Адзін з гарадзенскіх актывістаў руху “За свабоду” Эдвард Дмухоўскі зазначае, што ў арганізацыю ўваходзяць прадстаўнікі розных партый і грамадзкіх арганізацый:
“Юрыдычны адрас руху “За свабоду” знаходзіцца ў Горадні. Мы ў горадзе працуем даволі-такі актыўна. Я б не сказаў, што мы вельмі шматлікія ў нашым горадзе, але актыўная суполка руху дзейнічае ў Мастах, там жыве Алесь Зарэмбюк. А таксама актыўныя хлопцы ў Бярозаўцы, падтрымкай карыстаецца сама ідэя руху ў Слоніме”.
Трэба зазначыць, што гарадзенскія актывісты арганізацыі праводзяць культурныя акцыі, пачалі выдаваць кніжную сэрыю, удзельнічалі ў абароне архітэктурных помнікаў гораду ад разбурэньня.
Што далей? Лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч кажа:
“Я думаю, што ніхто ня хоча займацца нелегальшчынай, хаця мы актыўна дзейнічалі, нават ня маючы рэгістрацыі. Яна, па-першае, павялічыць магчымасьці дзейнасьці, асабліва ў рэгіёнах, дазволіць далучыць людзей, якія раней баяліся. І самае галоўнае для мяне, каб ня скончылася ўсё рэгістрацыяй нашага руху, каб таксама іншыя арганізацыі, якія хочуць рэгістравацца, а іх нямала ў Беларусі, мелі такую магчымасьць. Чым будзем займацца? Галоўныя накірункі, гэта — інфармацыйны, такі праэўрапейскі, прабеларускі, культурніцкі. А другое — гэта абарона рэпрэсаваных людзей, абарона правоў чалавека. У межах руху будзе дзейнічаць камітэт “Салідарнасьць”. І я думаю, што вельмі важна нам працаваць над аналітыкай. Час няпросты, патрэбныя рэформы ў Беларусі, і мы хочам мець сваю праграму дзеяньняў”.
Аляксандар Мілінкевіч пацьвярджае: з Горадні рух пачынаўся, гэта — яго “сэрца”, а таксама радзіма самога спадара Мілінкевіча. Але ён мае спадзяваньні, што арганізацыя пашырыцца па ўсёй Беларусі.
“Сёньня ў нас ёсьць людзі, якія заявілі адкрыта, што яны сябры руху, у 72 гарадах Беларусі. Нам вельмі важна легалізаваць іх статус на месцах. Самая вялікая праблема, безумоўна, што калі рэгіструеш, трэба мець памяшканьне. І я думаю, што вельмі важна зараз дамагчыся, каб дазвалялі рэгістраваць такія суполкі руху і іншым арганізацыям дэмакратычным па месцы жыхарства. І калі мы такога даможамся, то я думаю, што амаль ва ўсіх раённых цэнтрах будзем мець структуры”.