Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Эканамічныя тэндэнцыі першага кварталу

23.04.2008 14:24

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 11 красавіка

У чацьвер прэм’ер-міністар Сідорскі далажыў Лукашэнку пра добрыя вынікі эканамічнага разьвіцьця краіны ў першым квартале. Ці сапраўды беларуская эканоміка разьвіваецца так пасьпяхова? Чаму ў поўнай меры ня спраўдзіліся прагнозы незалежных эканамістаў пра сёлетнія эканамічныя цяжкасьці? Якія прычыны высокай інфляцыі?

Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Аляксандр Чубрык.

У чым прычыны высокіх тэмпаў росту?

Валер Карбалевіч: “Афіцыйныя вынікі першага кварталу выглядаюць даволі ўражальна. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) вырас на 10,5%, аб’ём прамысловай прадукцыі — на 13,6%, інвэстыцыі — на 20%, замежны гандаль за першыя два месяцы году павялічыўся на 60%. Дасягнуты рэкордны прафіцыт бюджэту. У чым прычыны такіх эканамічных посьпехаў? Гэта пры тым, што шмат якія вонкавыя ўмовы былі неспрыяльныя. Маю на ўвазе рост цэнаў на газ на 19%, санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” і інш.”

Леанід Злотнікаў: “Першыя два месяцы мінулага году былі ня вельмі ўдалыя для беларускай эканомікі. З-за таго, што Расея ўвяла новыя ўмовы продажу энэргарэсурсаў, экспарт нафтапрадуктаў тады ўпаў.

Да таго ж у канцы мінулага — на пачатку гэтага году значна ўзрасьлі сусьветныя цэны на энэрганосьбіты. Гэта дало рост вытворчасьці і экспарту нафтапрадуктаў, які павялічыўся больш як на 70%. Павялічыўся і імпарт нафты. Таму, калі параўноўваць першыя месяцы мінулага году і гэтага году, то база спрыяльная для параўнаньня на карысьць сёлетніх вынікаў”.

Аляксандр Чубрык: “Сапраўды, у першыя месяцы мінулага году экспарт амаль ня рос, а ў фізычных аб’ёмах ён нават зьмяншаўся. Цяпер, як адзначалася, экспарт нафтапрадуктаў павялічыўся.

Але ў першым квартале эканоміка Беларусі расла ня толькі за кошт росту нафтапрадуктаў, але і іншых тавараў. Прычына гэтага палягае ў тым, што Нацбанк прывязаў беларускі рубель да даляру. А падзеньне даляру спрыяла нашай цэнавай канкурэнтаздольнасьці. Бо заробкі ў нас прывязаныя да даляру. Такім чынам, хоць выдаткі нашых экспартэраў павялічваліся, але не ў такой ступені, як цэны ў Расеі альбо цэны, якія вымяраліся ў эўра.

У выніку гэтага заробкі павялічваліся хутчэй, чым можна было чакаць паводле вынікаў мінулага году. І гэта, у сваю чаргу, павялічыла попыт на ўнутраным рынку, што таксама стымулявала рост ВУП. Ці можна назваць гэта посьпехам? Хутчэй гэта зьбег спрыяльных умоваў”.

Чаму ня спраўдзіліся прагнозы?

Карбалевіч: “Незалежныя эканамісты прагназавалі значныя эканамічныя цяжкасьці гэтым годам. Аднак гэтыя прадказаньні ня спраўдзіліся ў поўнай меры. Чаму? Калі зьявіліся новыя чыньнікі, якія немагчыма было спрагназаваць, то што гэта за чыньнікі?”

Злотнікаў: “Найперш таму, што павялічыліся вонкавыя запазычанасьці. У 2005 годзе яны вырасьлі на 200 мільёнаў даляраў, у 2006 — на 1,8 мільярда, а ў 2007 г. — больш чым на 4 мільярды даляраў.

Гэта значны падмацунак для эканомікі. Палова гэтых запазычанасьцяў была зробленая банкамі, якія, у сваю чаргу, павялічылі крэдытаваньне эканомікі, дапамаглі падтрымаць на плаву значную колькасьць прадпрыемстваў, рост вытворчасьці.

Чубрык: “Найперш, цана расейскага газу гэтым годам была ўсталяваная зусім не на аснове формулы, паводле якой яна павінна была вызначацца. Рост цаны ў першым квартале на 19% — гэта зусім ня тое, што было б, калі б кошт вырас, напрыклад, на 50%. То бок умяшаўся палітычны чыньнік, які немагчыма было ўлічыць.

Другая прычына — істотнае падаражэньне эўра. Гэта паспрыяла цэнавай канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі на вонкавых рынках.

Але нельга казаць, што няма эканамічных цяжкасьцяў у Беларусі. У студзені 2008 году ў параўнаньні са студзенем 2007 г. інвэстыцыі зьнізіліся на 3%. Паводле афіцыйнай статыстыкі па выніках першага кварталу яны павялічыліся на 20%. Але інвэстыцыі вырасьлі за кошт бюджэтнага фінансаваньня і банкаўскіх крэдытаў. А вось уласных сродкаў прадпрыемстваў было мала. Гэта сьведчыць пра тое, што нават такое нязначнае павышэньне цэнаў на газ зьніжае магчымасьць інвэстыцый прадпрыемстваў. Таму бяз вонкавых інвэстыцый могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы.

Другое пытаньне. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Папкоў заявіў, што 90% сельгасвытворчасьці — стратныя. А паводле афіцыйнай статыстыкі, у сельскай гаспадарцы стратнымі зьяўляюцца толькі 7% прадпрыемстваў. Відавочна, усё залежыць ад таго, як падлічыць гэтую стратнасьць. То бок сапраўдныя праблемы нашай эканомікі хаваюцца за высокімі тэмпамі росту ВУП.

Якія прычыны высокай інфляцыі?

Карбалевіч: “Вось яшчэ наконт цяжкасьцяў. Мусіць, галоўны мінус у выніках першага кварталу — высокая інфляцыя, якая склала 4,1% за тры месяцы. Нагадаю, што на ўвесь год узровень інфляцыі заплянаваны ў памеры 6—8%. Але і тут можна знайсьці аб’ектыўныя прычыны — рост сусьветных цэн на энэргарэсурсы, харчаваньне. Ці моцна ўплываюць сусьветныя чыньнікі на беларускую інфляцыю? Або прычыны яе маюць унутранае паходжаньне?”

Злотнікаў: “Рост сусьветных цэн на энэргарэсурсы, харчаваньне, вядома, уплывае на рост цэнаў у Беларусі. Але не ў такой ступені, як гэта афіцыйна паведамляецца. Бо большасьць прадуктаў харчаваньня ў нас — сваёй вытворчасьці. Мяса-малочнай прадукцыі сваёй спажываецца 95%. Імпартуюцца толькі тыя прадукты, якія не вырабляюцца або мала вырабляюцца ў Беларусі, напрыклад — алей.

Вядома, што ў Беларусі дзяржава рэгулюе, штучна стрымлівае рост цэнаў. Існуе абмежаваньне, што кожны месяц цэны не павінны расьці больш як на 0,5%. Шмат прадпрыемстваў церпяць страты ад гэтага. Існуюць мэтадалягічныя асаблівасьці падліку росту цэнаў, якія вядуць да штучнага заніжэньня інфляцыі”.

Чубрык: “З трох месяцаў рост інфляцыі быў найбольшы ў студзені. І галоўным чынам за кошт росту цэнаў на камунальныя паслугі. А гэта цалкам унутраны чыньнік, хоць рост цэнаў на газ уплывае на гэтыя кошты.

Другі чыньнік. Прадпрыемствы патрабуюць ад міністэрстваў росту цэнаў на сваю прадукцыю ня толькі таму, што растуць сусьветныя цэны. А найперш таму, што нашы прадпрыемствы працуюць неэфэктыўна. Ім трэба зьніжаць выдаткі. А гэта ўжо праблема эканамічнай палітыкі і эканамічнай мадэлі”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Dim Горад:: Mensk
24.04.2008 09:43

Никакие экономические модели не работают
в условиях сумашедшего дома.
Все приведенные цифры и показатели
ни о чем не говорят и ничего не показывают.


Імя:: Максім
24.04.2008 15:42

У фірме пад назвай ЗАТ РБ, адзіная рэальная статыстыка - гэта колькі, і як рэгулярна генеральны дырэктар Лукашенка пасылае дывідэнты асноўным акцыянэрам: прыкрамлёўскім і крамлёўскім пацанам. А для іх - усё прыбытак. У тым ліку такія тэмы, як развод ЗАО РФ на крэдыт - тыповая перабудовачная схема. Адна кантора дае крэдыт другой, а пад сталом 60% дзеляцца паміж дырэктатрамі. І так з усім.

А галоўнае, што і шэраговыя расейцы, і беларусы ўсё цудоўна разумеюць (ня верце, што людзі дурныя, яны прыкідваюцца) і сьвядома аддалі абодва ЗАО ў моцныя рукі двух дырэктароў. Бо такім чынам хаця б тыя 40% ідуць па прызначэньню, а не разрываюцца астатнімі крышамі. І пакуль людзям хапае на чалавечаскія яйцы (з мяскам мы ўжо да лета і праўда пачакаем), а крыша атрымлівае дывідэнт - будзе сядзець Лукашэнка на сваім месцы, бо ён - гістарычны прагрэс.

Рэформы ж ідуць: сельская гаспадарка стратная - дык яна і ў Эўразвязе стратная; прадпрыемствы неэфектыўныя - дык вунь дэкрэт аб прыватызацыі; заходнія інвестыцыі ня йдуць - дык ідуць жа, нягледзячы на ўсе енкі брусэльскіх бюракратаў! дробны бізнес душаць - дык і ў іх рыльца ў пушку, падаткі недаплочваюць; падаткі абсурдныя - ну дык ня ў казцы ж жывем, усяго адразу не бывае...

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks