Грамадзтва

У Менску маліліся за адзінства хрысьціянаў

24.01.2008 23:47

У архікатэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску адбылася экумэнічная малітва за адзінства хрысьціянаў.


Удзел у малітве ўзялі прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфэсіяў, а таксама прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі Марцін Відавіч.

Цягам тыдня экумэнічная малітва адбывалася ў грамадах розных хрысьціянскіх канфэсіяў. Супольнае набажэнства прывітальным словам распачаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:

“Я дзякую ўсім тым, хто прыняў нашае запрашэньне. Гэта знак таго, што вы клапоціцеся пра еднасьць хрысьціянаў. Гэта знак таго, што вы хочаце, каб усе мы былі адно”.



Падчас супольнай малітвы слова бралі старшыня Біблійнага таварыства Герман Родаў, прадстаўнік праваслаўнай царквы айцец Аляксандар Шымбалёў, лютэранскай – Уладзімер Меерсон, грэка-каталіцкай – Сяргей Гаек. Апошні з названых, у прыватнасьці, адзначыў:

“Тое, што мы тут, у сэрцы Менску, можам сабрацца разам – гэта ўжо вялікі дар ласкі Божай. Бог усё гэта бачыць, і няхай гэтыя супольныя высілкі ён блаславіць”. 



Хор менскай архікатэдры ў гэты вечар выконваў каталіцкія і праваслаўныя хваласьпевы на беларускай, расейскай і лацінскай мовах. Многія вернікі казалі, што яны ўпершыню бралі ўдзел у такой малітве:

Спадарыня: “Такая імша – гэта вялікая карысьць для ўсіх нас, гэта знак, што мы, хрысьціяне, разам. Верым, што будзе мір і сяброўства, калі мы будзем зьбірацца вось так разам”.

Карэспандэнтка: “Ці ўдзельнічалі вы ў такой імшы раней?”

Спадарыня: “Не, нічога такога не было. І мы вельмі радыя”.

На экумэнічнай малітве прысутнічалі таксама некаторыя палітыкі, у тым ліку Павал Севярынец.

Карэспандэнтка: “Вы як адзін з адраджэнцаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі сёньня тут невыпадкова...”

Севярынец: “Так, натуральна. У 1917 годзе менавіта тут, у касьцёле імя найсьвяцейшай Панны Марыі, была заснаваная Беларуская хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць, зь якой і пачалася гісторыя хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі. А сёньняшняя малітва аб еднасьці хрысьціян – гэта тое, што мы даўно хацелі пачуць ад беларускіх цэркваў. Гэта заклік да яднаньня беларускай нацыі – ні больш, ні менш”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: БР
25.01.2008 00:03

Вообще-то отец Александр Шимбалёв за совместную молитву с еретиками должен быть лишён сана. Надо будет спросить в епархиальном управлении, кто уполномачивал данного отца нарушать правила вселенских соборов?


Імя:: cioma Горад:: Менск
25.01.2008 08:23

Вы, спадар БР, яшчэ прапануйце Хрыста падзяліць - гэтая частка праваслаўная, тая каталіцкая, што засталося - іньшым гэрэтыкам... Гэтая экуменістычная малітва - працяг аднаўленьня еднасьці беларускіх хрысьціянаў - справа натуральная, бо падзел ад людзей, а не ад Бога. Вельмі рады такой навіне!


Імя:: liusterka
25.01.2008 18:00

БР - мяркую, што яго даслалі афіцыйна, па дабраславеньні нашага Ўладыкі. Паводле вашай логікі мусіць, трэба пазбаўляць сану і мітрапаліта Філарэта, які не цураецца сустракацца з пратэстантамі, удзельнічае зь імі ў рознага кшталту семінарах і нават прыймае фінансавую падтрымку. Як казаў ягоны знакаміты папярэднік сьвяты мітрапаліт Філарэт Маскоўскі "ніводнадную царкву, якая вызнае Ісуса Хрыста Сынам Божым, які ўцелясьніўся, не рызыкну назваць ілжывай". А вы мусіць сьвяцей за яго. "Хор менскай архікатэдры ў гэты вечар выконваў каталіцкія і праваслаўныя хваласьпевы на беларускай, расейскай і лацінскай мовах" - хор катэдры не выконваў праваслаўных сьпеваў, гэта рабіў як і належыць, праваслаўны хор, проста хароў было 2. Сьпявалі можна сказаць антыфонна :)". А наагул, цудоўная малітва, дзякуй Богу.

Камэнтары 1-3 (з 3)