Грамадзтва

На дыктоўку пайшлі сем’ямі

23.03.2008 19:31

У першай агульнанацыянальнай дыктоўцы бяруць удзел прадстаўнікі розных слаёў грамадзкасьці – ад школьнікаў да пэнсіянэраў.


Некаторыя прыходзяць сем’ямі. У Менску дыктоўку пісалі на сядзібе партыі БНФ і ў офісе Таварыства беларускай мовы. Дыктоўка адбылася й ў абласных цэнтрах. У Лідзе мясцовыя ўлады не далі магчымасьць людзям сабрацца разам для напісаньня дыктоўкі. Барыс Хамайда пісаў дыктоўку на плошчы ў цэнтры Віцебску.

На сядзібе партыі БНФ ад 11 гадзіны да 5 вечара дыктоўку пісалі кожную гадзіну. Напачатку сабралася столькі народу, што не хапіла месца ўсім жадаючым. Так што некаторым давялося чакаць гадзіну, каб сесьці ў залі на вольнае крэсла.

Дыктоўка пачыналася зь песьні Сяржука Сокалава-Воюша “Маналёг Багушэвіча”. Пасьля гэтага пачыналася дыктоўка тэксту – прадмовы Францішка Багушэвіча да кнігі “Дудка беларуская”.

Тэкст для дыктоўкі адаптаваў літаратар Уладзімер Сіўчыкаў:

“Гэта павінен быў быць тэкст сакральны і сьвяточны, таму што мы дыктуем яго ў сьвята. Самі адносіны дыктоўшчыка і тых, хто піша, у нейкай ступені нагадваюць адносіны сьвятара і паствы.

На сядзібу партыі БНФ і ў офіс ТБМ людзі прыходзілі са сваімі дзецьмі. Дыктоўку пісала ўся сям’я Законьнікава – жонка, дзьве дачкі, зяцьці і ўнукі. Віктар Івашкевіч прыйшоў са сваім бацькам, братам і пляменьніцай.

“Я вельмі рады, што пабачыў тут і спадара Грыба, аўтара нашай першай Канстытуцыі. І Сяргея Антончыка, кіраўніка страйкавых камітэтаў, і Ляўковіча. На жаль, прадстаўнікі іншых партый чамусьці праігнаравалі, але затое шмат якія іншыя людзі ўзялі ўдзел”.

На сядзібу партыі БНФ нечакана для ўсіх прыйшлі некалькі школьнікаў і студэнтаў, якія раней не ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці. Сярод прысутных былі заўважаны і супрацоўнік міліцыі, які таксама разам зь іншымі пісаў тэкст.

Хлопец: “Лічу, што беларуская мова, адраджэньне яе і напісаньне дыктоўкі – гэта таксама добрая справа”.

Дзяўчына: “Гэтая дыктоўка нешта большае, чым простае напісаньне словаў – гэта як аб’яднаньне людзей, аб’яднаньне нацыяў за адной справай”.

У Віцебску Барыс Хамайда сеў на цэнтральнай плошчы з магнітафонам і пачаў пісаць дыктоўку. Да яго падыйшлі міліцыянты і пацікавіліся чым ён заняты. Але той не адказваў. Праз некалькі хвілінаў каля Барыса Хамайды сабралася зь дзясятак міліцыянтаў. Пасьля таго, як яны пераканаліся ў тым, што апазыцыянэр сапраўды піша дыктоўку, то адышліся ў бок. Спадар Хамайда паведаміў, што нейкі палкоўнік міліцыі нават загадаў, каб яму не перашкаджалі.

Лявон Баршчэўскі спадзяецца, што дыктоўка па-беларуску набудзе ня толькі агульнанацыянальны маштаб.

“Была ідэя зрабіць супольна з літоўцамі, палякамі, украінцамі, каб пашырыць яе маштаб. Чыноўнікі не прыйшлі, але, калі ім дадуць загад, яны прыйдуць. Вось далі загад зрабіць “круглы стол” пра БНР, зрабілі і апублікавалі. Заўтра, я ведаю, нашы гісторыкі будуць чытаць лекцыю перад слухачамі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце пра гісторыю БНР. Можа, на наступнай дыктоўцы валам будзе валіць чынавенства”.

15 сакавіка дыктоўку пісалі амбасадары, рэдактары недзяржаўных выданьняў і літаратары ў рамках сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР. Потым да яе далучыліся іншыя ўдзельнікі. 25 сакавіка апошні дзень напісаньня дыктоўкі.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-5 (з 5)
Імя:: Мікіта
23.03.2008 20:40

Я ня ведаю як чыноўнікі Беларусі,а вось парлямэнтар зь сэйму Летувы прыйшоў у Вільні й напісаў!


Імя:: kira
23.03.2008 22:31

Хлопец: “Лічу, што беларуская мова, адраджэньне яе і напісаньне дыктоўкі – гэта таксама добрая справа”.
i чым вы цяперака адрозьневаецеся ад беларускага тэлебачыньня? - "краiна, народ ды Славянскi Базар у Вiцебску"


Імя:: Дуглас
24.03.2008 07:52

Дыктоука- как пиар, не более. А в принципе наших националистов уже никакая дыктоука не спасет.


Імя:: Менчук Горад:: Менск
24.03.2008 11:44

Дыктоўка - геніяльная ідэя, якая спрыяе сацыяльнае салідарнасьці. І калі летувісы ці палякі робяць такую дыктоўку хутчэй дзеля прэстыжу, у нашых сучасных умовах падобныя дыктоўкі могуць стаць важным чыньнікам нацыянальнага Адраджэньня.


Імя:: Мазынскі
24.03.2008 13:32

Сп. "Дуглас". Ты - мой "вораг", але я аддам жыцьцё за тое, каб ты мог друкаваць свае думкі на гэтай старонцы.

Камэнтары 1-5 (з 5)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ