Грамадзтва

Пушкіна аштрафавалі за сьвяткаваньне ўгодкаў БНР

03.05.2008 17:27

Папярэджаньне і 25 базавых велічыняў (875 000 рублёў) штрафу – такі вырак Крупскага раённага суду мастаку Алесю Пушкіну.


Жывапісец і пэрформэр зь мястэчка Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці прызнаў усе сьведчаньні, але не прызнаў сваёй віны. Папярэджаньне – за несанкцыяваны пікет, штраф – за непадпарадкаваньне міліцыі.

Суд доўжыўся каля 20 хвілінаў. У залі паседжаньняў апроч Алеся Пушкіна прысутнічалі ягоная жонка Яніна і малыя дзеці: Марылька палутара гадоў і Міколка чатырох гадоў.

27 сакавіка ў цэнтры Бабра разам з жонкай і дзецьмі Алесь Пушкін выставіў мальбэрт, на якім паставіў пірог з надпісам “90 год БНР”, якім частаваў аднавяскоўцаў. “Толькі літара “Р” засталася”, – распавёў Алесь Пушкін. Аздабленьнем мальбэрту сталіся некалькі шпакоўняў, герб “Пагоня” ды сьцягі: бел-чырвона-белы ды Эўразьвязу. У сьведчаньнях міліцыянт зазначыў, што бел-чырвона-белы – “былы дзяржаўны”. Алесь Пушкін пра прысуд:

“Кожны прысуд, які вынесены – ён злачынны. Таму што толькі апраўдальны прысуд сьвяту Дня Волі можа быць. Я б тады меў сатысфакцыю”.

Пра форму прысуду – штраф:

“Вельмі непрыемна, канешне. Бо ў фондаў я грошы не прасіў і прасіць ня буду. Выплачваць буду сам са свайго заробку”.

Алесь Пушкін вядомы сваімі мастацкімі пэрформансамі на грамадзка-палітычную тэматыку. Адзін з самых вядомых – калі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году Алесь Пушкін перакуліў вазок з гноем перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта ды кінуў у сьметніцу чырвона-зялёны сьцяг. Тады Алесь Пушкін быў пакараны крымінальным судом за “злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам” двума гадамі зьняволеньня ўмоўна.

3 траўня Алесь Пушкін запатрабаваў вярнуць яму сьцягі ды герб “Пагоня”, які сам мастак лічыць творам мастацтва, паколькі выява герба – аўтарская праца Алеся Пушкіна. Судзьдзя затэлефанаваў міліцыянтам, чый райаддзел месьціцца праз дарогу ад суду. Міліцыянты паабяцалі вярнуць маёмасьць, але спаслаліся на адсутнасьць начальства: маўляў, цягам тыдня абавязкова вырашым праблему.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Славек
03.05.2008 20:04

Пушкин - несгибаемый борец с режимом. Уважение и почет.


Імя:: andrmiel
03.05.2008 23:16

1. Вазок з гноем быў у 1999м.
2. Пушкін стварае прэцэдэнты для массавага паўтарэння, але неабходнасць пасля таго фінансаваць улады сваімі грашмі паказвае, што перфомансы гэтыя патрабуюць дапрацоўкі з тым, каб зрабіць падобнае фінансаванне немагчымым.


Імя:: сьвятар Сяржук Горад:: Менск-назаўсёды
04.05.2008 19:05

Хрыстос уваскрос!
Прапаную стварыць фонд, куды магчыма перасылаць грошы. Каь улада ведала - мы ўнясем па капейцы і перабольшым як прысуды!
Дабраслаўленьня ўсім змагарам!

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ