Праграмы / Грамадзкі рэдактар

"Ура, лібэралізацыя"

15.10.2008 04:58

Грамадзкаму рэдактару гэтага тыдня Мікалаю Халезіну 44 гады. Служыў у войску, кінуў так званы“наргас”, калі зразумеў, што ягонае прызваньне – творчасьць.

Працаваў у першых беларускіх незалежных выданьнях, займаўся палітычным кансальтынгам,  напісаў некалькі п’ес.

У 2005 годзе з жонкай, Натальляй Калядой, арганізоўвае "Свабодны тэатар" – незалежны калектыў, які ня мае ў Беларусі фінансаваньня, уласнай сцэны і памяшканьняў для рэпэтыцый.

Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат ў галіне літаратуры Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. 10 сьнежня 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай рэспублікі. А 13 красавiка 2008-га ў Салоніках была ўручаная  прэмія «Эўропа – тэатру».

Сёньня Мікалай Халезін разважае пра магчымую лібэралізацыю беларускага ладу:

"Эўразьвяз адмяніў санкцыі, прынятыя некалі для беларускага вышэйшага чынавенства. Калі такія ўплывовыя структуры ідуць на падобны крок, мусіць быць дужа грунтоўная прычына. 

Магчыма, эўрапейцаў падштурхнула лібэралізацыя, пільна разгледжаная імі ў нашай краіне. І я вырашыў у зьвязку з гэтым зрабіць наступнае.

Па-першае, сёньня, у сераду, я апрану свой лепшы касьцюм, выйду на вуліцу і даеду да міністэрства юстыцыі. Там пакладу на стол нейкаму чыноўніку заяву аб рэгістрацыі "Свабоднага тэатра", і, вядома ж, яго зарэгіструюць.

Пасьля, шчасьлівы, я зайду ў Палац рэспублікі, каб замовіць там пляцоўку – сыграць “Пакаленьне Джынс” ці “Зону маўчаньня” на гэтай прэстыжнай сцэне. 

А яшчэ лепш – мы дамовімся аб паказе ў менскіх школах спэктакля “Спасьцігаючы каханьне”, дзе ідзе размова пра зьніклых.

Ну а потым можна ўжо ўключыць тэлевізію ці радыё. Каб паслухаць добрыя навіны. Тыя, якія чакаем ужо 14 гадоў. Якія адбываюцца ва ўсім сьвеце, апрача нас.

Калі ж, дзякуй Богу, лібэралізацыя прасунецца і далей, то, можа, і "Радыё Свабода" пачне гучаць у эфіры на FM-хвалях…

…Вось гэтага я чакаю ад адмены санкцыяў Эўразьвязу. І, можа, так яно ўсё і адбудзецца.

Ну а калі не – тады Эўразьвяз зрабіў нешта ня тое..."

 

 

 

 

 

 

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: неэўрапеец
15.10.2008 10:32

А Эўразьвяз яшчэ зрабіў толькі першы крок, намацваючы глебу. І абсалютна мае рацыю Пазьняк, калі кажа, што санкцыі не павіны быць супраць народу. Гэтую ісьціну добра было б зразумець тым апазыцыйным лідэрам з кола былых прыслугачоў рэжыму, для якіх няшчасьці народа пераўтварыліся ў выгодны палітюізнэс.


Імя:: Віка Горад:: Мінск
15.10.2008 11:49

Прабачце, што не ў тэму. Ці адбылася сустрэча з Мілінкевічам на радыё Свабода?

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb