Культура

Як ангельскі “Winnie the Pooh” стаў беларусам

26.12.2007 18:29

“Віня-Пых” – так гучыць імя героя знакамітай казкі Алана Аляксандра Мілна “Winnie the Pooh” у перакладзе Віталя Воранава, беларускага перакладчыка, які жыве ў Познані.


Сёлета пераклад выйшаў у познанскім выдавецтве “Белы крумкач”, а сёньня ў Празе адбылася прэзэнтацыя кнігі. Напярэдадні прэзэнтацыі Віталь Воранаў распавёў, як ён рабіў ангельскае казачнае мядзьведзеня беларусам, а таксама пра тое, як кніга прыйдзе да беларускага чытача.

Воранаў: "Кніжка пакуль што выйшла невялічкім накладам у 300 асобнікаў. Але яна будзе друкавацца ў меру патрэбы, так што ўсім хопіць – абы куплялі і чыталі.

Што тычыцца распаўсюду кніжкі ў Беларусі, то гэта пытаньне часу. Пакуль тыя, хто хоча набыць кніжку, могуць зьвязвацца са мной і неўзабаве гэтую кніжку атрымаюць. У бліжэйшыя месяцы яна трапіць у Менск у большым накладзе і трапіць у тыя месцы, дзе звычайна прадаюць беларускія кніжкі.

Таксама плянуецца неўзабаве выданьне кнігі на афіцыйным правапісе. Гэта будзе перагледжаны пераклад з улікам тых заўвагаў, якія ўжо прагучалі на адрас перакладу, і тых, якія я яшчэ пачую на прэзэнтацыях.

Гэты асноўны наклад, выдадзены афіцыйным правапісам, трапіць у афіцыйныя кнігарні ў Менску і, я спадзяюся, у правінцыі".

Дракахруст: "Віталь, зь якімі цяжкасьцямі перакладу Вы спатыкаліся? Як у Вас атрымалася перакласьці ня толькі тэкст, але і знайсьці беларускія адпаведнікі ангельскага кантэксту? Наколькі на Ваш пераклад уплываў вядомы беларусам расейскі пераклад казкі, наколькі, так бы мовіць, Вам дапамагаў ці перашкаджаў "Винни-Пух"?

Воранаў: "Кніжка вельмі складаная. Давялося для перакладу выкарыстаць усё багацьце нашай дыялектнай, жывой мовы. Я заўсёды імкнуся, каб пераклад гучаў натуральна, каб мова перакладу была не падручнікавая, не акадэмічная, а мова гутарковая, мова, на якой размаўлялі нашы дзяды.

Ёсьць ужо, зразумела, і водгукі незадавальненьня, хаця б па назьве кніжкі – "Віня-Пых". Многія людзі не ўспрымаюць "Віню-Пыха", бо вырасьлі на расейскім “Віні-Пуху”. Але гэты закід зусім беспадстаўны: я перакладаў не з расейскага перакладу, а з арыгіналу, з Winnie the Pooh.

Я для сябе прынцыпова вырашыў, што ня буду заглядаць у расейскі пераклад. Клясычны пераклад Барыса Заходэра я прачытаў толькі пасьля таго, як мой пераклад быў падрыхтаваны да друку. Раней я яго не чытаў і ведаю Віні-Пуха толькі па савецкіх мульціках.

Я мяркую, што мне ўдалося знайсьці, хаця пра гэта судзіць чытачам, пэўны кампраміс паміж радыкальным перакладам, які б браў пад увагу выключна ангельскі тэкст, ангельскія рэаліі, і тым, што беларусы ўжо ведаюць, на чым узгадаваліся – на Віні-Пуху”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: Мікалай
27.12.2007 20:06

Спадар Шупа, Вам слова! Ці верыце Вы у такое пераўвасабленьне, якое нам абяцае перакладчык Воранаў? Па-мойму, 'черного кобеля не отмоешь добела', мяркуючы па колішняй дыскусыі на форуме пра Ваню-Пука.


Імя:: Наша Ніва (47)
27.12.2007 20:29

Наша Ніва ... Падаецца, што кніга не прайшла рэдактуры. Ад таго і ’мядзьведзіка’ ў ёй называюць ‘медзьвядок’, відаць, пад уплывам польскага ‘медзьвядэк’. Рэдактура такой кнігі заняла б пару тыдняў і каштавала б нядорага (думаю, не адмовіліся б ні Садоўскі, ні Шупа, ні Пацюпа), а недаробленая кніга – як недапечаны хлеб сабакам, змарнаваная праца перакладчыка і друк....


Імя:: Сяргей Шупа
27.12.2007 21:52

Мікалаю: Як напісала ў дыскусіі ў Нашай Ніве Інэса Кур'ян, пераклад наагул зрабіла яна - паводле падрадкоўніка Віталя Воранава (???). Тым часам, як выглядае, Інэсе Кур'ян добры рэдактар патрэбны ня менш, чым Віталю... Я сам перакладчык, але за дзіцячую літаратуру б ня браўся, бо ў перакладчыцкім рамястве гэта “найвышэйшы пілатаж”. А ўжо пачынаць свае перакладчыцкія спробы зь дзіцячых кніг - празьмерная рызыка. Гэта наагул. А канкрэтна - я пераклад (апрача фрагмэнтаў) яшчэ не чытаў і таму нічога сказаць не магу.


Імя:: Alenka Горад:: Bielastok
01.01.2008 13:20

Byla na prezentacyi u Bielastoku. Kupila knizku i praczytala za adzin vieczar. Vydatnaja recz.

Камэнтары 1-4 (з 4)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb