Грамадзтва

Сьпіс дэпартаваных з Расеі пустэльнікаў

18.04.2008 14:08

Сёньня начальнік Упраўленьня Фэдэральнай міграцыйнай службы (УФМС) Расейскай Фэдэрацыі па Пензенскай вобласьці палкоўнік Міхаіл Салмін паведаміў “Свабодзе” дакладны сьпіс дэпартаваных пустэльнікаў зь Беларусі.


1.Натальля Клімовіч, 1964 года нараджэньня, жыхарка Жабінкі .
2.Алена Панасюк, 1957 года нараджэньня, жыхарка Берасьця .
3. Сьвятлана Жуковіч, 1957 года нараджэньня, жыхарка Столінскага раёну.
4. Ольга Карповіч, 1936 года нараджэньня, жыхарка Бабруйска.
5. Еўдакія Папова, 1937 года нараджэньня, жыхарка Магілёўскай вобласьці.

Са словаў палкоўніка Салміна, сёньня ў прысутнасьці прадстаўніка амбасады Беларусі ў Расеі гэтыя жанчыны яшчэ раз заявілі, што не жадаюць пакідаць рэгіён:

"Усё ж мы выконваем рашэньне аб дэпартацыі, – падкрэсьліў палкоўнік Салмін, – ніякіх штрафаў, ці іншага віду пакараньня, як пра гэта пасьпяшылі заявіць некаторыя СМІ, выкарыстоўваць не будзем. Ёсьць адпаведныя дамоўленасьці з амбасадай Беларусі ў Расеі, а таксама з Міністэрствам унутраных спраў Беларусі”.

Доктар тэалёгіі Уладзімер Марціновіч лічыць, што кожнай зь беларускіх сэктантак цяпер патрабуецца дапамога спэцыялістаў, перадусім псыхолягаў. Між тым навуковец даводзіць, што такой кваліфікаванай службы ў Беларусі пакуль няма.

На пачатку лістапада 2007 году 35 чалавек (у тым ліку — чацьвёра дзяцей) схаваліся ў загадзя абсталяваным склепе ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Пустэльнікі вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці канец сьвету. Да самаізаляцыі яны падрыхтаваліся старанна, назапасілі рэчы для побыту і прадукты харчаваньня.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы ля расейскай вёскі Нікольскае знаходзіліся 10 грамадзянаў Беларусі, сярод іх двое дзяцей. Дарослыя лічаць сябе прыхільнікамі сэкты “Горні Ерусалім”, якую ачольваў жыхар вёскі Нікольскае Пётар Кузьняцоў. Гэты прапаведнік у 2006—2007 гадах некалькі разоў наведваў рэгіёны Беларусі, адкуль пазьней выехалі і схаваліся ў пячоры ягоныя прыхільнікі-пустэльнікі.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks