Грамадзтва

Горкі: супраць будаўніцтва АЭС сабраныя 200 подпісаў

10.01.2008 11:08

Горацкія грамадзкія актывісты сабралі больш за 200 подпісаў супраць будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі.

Паводле горацкага журналіста Эдуарда Брокарава, актывісты вымушаныя былі прыпыніць збор подпісаў на час сьвяткаваньня калядаў і новага году. Сёньня збор подпісаў адновіцца і надалей штотыдзень будуць падводзіцца вынікі кампаніі.

“Учора на паседжаньні горацкай кааліцыі дэмакратычных сілаў мы стварылі антыядзерную групу. Яна будзе каардынаваць дзеяньні мясцовай супольнасьці ў негвалтоўным супраціве будаўніцтву АЭС у Горацкім раёне. А таксама зоймецца пошукам аднадумцаў у іншых раёнах Магілёўшчыны. Кіраўніком групы абраны пастар горацкай пратэстанцкай нефармальнай суполкі “Свабода ў Госпаду” Пётар Маланачкін, паведаміў “Свабодзе” Эдуард Брокараў.

Горацкія актывісты плянуюць сабраць 2000 подпісаў, а потым даслаць іх прэзыдэнту, старшыні ўраду, у парлямэнт ды ў Горацкі райвыканкам.

Адна зь меркаваных пляцовак будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы.

Паводле афіцыйных паведамленьняў, будаваць АЭС зьбіраюцца ўжо сёлета.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks