформе. На ім адсочваліся як прыродныя катастрофы, такія, як землятрус на Гаіці ці пажары ў расейскіх лясах, так і вынікі выбараў на самых розных кантынэнтах — ад Афрыкі, да Эўропы і да Амэрыкі. Фактычна, гэты сайт можа спрацаваць як каталізатар грамадзкай думкі. Фактычна, справаздачу з гэтага сайту можна будзе мець ужо на вечар 19 сьнежня».

Трэба прызнаць, што каманда Аляксандра Лукашэнкі і кланаваных ёю кандыдатаў ніколі не абцяжарвала сябе залішнімі клопатамі, ствараючы муляжы перадвыбарчай агітацыі і напоўніцу выкарыстоўваючы адміністрацыйны, а значыць, і рэпрэсіўны рэсурс. Але магчыма, што адзнакай вычарпанасьці цяперашняй улады ёсьць і тое, што яна ўсё менш натхняе беларусаў на творчую актыўнасьць:

Аляксандар l_u_f_t: «Гэта адзнака таго, што немагчыма пра гэтага чалавека, які займае пост прэзыдэнта ўжо 16 год, ужо нават жартаваць. Ужо ўсе настолькі стаміліся, што нават ужо тэм няма пра яго. Апошні крок будзе, калі пра яго ўсе забудуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG