Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе
17.01.2008 16:50
Адкрыйце, загрузіце, раздрукуйце – працягніце справу Скарыны! Бібліятэку складаюць выбраныя перадачы. Рыхтуюцца новыя выданьні.
• Івонка Сурвіла. Дарога: Стоўпцы - Капэнгаген - Парыж - Мадрыд - Атава - Менск. — 2008. — 144 с.: іл. (PDF 1,4 Mb) Прыгожая кніга самай прыгожай старшыні Рады БНР. Водгукі і прэзэнтацыі.
• Уладзімер Арлоў "Імёны Свабоды" — 2007. — 576 с.: іл. (PDF 4,3 Mb) 261 партрэт герояў беларускай свабоды. Кніга – дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш. Прэзэнтацыя ў Менску, Магілёве і ў Інтэрнэце, водгукі і розгалас.
• Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны. — 2007. — 232 с.: іл. (PDF 0,8 Mb) Страшныя, сьмешныя, забытыя словы савецкага часу — ад палёту Гагарына да выбуху ў Чарнобылі. Плюс фэерычная рэакцыя слухачоў. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Плошча. 19.03—25.03.2006. — 2006. — 400 с.: іл. (PDF 2,3 Mb) Хроніка масавых пратэстаў сакавіка 2006 году, калі ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у цэнтры Менску паўстаў намётавы лягер. Кругласутачныя рэпартажы, каляровыя фота, званкі на «Свабоду» — нацыянальная акустыка менскага цуду. Прэзэнтацыя ў Менску, Вільні.
• Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. — 2006. — 504 с.: іл. (PDF 1,8 Mb) Бог, сэкс, магія, сны, гарэлка, інтрыгі, бойкі, улада — жыцьцё і сьмерць па-беларуску і ў эўрапейскім кантэксьце. Гутаркі з гісторыкамі, фальклярыстамі, пісьменьнікамі — так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Сяргей Дубавец. Вострая Брама. — 2005. — 520 с. (PDF 1.0 Mb) Беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў — адкрыцьці, парадоксы і правакацыі, выбраныя старонкі найноўшага нацыянальнага дыскурсу. Інтэлектуальны фэст. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Быкаў на Свабодзе. — 2005. — 662 с.: іл. — 2-е выд. (PDF/HTML) Новае выданьне дапоўненае не вядомымі раней аўтарскімі тэкстамі, інтэрвію, лістамі, малюнкамі, фота і ўспамінамі. Клясыка жанру. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Аляксандар Лукашук. Прыгоды АРА ў Беларусі. — 2005. — 500 с.: іл. (PDF 4.7Mb, 500 старонак) Авантурная гісторыя самай забытай у ХХ стагодзьдзі амэрыканскай гуманітарнай дапамогі ў 1920—1923 гг. Аўтар знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі і зрабіў любоўную рэканструкцыю эпохі. Не раўнуючы машына часу. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Рыгор Барадулін. Дуліна ад Барадуліна. — 2004. — 254 с.: іл. (PDF 1.1Mb) Показкі, эпіграмы, міні-оды «Свабодзе» ды іншыя бессаромныя жэсты, у т. л. эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца». Бо праўды не заглушыш. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Poems on Liberty: Reflections for Belarus. — 2004. — 312 с. (PDF 339Kb) Выбранае з кнігі «Верш на Свабоду» па-беларуску і па-ангельску. Бліскучыя пераклады фантастычнай вялікабрытанкі Веры Рыч.
• Быкаў на Свабодзе. — 2004. — 536 с.: іл. (PDF/HTML 1.7Mb) Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991—2003 гг. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю «Свабоду». Тое сталася звычкай і патрэбай душы». Брама скарбаў, адкрытая для ўсіх, хто любіць Быкава. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Дарога праз Курапаты. — 2002. — 464 с.: іл. (PDF 1.5Mb) Гісторыя безразважнай абароны месца масавых пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Унікальны ў гісторыі журналістыкі дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Кніга абароненай годнасьці. Прэзэнтацыя ў Менску.
• Верш на Свабоду. — 2002. — 464 с. (PDF, 497 Kb) Анталёгія арыгінальнай паэзіі, якая гучала на хвалях «Свабоды» штодня ўвесь 2001 год. Аўтары — нобэлеўскія ляўрэаты і паэты-выгнаньнікі, самаму маладому — 10 гадоў, найстарэйшаму — 92. Свабода — мова, на якой Бог гаворыць з чалавекам, а чалавек — з Богам. У кнізе — фрагмэнты гэтай размовы.