Палітыка

Украінцы і расейцы часта “прыкідваюцца” за мяжой беларусамі

07.08.2008 12:21

Беларуская прысутнасьць за межамі краіны апошнім часам павялічваецца ня толькі коштам працоўных мігрантаў, але і палітычных уцекачоў, а таксама студэнтаў, якія з розных прычынаў вымушаныя працягваць навучаньне ў замежных ВНУ, альбо ня хочуць вяртацца на радзіму пасьля навучальных праграмаў ці вакацыяў.


Як кажуць адмыслоўцы, відавочная тэндэнцыя на “вымываньне” маладой эліты, якая ня хоча жыць ва ўмовах беларускай дыктатуры.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што адмысловай статыстыкі беларусаў, якія застаюцца за мяжой, не існуе. Аднак тэндэнцыі прасочваюцца відавочныя:

“Я падзяліў бы такую эміграцыю на дзьве групы - палітычную і эканамічную. Натуральна, што палітычная носіць меншы характар, таму што ня так шмат людзей у нас займаюцца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю адносна ўсёй колькасьці насельніцтва краіны. Але ж бываюць выпадкі, калі сапраўды людзі трапляюць пад пэўны палітычны перасьлед, пад пагрозы крымінальнага перасьледу па палітычных матывах. Такія людзі вымушаныя зьяжджаць і прасіць прытулак.

Даволі значную частку складае эканамічная эміграцыя. Але вельмі часта людзі, якія зьяжджаюць з эканамічных прычынаў, матывуюць сваё жаданьне застацца на Захадзе менавіта палітычнымі ўмовамі, хоць такіх матываў насамрэч няма. Трэба адзначыць, што Дэпартамэнты міграцыі шэрагу краінаў часам робяць запыты, у тым ліку да нас, каб мы прадставілі інфармацыю адносна перасьледу гэтых асобаў. Калі такая інфармацыя ёсьць, мы яе прадстаўляем, а калі яе няма, то пацьвердзіць яе ня можам. Мяркуючы па гэтых зваротах, можна казаць, што сапраўды ёсьць грамадзяне Беларусі, якія шукаюць прытулку на Захадзе, прыкрываючыся нейкімі палітычнымі матывамі, хоць яны аніякім грамадзкім і палітычным жыцьцём тут не займаліся і ніякага перасьледу з боку ўлады адносна іх не было”.

Як кажа Валянцін Стэфановіч, ужо ёсьць прэцэдэнты, калі жыхары іншых краінаў (перадусім Расеі і Ўкраіны) “прыкідваюцца” за мяжой беларусамі з тым, каб заявіць, што пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, спадзеючыся атрымаць прытулак “па-за чаргой”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: Зьміцер
07.08.2008 14:13

"прыкідваюцца” за мяжой беларусамі з тым, каб заявіць, што пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, спадзеючыся атрымаць прытулак “па-за чаргой”"
І вельмі шмат выпадкаў, што атрымліваюць, бо бюракраты Дэпартаменту міграцыі некампетэнтныя ў справах беларускай палітыкі і не выключна, што некаторыя з іх працуюць на спецслужбы не сваёй краіны.
Бюракрат-прагматык галоўны вораг любой краіны!

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks