Праграмы / Экспэртыза Свабоды

“Улада баіцца паказацца слабай”

22.04.2008 18:28

Як можна ацаніць сёньняшні прысуд з юрыдычнага і прававога пункту гледжаньня? Чаму ўлады вырашылі зрабіць Андрэя Кіма чарговым палітычным зьняволеным? Якое пасланьне дасылаецца сёньняшнім прысудам грамадзтву і Захаду?


На гэтыя пытаньні у праграме Экспэртыза Свабоды разважаюць выканаўца абавязкаў Старшыні Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і палітоляг Уладзімер Роўда.

“Гэта празьмернае пакараньне”

Цыганкоў: “Наперш варта ацаніць сёньняшні прысуд з юрыдычнага і прававога гледжаньня. На вашую думку, ці мае рашэньне суду прававы характар?”

Гулак: “Зразумела, што розныя людзі на гэтае пытаньні адкажуць па-рознаму. Нашы дзяржаўныя юрысты, судзьдзі і пракуроры могуць сказаць, што гэта -- мяккі прысуд у такой сытуацыі, бо магчымае было больш жорсткае пакараньне.

Але, на маю, думку, тое, што адбылося ў судзе – гэта празьмернае пакараньне. Бо “цяжар” таго, што было зроблена гэтымі маладымі людзьмі, неадэкватны прымененаму пакараньню. Дастаткова было ў гэтай сытуацыі прымяніць адміністрацыйна пакараньне.

Увогуле, улада нажыла сабе новую праблему – цяпер ім будзе чым заняцца. Думаць, якім чынам адмыць свой твар, пры гэтым яго не губляючы”.

Цыганкоў: “Давайце ацэнім палітычны аспэкт гэтай справы, наяўнасьць якога выглядае відавочным. Судзілі толькі моладзевых актывістаў розных партыяў, якія бралі ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Саміх прадпрымальнікаў не краналі. Што ўлада хацела сказаць грамадзтву?”


“Беларускія ўлады працягваюць курс на канфрантацыю”

Роўда: “Па-першае, я хацеў бы падзяліць думку Алега Гулака, што крымінальны прысуд – занадта жорсткі. Гэта азначае, што беларускія ўлады працягваюць рухацца ў тым курсе, які яны праводзяць апошнія месяцы. Гэта курс на канфрантацыю і з грамадзянскай супольнасьцю ўнутры краіны, і з заходняй супольнасьцю.

Нагадаем, што напачатку рэзка абвастрыліся адносіны з ЗША, потым Эўразьвяз працягнуў на год санкцыі да беларускіх кіраўнікоў, далей Эўрапарлямэнт прыняў даволі жорсткую рэзалюцыю. У адказ беларускі рэжым не прыдумаў нічога больш разумнага, як гэтыя крымінальныя справы па цалкам надуманых прычынах.

Тое, што асуджаюць моладзевых актывістаў, якія бралі актыўны ўдзел у акцыях прадпрымальнікаў, сьведчыць, што менавіта рух прадпрымальнікаў і актыўная ягоная падтрымка з боку палітычнай апазыцыі непакоіць беларускі рэжым вельмі моцна”.

Цыганкоў: “Як можна ацаніць прысуд Андрэю Кіму? Чаму ўлада вырашыла зрабіць чарговая палітычнага зьняволенага? Вядома ж, прапаганда скажа, што ніякі ён не палітычны (маўляў, палітычных у нас няма), але таксама відавочна, што на Захадзе ён будзе прызнаны палітзьняволеным. Навошта ўладам зараз такі цяжар?”

Гулак: “Беларуская ўлада сама сябе загнала ў вельмі складанае становішча. З аднаго боку, існуе жорсткае заканадаўства, і відавочна, што ўлада баіцца паказацца слабай у вачах сваіх жа чыноўнікаў. Зь іншага боку, улада вымушаная прыслухоўвацца да таго, што гаворыцца і робіцца з-за мяжы. Таму сёньняшні прысуд – гэта і дэманстрацыя сілы і спроба лявіраваць. Бо калі б было жаданьне паказаць толькі жорсткі прысуд, то ён мог бы быць больш жорсткім. Таму варта бачыць абодва моманты ў гэтым прысудзе.

Чаму пакаралі наперш палітычна актыўную моладзь?.. Па-першае, такія былі падзеі, дзе менавіта моладзь была найбольш актыўнай, і дала нейкія падставы для вонкава законнага перасьледу. Прадпрымальнікі былі больш асьцярожныя, стрыманыя. Зь іншага боку, прадпрымальнікаў перасьледваць было небясьпечна, бо гэта стала б пагаршэньнем адносінаў з прадпрымальніцкімі коламі, і гэта таксама ўлічвалася.


“Улада абавязкова дасьць назад...”

Цыганкоў: “Як можна спрагназаваць падзеі далей? Ці будзе ўлада працягваць свой курс на канфрантацыю ці зробіць паварот назад?”

Роўда: “Я думаю, абавязкова дасьць назад, і гэта адбудзецца ўвосень альбо ўзімку. Бо зноў могуць абвастрыцца адносіны з Расеяй і зноў давядзецца наладжваць дачыненьні з Захадам. Таму беларуская ўлада ня мае трывалай стратэгіі і паводзіць сябе цяпер як дэстабілізаваны рэжым, які ня мае доўгатэрміновай ліні паводзінаў

І зараз мы бачым, што выжываньне гэтага рэжыму залежыць ад пэўнай ласкі, пэўных прывілеяў з боку Захаду альбо Расеі. Калі я кажу захад, то маю на ўвазе, вядома ж, не палітычныя структуры, што кіруюць заходнімі краінамі, а тыя бізнэс-групоўкі, які ўкладаюць свае інвэстыцыі ў Беларусь. Ствараць перад імі добры імідж Беларусі – таксама задача беларускіх кіраўнікоў. І тое, што зроблена сёньня – гэта таксама псуе гэты імідж”.

Гулак: “Як на маю думку, то сінусоіды паляпшэньня і пагаршэньня сытуацыі мы пабачым яшчэ да восені некалькі разоў. Пэрыяды гэтыя карацейшыя чым поўгады. Таму да восені мы пабачым яшчэ і ўзьлёты і падзеньні, і замаразкі і адлігі ў палітычным надвор’і.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Ян
23.04.2008 12:10

Праблема ня ў тым жорсткі прысуд ці не, але ў тым, што прысуд мусіў быць апраўдацельны, што судовая ўлада творыць беззаконьне падыгрываючы выканаўчай уладзе і так званаму прызядзенту асабіста. Добра было б каб гэтыя судзьдзі і пракуроры былі адсуджаныя такім жа чынам.


Імя:: Валеры Грыцук
23.04.2008 16:53

Я не згодзен након "сінусоіды". Лукашэнка вярнуўся да "папругі" маладзёнам. Базарнікаў (ІП) ён не баіцца, бо аніякай палёгкі ім не зрабіў. Ён ведае,што яны НІКОЛІ не будуць салідарны,акрамя нейкіх лакальных груповак. Але жорсткасьць да апазыцыі цалкам залежыць ад эканамічнай сітуацыі. Таму, так, у снежні, новыя газавыя праблемы. таму "лібералізацыя".
Але ЧАМУ тут не гаварылі аб акцыі 26 красавіка?
Разгоняць ці НЕ ? Разгоняць.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks