Грамадзтва

Ворша: удалося ўратаваць архітэктурны помнік

29.12.2007 15:02

Пад ціскам грамадзкасьці гарадзкія ўлады былі вымушаны адмовіцца ад рашэньня зьнесьці гістарычныя пабудовы ХVIII-ХІХ ст.ст – дамы №17 і №19 па вуліцы Мінскай.


Група мясцовых актывістаў заявіла, што гатовая зьвярнуцца да землякоў з заклікам байкатаваць "Дажынкі-2008", да якіх меркавалася зьнішчыць архітэктурныя помнікі. У розныя інстанцыі былі накіраваныя дзясяткі лістоў пратэсту, і гарвыканкам мусіў суступіць – арганізаваць аукцыён і выставіць будынкі на продаж.

Дом №17 па вуліцы Мінскай быў прададзены зь першай жа спробы. Спасылаючыся на камэрцыйную таямніцу, у гарвыканкаме не называюць новага ўласьніка, аднак вядома, што будынак быў набыты за 130 мільёнаў беларускіх рублёў. Цяпер чакаецца выстаўленьне на продаж другога будынку – дому №19.

Паводле мясцовага гісторыка і краязнаўцы Юрыя Копціка, пасьля шматлікіх скаргаў абураных гараджан станам з аховы архітэктурна-гістарычных помнікаў зацікавілася Міністэрства культуры: у студзені ў Воршу збіраецца прыехаць камісія Дзяржкамітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Бо, апрача сытуацыі з дамамі па вуліцы Мінскай, занепакоенасьць гісторыкаў выклікала яшчэ адно здарэньне: на тэрыторыі Куцеінскага манастыра ў чэрвені гэтага году з парушэньнем заканадаўства была знесена частка кляштарнага корпусу ХVII-XVIII стагодзьдзяў, якая была ўключаная ў афіцыйны пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў і павінна была ахоўвацца дзяржавай.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Паўлюк
29.12.2007 15:41

Выдатная навіна!


Імя:: Правы бераг Немна
30.12.2007 16:43

А каму ўжо амаль аднавілі езуіцкі касцёл? Каталікам ці яшчэ каму? Ці пусцяць нас туды хоць раз на год? І чаму пра гэта няма ані слова ва ўсім апазіцыйным нэце? У сэнсе пра адбудову дзяржавай каталіцкага храму. Гэта ж першы такі выпадак.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks