Грамадзтва

Амэрыканскія палітолягі супраць прыёму Ўкраіны ў НАТА

02.07.2008 18:23
Ян Максімюк

Сёньняшняя „International Herald Tribune” публікуе артыкулы, якія заклікаюць перагледзець палітыку ЗША ў адносінах да Расеі.

Аўтарамі тэкстаў зьяўляюцца асобы, чые прозьвішчы вядомыя шырокай публіцы. Гэта Генры Кісынджэр, дзяржаўны сакратар ЗША ў адміністрацыі прэзыдэнта Рычарда Ніксана ў 1973-1977 гг.; Стывэн Коэн, прафэсар Нью-Ёркскага Ўнівэрсытэту, вядомы амэрыканскі экспэрт у справах Расеі; Дзьмітры Рагозін, прадстаўнік Расеі ў НАТА.

Кісынджэр пачынае свай артыкул з запярэчаньня даволі пашыранаму погляду, што былы прэзыдэнт Уладзімір Пуцін працягвае кіраваць Расеяй празь Дзьмітрыя Мядзьведзева. Паводле былога амэрыканскага палітыка, апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Расеі запачаткавалі пераход краіны з этапу „кансалідацыі” ў этап „мадэрнізацыі”.

У Расеі, працягвае Кісынджэр, два цэнтры ўлады, якія ў пэрспэктыве могуць ператварыцца ў сыстэму „стрыманьняў і супрацьвагаў”, характэрную для больш сьпелых дэмакратыяў. Кісынджэр лічыць, што Расея цяпер перажывае „адзін з найбольш абяцальных пэрыядаў” у сваёй гісторыі. У сувязі з гэтым, былы амэрыканскі дыплямат гаворыць пра неабходнасьць таго, каб ЗША і Расея сталіся сапраўднымі стратэгічнымі партнэрамі.

На сусьветным палітычным парадку дня, піша Кісынджэр, дамінуюць тры пытаньні: глябальная бясьпека, Іран і адносіны Расеі з былымі савецкімі рэспублікамі, асабліва з Украінай. Паводле Кісынджэра, Вашынгтон і Масква могуць дасягнуць значнага кансэнсусу па першых двух пытаньнях. Перашкодай у гэткім кансэнсусе можа аднак стацца пашырэньне „заходняй сыстэмы бясьпекі” на Ўкраіну. Кісынджэр не ўжывае слова «НАТА» ў сваім артыкуле, але дае недвухсэнсоўна зразумець, што Вашынгтону варта добра задумацца, перш чым сказаць „так” членству Ўкраіны ў гэтым альянсе.

Затое кропкі над „і” расстаўляе артыкул Стывэна Коэна, у якім аўтар прапануе, каб ЗША кардынальна зьмянілі сваю цяперашнюю палітыку ў адносінах да Расеі. Коэн гаворыць пра неабходнасьць трох рэчаў: а) амэрыканская дыпляматыя павінна пачаць адносіцца да Расеі як да „сувэрэннай вялікай дзяржавы з сувымернымі нацыянальнымі інтарэсамі”; б) пашырэньне НАТА мусіць закончыцца, Украіна павінна заставацца па-за альянсам; в) абедзьве дзяржавы павінны аднавіць перамовы пра скарачэньне ядравай зброі, а ЗША — пакінуць плян збудаваць сыстэму антыракетнай абароны ў Эўропе.

У сваю чаргу Дзьмітры Рагозін сьцьвярджае, што разам з падзеньнем камунізму зьніклі прычыны для канфрантацыі Захаду з Расеяй. „Расея ступіла на шлях да эўрапейскай дэмакратыі,” — піша расейскі амбасадар у НАТА.

Рагозін заклікае да наладжаньня партнэрскіх адносінаў паміж Расеяй і НАТА, каб стварыць, паводле выслоўя расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева, „адзінства эўраатлянтычнай прасторы ад Ванкувэру да Ўладзівастоку”.

Зразумела, Рагозін таксама бачыць НАТА без Украіны і Грузіі. І ён нагадвае чытачам „International Herald Tribune”, што краіны, якія ня так даўно ўступілі ў НАТА, пагоршылі свае адносіны з Расеяй (канкрэтна прыводзіць прыклады Польшчы і Эстоніі).

Магчыма, празь нейкі час „International Herald Tribune” апублікуе артыкулы, у якіх аўтары будуць абараняць цяперашнюю амэрыканскую замежную палітыку і падтрымоўваць пашырэньне НАТА на Ўкраіну і Грузію. Аднак зьяўленьне вышэй згаданых тэкстаў ва ўплывовым міжнародным выданьні за некалькі месяцаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША падаецца невыпадковым. Відаць, гэта толькі пачатак дыскусіі над тым, як Амэрыка павінна будаваць свае адносіны зь сёньняшняй Расеяй, якая ўжо даўно забылася пра ельцынскую эпоху бясьсільля ў замежнай палітыцы і спрабуе нанава гаварыць з Захадам як роўны з роўным.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: Artes
02.07.2008 20:58

У часы Гітлера, гэтыя "палітолягі" раілі б супрацоўнічаць з фашысцкай Нямеччынай: "Нямеччына перажывае адзін з найбольш абяцальных пэрыядаў!!!”
Цьфу, якія ж паскуднікі...


Імя:: Мікола Горад:: ВКЛ
03.07.2008 10:35

Рагозін проста трызніць тым чаго няма у Расеі - пакуль яна ўступіла на шлях Пуцінскай карупцыі і павешана на крук чэкістскага разграбленьня, Украіна ў НАТО гэта інвэстыцыі ў эканоміку, хуткая мадэрнізацыя прамысловасьці і сельскай гаспадаркі. Рагозін напэўна не здзівіў
Украіну сваімі думкамі, але дзядуля Гэнры відавочна зьдзяцянеў і трызьніць бздурамі.
Урэшце Украіна можа далучыцца і да ваеннай групоўкі ЭЗ аб якой пачалі размаўляці ў сэнсе перамог талібаў па Сьвеце, Крыху заўчаснае пытаньне - трэба чакаці канца прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.


Імя:: Беларускі ўкраінец Горад:: Мінск
06.07.2008 01:03

Гэтых амерыканскіх здраднікаў дэмакратыі я нават і каментаваць не стану - глупства ды й толькі. Зраблю заўвагу на адрас "Радыё Свабода": абрывіятура "НАТО" - ангельска-амерыкаскага паходжання, г.зн. усе літары абрывіятуры ўтвараюцца ад ангелька-амерыканскіх словаў, якія не падпадаюць пад беларускую фанетыку і граматыку. Таму пісаць "НАТА" - некарэктна, бо апошняя літара ўвараецца ад слова "Організэйшн", а не "Арганізэйшн". Правільна "НАТО", а не "НАТА". Інакш трэба перакладаць усе словы і пісаць ужо чыста па-беларуску "АПАД" (Арганізацыя паўночна-атлантычнай дамовы).


Імя:: Мікола Горад:: Lithuania
14.07.2008 16:52

Гэтыя палітолагі напішуць усё за што ім заплаціць Расея, Сэнс у тым што Украіна не хоча быць калёніяй Расеі і сьвінарнікам для гадавамьня мяса і збожа , а рвецца ў клюб сучасных дзяржаў Эуропы з высокатэхналягічнай прамысловасьцю і аграрным сэктарам, атрымаць крэдыты на сваю мадэрнізацыю.
Гэта магчыма у ЭЗ і НАТО - ніякія дзядулі палітолягі з часоў халоднай ваўны з камунізмам сваім карканьнем не сядуць на шыю Украіне...

Камэнтары 1-4 (з 4)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks