Грамадзтва

Нью-Ёрк: дэманстрацыя, выстава і дыктоўка беларусаў

24.03.2008 17:55

У нядзелю, 23 сакавіка, беларуская моладзь у Нью-Ёрку правяла дэманстрацыю каля будынку штаб-кватэры ААН. Пасьля адбыліся сьвяточныя імпрэзы да 90-х угодкаў БНР, у Беларускім музэі ў Нью-Ёрку адкрылася новая мастацкая выстава, амэрыканскія беларусы ўзялі таксама ўдзел у нацыянальнай дыктоўцы.


У дэманстрацыі ўзялі удзел каля 15 чалавек. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты ў падтрымку “Маладога фронту”, а таксама плякаты з надпісамі “Свабоду палітвязьням!”, “Расея, рукі прэч ад Беларусі”, “Няма месца для расейскіх G8!”, “Скажы “не” саюзу двух дыктатараў – Пуціна і Лукашэнкі!”.

Пасьля сьвяточнай дэманстрацыі, прысьвечанай 90-годзьдзю БНР, сьвяточныя імпрэзы адбыліся ў грамадзкай залі Катэдральнага сабору сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне, а ў Беларускім музэі, які месьціцца ў тым жа будынку, адкрылася новая мастацкая выстава.

“На выставе былі 32 новыя працы беларускіх мастакоў, у тым ліку Аляксея Марачкіна, Алеся Шатэрніка, Генадзя Драздова, Уладзімера Новака, Аляксандра Грыгор'ева, Рыгора Батальёнка, Міколы Купавы, Юліі Шатэрнік, – расказаў Радыё Свабода Сяргей Федарэнка, сябра Беларускага моладзевага руху Амэрыкі.

“Мы таксама глядзелі кінастужку рэжысэра Антося Цялежнікава “Беларускі пасьляваенны антысавецкі супраціў: 1944 – 1959 гг.”. Гэты фільм па-беларуску, і так прыемна чуць родную мову тут, у Амэрыцы. Мы таксама глядзелі відэазапіс выступу Данчыка ў Менску, слухалі яго песьні і яго словы аб беларускай незалежнасьці. Прыемна, што мы тут – усе разам, не губляем сувязяў зь беларусамі. Са сьвятам усіх! Жыве Беларусь!”

Беларусы Амэрыкі, якія прыйшлі на сьвяткаваньне, таксама напісалі нацыянальную дыктоўку.

Апрача гэтага, нью-ёрскія беларусы сабралі ахвяраваньні на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на былой амбасадзе БНР у Таліне і заклікалі ўсіх беларусаў далучыцца да збору грошай, каб гэтая табліца атрымалася сапраўды народным памятным знакам.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Віталь Р Горад:: Трэнтан
24.03.2008 18:09

Здымак у артыкуле гэта фота мітынгу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы, мітынг прайшоў 22 сакавіка ў Нью Ёрку.
Выпраўце памылку


Імя:: Сяргей Федарэнка Горад:: Нью Ёрк
27.03.2008 06:11

Прывітанне радые Свабода! Неяк нязручна мне аб гэтым казаць, але казаў пра мастакоў я, маё імя Сяргей Федарэнка, не Алесь Сідарэнка Дзякуй.


Імя:: Т.Поклад
27.03.2008 12:33

Віталю: тэхнічная памылка выпраўленая, дзякуй. Адно фота трапіла ў два матэр'ялы, выправілі ў той жа дзень. Фота цяпер слушнае.

Сяргею: Дзякуй, і прашу прабачэньня за тое, што па тэлефоне недакладна пачула вашае імя і прозьвішча. Вы, напэўна, памятаеце, што сувязь была не вельмі добрая, памехі. Памылку выправім. У эфіры вашае імя і прозьвішча ўжо гучала правільна: Сяргей Федарэнка.
Алесь Вінакураў, лідэр "Руху" паведаміў мне адразу, і я перадавала праз яго свае прабачэньні.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks