Блогі / Пятро Садоўскі

Незаўважаная ў Беларусі: Сымон дэ Бавуар

05.03.2008 16:23

7-11 студзеня 2008 г. эўрапейскія мэдыі – нават кансэрватыўнага накірунку – зьмясьцілі аўтарскія публікацыі, прысьвечаныя стагадоваму юбілею Simone de Beauvoir.


Сымон дэ Бавуар (нар. 9. 01. 1908 г.) – пісьменьніца-ляўрэатка замежных і нацыянальнай Ганкураўскай прэміяў, жанчына-інтэлектуалка, фэміністка, якая парвала з кансэрватыўным каталіцкім асяродзьдзем, захаплялася марксізмам і савецкім сацыялізмам, а потым катэгарычна адмаўляла іх гістарычную пэрспэктыву, змагалася супраць вайны ў Альжыры і Віетнаме, падтрымлівала кубінскую і кітайскую рэвалюцыі, раздавала сабраныя і ўласныя грошы бедным, дыскутавала з прымітыўнымі фрэйдыстамі і сацыяльнымі дэтэрміністамі, 50 гадоў была жыцьцёвай спадарожніцай Ж.-П.Сартра, зь якім знайшла свой апошні спачын ў агульнай магіле на Манпарнаскіх могілках у Парыжы.

Сартраўскі экзыстэнцыялізм зь ягонай максымай, што ў сьвеце няма перадвызначанага бегу рэчаў, а свой лёс чалавек робіць кожны дзень сам, у адносінах да “жаночай праблемы” Сымон дэ Бавуар ляпідарна сфармулявала ў афарыстычным выказваньні, якім пачыналася другая частка ейнага, пэўна. самага папулярнага твору “Другі пол” (“Le Deuxième Sexe”) : “Жанчынаю не нараджаюцца, жанчынаю становяцца” ( “On ne naît pas femme, on le devient”).

Жаданьне напісаць пра гэтую незвычайную жанчыну напярэдадні так званага Жаночага Дню, калі на галовы сьвяточна прыбраных жанчынаў будуць вылітыя мэгабайты псэўдамудрасьцяў і пошласьцяў, нарадзілася ў мяне з дзьвюх прычын.

Зваротны адлік уплыву – “адліга” 60-х

Па-першае -- шчымлівы ўспамін пра маладосьць, калі ў канцы 60-х мінулага стагодзьдзя падчас хрушчоўскай адлігі і лібэральнага бунту “Новай левай” у Эўропе разам з прозьвішчамі Камю, Энцэнсбэргера, Маркузэ, Чэ Гевары і да т. п. мы пачулі таксама імёны Ж.-П. Сартра і ягонай жыцьцёвай спадарожніцы ды інтэлектуальнай сяброўкі – Сымон дэ Бавуар. Празь перадрукоўкі з самвыдату, з фрагмэнтаў рэцэнзіяў у часопісе “Иностранная литература”, з афіцыйна выдадзеных перакладаў ды нелегальна правезеных празь мяжу арыгіналаў на замежных мовах мы прагна ўгрызаліся ў эўрапейскі інтэлектуальны лібэралізм, тады, праўда, не заўсёды зразумелы. Шмат каго з названых аўтараў удавалася калі-небудзь набыць па казачна танным кошце на польскай мове ў кнігарні “Дружба” (тады прасп. Леніна 43, цяпер Незалежнасьці), як у той час казалі ў Мінску бібліяфілы, -- “у Зосі”. Так звалі вельмі сымпатычную прадавачку з польскага аддзелу гэтай кнігарні. Палякі хоць і належалі тады яшчэ да “сацыялістычнага лягеру”, але выдавалі масавымі тыражамі творы заходніх інтэлектуалаў.

З бавуараўскай “бібліі фэмінізму”, як называюць трактат “Другі пол”, у тыя гады асабліва папулярныя былі разьдзелы, дзе бязьлітасна праўдзіва выкладаўся асабісты сэксуальны досьвед аўтаркі і ейных сябровак, што пакутавалі ад мужчынскага шавінізму. (Ня трэба забывацца, што да 1944 г. у Францыі жанчыны былі пазбаўленыя права голасу, што былі забароненыя аборты, што жанчыны не маглі адкрыць банкаўскі рахунак і г. д.). Запомніліся рэдактарскія камэнтары польскага выданьня, дзе аўтары знаходзілі ў тэксьце Бавуар алюзіі на пакуты талстоўскай герані з “Вайны і міру” (маленькая княгіня, жонка Андрэя Балконскага, паміраючы ад няўдалых родаў, кажа свайму каханаму: “Ах, што ж гэта Вы зрабілі са мною?”) і ўзгадкі пра Соф’ю Андрэеўну, жонку Лява Талстоя, якая за 24 гады перажыла 16 цяжарнасьцяў. Змагаючыся за права жанчыны перапыніць пры жыцьцёвай неабходнасьці цяжарнасьць, насуперак закону і грамадзкай думцы, дэ Бавуар разам з 343 сваімі прыхільніцамі падпісала маніфэст “Я зрабіла аборт!” (На самай справе яна гэтага не рабіла). Ейны ўчынак французы параўноўваюць з памфлетам Заля “Я абвінавачваю!”, калі ён адзіны выступіў супраць дзяржаўнага антысэмітызму ў так званай справе Дрэйфуса.

Зараз сьмешна ўспамінаць, як мы, ведаючы тады мала пра “ўнутраную кухню” творчасьці Ж.-П. Сартра і С. Бавуар, шукалі ў празаічных творах (асабліва ў сартраўскіх п’есах і лістах) шырокія экстрапаляцыі і рэвалюцыйныя алегорыі. Аўтары ж часам апісвалі амаль дакумэнтальна ўласны досьвед інтэлектуальных зносінаў або нават праграмавалі будучыя “раманы-знаёмствы”, тварылі “тэкст”, арыентуючыся на сваіх сяброў. Такім чынам яны стваралі своеасаблівую постмадэрнісцкую мадэль новых арыстакратычных міжасабовых адносінаў, ставячы экспэрымэнты над самімі сабою. Мала хто, напрыклад, ведаў, што інтэлектуальны раман-эсэ “Словы” Сартр прысьвяціў нейкай Зонінай – грамадзянцы СССР, перакладчыцы, сваёй пасіі, зь якой пазнаёміўся падчас візыту ў Маскву. Яна была і савецкая дысыдэнтка і блізкая да КДБ асоба. Калі Сартр адмовіўся ад Нобэлеўскай прэміі, ягоныя тэксты і эсэ Бавуар у СССР чыталі асабліва прыхільна і ўважліва.

Тады, ў канцы 60-х і пачатку 70-х (ды, думаю, і сёньня застаецца такім для беларусаў) цікава чытаўся раман “Мандарыны” (“Les Mandarins”), за які Сымон дэ Бавуар у 1954 г. была ўганараваная Ганкураўскай прэміяй. Мандарынамі ў Францыі называлі інтэлектуалаў, валадароў грамадзкай думкі. У рамане “парыскія мандарыны” спрачаюцца ў інтэлектуальных салёнах пра пазыцыю нацыянальнай інтэлігенцыі падчас нямецкай акупацыі, адносіны да Рэзыстансу, ЗША і пляну Маршала, будучыню Эўропы і савецкага сацыялізму.

Наша дзяржава лепіць Міс-аграгарадок …

Па-другое, чаму хочацца ўзгадаць Сымон Бавуар, – пачуцьцё фальшу і сорам за нашу дзяржаўную прымітыўна-салодкую эмансыпацыю і тырадаў пра роўнасьць жанчынаў і мужчынаў. Прыслухоўваючыся да нораваў кіраўніка дзяржавы, якому падабаюцца “красівыя жэншчыны”, у краіне квадратна-гнездавым спосабам, як некалі раілі садзіць бульбу, каляўладныя дзялкі пачалі ствараць інкубатары жанчын-жарабятак. “Красата спасёт мір!” – дэкляруюць дэбілы-мадэратары на дзяржаўным тэлебачаньні, паказваючы буйным плянам ніжнюю частку прыгожага маладога цела. Яны чулі, што недзе нехта некалі нешта падобнае сказаў. (Насамрэч герой Дастаеўскага некалі сказаў: “Прыгажосьць подзьвігу Хрыстовага выратуе Сьвет”). У тэлевізары буйным плянам: прыгожыя, але каснаязыкія бландзінкі-дэпутаткі; адабраныя прыгожыя студэнткі-выдатніцы сядзяць абапал найвышэйшага начальніка; гуртамі -- ад Брагіна да Верхнядзьвінску – спакушаюць і калечаць душы маладым дзяўчаткам шоў-дзялкі, рэкрутуючы тавар для свайго сумніўнага бізнэсу; размаляваныя дзеткі жаночага роду танцуюць у дзіцячых ансамблях з рухамі маленькіх тайляндзкіх прастытутак; прыгожая дыктарка-камэнтатар аж лупіцца са скуры, штучна “мініруецца”, паводле маскоўскага лякала, цешыцца на сябе любімую ўнутраным зіркам, але кажа “экзіт-пул”, “інцындэнт”, “празрыста і транспарэнтна”… Дзе ў сьвеце, які разумны мэдыя-рэжысэр будзе ўкладаць у вусны дваццаціпяцігадовай лялькі аналітычны тэкст…?! (Узгадайце узрост, манеру паводзінаў і зьнешнасьць тэлемадэратарак сур’ёзных праграмаў у Эўропе). Дзе ў сьвеце карэспандэнтка з натуральным футравым каўняром і з мадэльнай прычоскай будзе весьці тэлерэпартаж са сьвінафэрмы? Этнакультуролягі пішуць, што жанчыны яшчэ ў дацывілізацыйную эру размалёўвалі сябе, каб прывабіць мужчын, і “дызайнам” свайго візажу сыгналізавалі пра сваю даступнасьць або наадварот. Але ж рабілі гэта ў свабодны ад працы час, калі племя спачывала пад пальмамі ды лазовымі кустамі. Навошта сёньня, гаворачы пра гендэрную роўнасьць, прыніжаць жанчынаў, ператвараючы іх публічна ў пацешныя лялькі з правінцыйнымі комплексамі непаўнавартаснасьці?

Згадваючы ў сьвяточных восьмасакавіцкіх слоўных тырадах імя Клары Цэткін, вурна з попелам якой замураваная ў маскоўскім крамлёўскім муры, мы і тут фальшывім. На радзіме эмігранткі Цэткін ідэалы сацыяльнай роўнасьці жанчынаў, за якія яна змагалася, спраўдзіліся больш, чым на нашых тэрэнах: у Германіі настаўніцы ды доктаркі зарабляюць сёньня больш, чым шараговыя паліцыянты-мужчыны.

Некаторыя штрыхі да партрэту Сымон дэ Бавуар

Вучнёўскія гады пражыла ва ўлоньні інтэлігентнай, але небагатай сям’і. Фамільныя акцыі расейскай чыгуначнай кампаніі “згарэлі” пасьля 1917 году. Маці – шчырая каталічка-верніца, бацька – агностык. З 14 гадоў Сымон шукае свайго Бога і не знаходзіць, заўважае, як грамадзтва фармуе прыгнечаную жанчыну. Студэнткай вывучае філялёгію, матэматыку, філязофію. Дыплём абараняе па філязофска-матэматычнай тэорыі Ляйбніца. Заключны экзамэн па філязофіі ў École Normale Supérieure здае ў 1929 г. зь першага разу бліскуча, па балах 2-я пасьля Сартра (ён двойчы правальваўся). З 76 выпускнікоў экзамэн вытрымалі толькі 24. Да экзамэну Сымон і Жан-Поль рыхтаваліся разам на кватэры ў сябра, камуністычнага сымпатыка, пад цнатлівым вокам Леніна, партрэт якога вісеў над канапай гаспадара. Моладзевы жарсьці былі тут мала “рэлевантныя”: Сартр меў рост 158 см, быў касавокі, неспартыўны, зь непрывабнай скурай… Заключыўшы на 2 гады, а потым і на ўсё жыцьцё дамову пра “адкрытыя сяброўскія адносіны”, што нагадвае наша разуменьне грамадзянскага шлюбу, яны рэдка жылі разам, наймаючы гатэлі і прыватныя кватэры, ліставаліся амаль штодня, да драбніц апісваючы свае інтэлектуальныя ды эмацыйныя адкрыцьці, што не перашкаджала ім абложна і плённа працаваць. За сваю працаздольнасьць і цягу да інтэлектуальных зьбюрак Сымон атрымала мянушку “бабёр”: ейнае французскае прозьвішча нагадвала паводле гучаньня ангельскае “beaver”, і да таго ж бабры заўсёды працуюць кучкамі. Пры сустрэчах – часта ў прысутнасьці новых сяброў – яны падводзілі вынікі сваіх эпісталярных спрэчак і спраўджвалі, ці адпавядае іх modus vivendi філязофіі экзыстэнцыялізму.

Якое яно – шчасьце жанчыны?

Чытаньне дзёньнікаў і лістоў Сымон дэ Бавуар сёньня – ня гледзячы на ўвесь ейны аптымізм і інтэлігентную мэтанакіраванасьць экспэрымэнту над сабой – усё ж пакідае ўражаньне горычы. Здаецца, што нават такая незвычайная жанчына не змагла знайсьці глыбокае шчасьце без сапраўднай сям’і. (У канцы жыцьця дэ Бавуар удачарыла сваю сакратарку, каб пакінуць на яе свой літаратурны даробак). Бліскучая эпісталярныя спадчына Сымон дэ Бавуар падсьвядома ўспрымаецца як свайго кшталту тэрапія ад сацыяльнай і асабовай дэпрэсіі. Засяроджваючыся па-філязофску на праблемах жыцьця і сьмерці пры апісаньні апошніх дзён сваёй маці і адыходу з жыцьця Сартра, яна прама і ўскосна прызнаецца, наколькі цяжка ёй было ісьці той сьцежкай, якую яна выбрала для самой сябе. Сумясьціць інтэлектуальнае “быцьцё двух разам і розна для захаваньня асабістай свабоды кожнага” – рэч амаль немагчымая. Асабістая свабода ператварае “разам” у “нівошта”. Зараз ніхто ня можа сказаць, дзе Сартр і дэ Бавуар у сваіх пісаньнях былі да канца шчырыя, а дзе не. Ніводная жанчына і ніводзін мужчына ў сьвеце ня ведае, дзе і якое яно – ягонае шчасьце. У гэтым увесь шарм чалавечага быцьця, скажам так, як некалі гаварыла Сымон дэ Бавуар.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-11 (з 11)
Імя:: Вольга К
05.03.2008 21:41

Дзякуй. Здорава! А вось... мужчынамі становяцца? Калі так, дык што, на вашую думку, для гэтага трэба? Пытаньне просьценькае, адказ цікавы.


Імя:: Нана
06.03.2008 00:40

дзякуй" спадар садоуски! вы неяк падтрымливаецет узровень гэтага сайта" бо щзусим няма чаго прыстойнага чытаць" першы раз за доуги-доуги час атрымала сапраудную асалоду!


Імя:: Т.Шут
06.03.2008 17:10

Шчыра дзякую, сп. Пятро, за тэму і развагі!
Што ж рабіць беларускам -- і беларусам? Ці ёсьць у нас нашая Сымон? А можа, ёсьць, і не адна, толькі ня многім вядомая.
І -- усёт-кі -- што ж вы параіце -- як супрацьстаяць ідэі "Міс-аграгарадок -- ідэал беларускай кабеты"? Так, сапраўды афіцыёз у Беларусі актыўна прапагандуе гэта. А нашыя незалежныя СМІ які вобраз прапагандуюць, як на вашую думку?Як вы мяркуеце, што незалежныя СМІ маглі б супрацьставіць ідэі "Міс-аграгарадок"?


Імя:: Мазынскі
06.03.2008 17:13

Дзякуй сп. Пятро! Проста "кайф" чытаць васпана. ( дый слухаць).


Імя:: Вольга К.
06.03.2008 19:53

Т. Шуту - як супрацьстаяць? Берагчы жанчын, дапамагаць разьвіваць іх талент, кахаць, тады й талент будзе разьвівацца. І не баяцца жанчын. І паболей даваць выказвацца ў незалежных СМІ:)


Імя:: П. Садоўскі
06.03.2008 22:47

Для Т. Шут: Абсалютна згодны з Вольгай К. Недзяржаўныя СМІ (напр. НВ ці НН, ці рэгіянальныя) маглі б пачаць сэрыю сустрэчаў зь цікавымі разумнымі жанчынамі. Прыйсьці дадому, пагаварыць пра бібліятэку, дапытацца, як чалавек сумяшчае свае погляды і ўчынкі. Гэта могуць быць і вернікі, і атэісты, і расійскамоўныя, і беларускамоўныя. Вазьміце, напрыклад сясьцёр Дубянецкіх. Адна зь іх - доктар багаслоўя, другая - выдатны філёляг. Пра Сьвятлану Алексіевіч у нас дагэтуль ніхто нічога глыбокага не напісаў. У мяне суседка - ці не самы малады доктар фізіка-матэматычных навук сярод жанчын у Беларусі - Тацяна Шышкіна. Цікавы чалавек. Ведаю яшчэ адну даму - Заіру Гудзіеву. Сама сябе адукавала. Або Ларыса Сімаковіч. Сябры "Свабоды" яе ведаюць. Вакол нас - безьліч самабытных асобаў. Трэба зьбірацца на сумоўі, прыглядацца адно да аднаго. Не абавязкова мітынгаваць і крытыкаваць. У жыцьці столькі цікавага


Імя:: Т.Шут
06.03.2008 23:07

Вользе К. -- берагчы жанчын, дапамагць, разьвіваць, кахаць -- гэта патрыярхальны падыход: наўрад ці заклікі да гэтага палепшыць сытуацыю.
Але я -- пра вобраз ідэалу жанчыну у нашых СМІ: вы думаеце, нешта зьменіцца, калі жанчыны будуць болей выказвацца у СМІ?
Мы чуем вось прыгожыя жаночыя галасы на радыё Свабода -- ці шмат гэта зьмяняе?
Калі жанчына-дыктарка, напрыклад, распавядае пра пытаньне, зададзенае па тэлефоне -- чаму ў царкве жанчынам трэба пакрываць галаву -- і кажа: "Слухачу адказвае сьвятар праваслаўнай царквы..." і той тлумачыць, што жанчына -- даслоўна! -- "павінна пакрываць валасы, каб не спакушаць і не бянтэжыць людзей".
Натуральна, каб сьвятар сказаў, што жанчныа -- не чалавек, гэта б пэўна не перадалі па радыё. А вось у такім выглядзе -- калі ласка, самі жанчыны перадаюць -- і гэта на на Свабодзе, на самым сучасным нашым радыё, -- што ўжо пра іншыя казаць...


Імя:: П. Садоўскі
07.03.2008 08:24

Тым, хто не чытаў “Другі пол”: Другую частку афарыстычнага выказваньня Дэ Бавур (“жанчынамі становяцца”) некаторыя ўспрымаюць толькі традыцыйна паводле моўных штампаў кшталту “стаць мужчынам, стаць спэцыялістам, стаць грамадзянінам і да т. п.”. Пасьля зьяўленьня гэтага блогу я атрымаў электронны ліст ад адной знаёмай вельмі адукаванай дамы і некалькі тэлефонных званкоў, якія сьведчаць пра гэта. Дэ Бавуар мела на ўвазе, што жанчына нараджаецца з прыроднымі задаткамі, якія не супадаюць з тымі стэрэатыпамі, якія склаліся ў грамадзстве, што дзіця-жанчыну само грамадзства змалку праграмуе на тое жыцьцё ў грамадзстве, якім кіруюць мужчыны: яна дурнейшая, чым мужчына, яна слабая, яна ня можа быць аб’ектыўнай і да т. п. Да гэтага добра прыклала руку і наша мілая царква (ня Бог!). Першая частка кнігі прысьвечана абвяржэньню мітаў і стэрэатыпаў пра жанчыну, якія панавалі на той час у грамадзстве. У гэты сэнсе я салідарны з другой заўвагай Т. Шут. На “цікавае пытаньне” Вольгі К. я б зрэагаваў так: мужчынамі таксама становяцца (у разуменьні С. дэ Бавуар). Нам, мужчынам, трэба пазбавіцца ад свайго (мужчынскага) шавінізму. Мы не заслугоўваем ад прыроды той высокай паліцы, на якую сябе пасадзілі. Я не зайздрошчу мацеркам-гераіням. Можа, гэта гучыць не па-хрысьціянску, але думаю, што большасьць зь іх сталі гераінямі не паводле рамантычных памкненьняў. Калі я быў амбасадарам і дэпутатам у Фрунзенскім раёне г. Мінску, я бываў ў шматдзетных сем’ях, дзяліў нямецкія грошы і пасылкі. Былі там сем’і, што мелі і па 13 дзяцей. Паглядзелі б вы на некаторых тых таткаў. Вобраз маці-гераіні у нас закансэрваваўся з савецкага фільму з Наталяй Гундаравай (зямля ёй пухам!). А ейнага рыжага мужа-умельца я б адвёў на стайню і даў трохі бізуноў па ягоным тонкім крэсьле.


Імя:: Вольга К.
07.03.2008 09:46

Т. Шуту - аб патрыярхальным падыходзе... Не, паважаны Т. Шут - кахаць і пялегаваць жанчыну - гэта даўно ўжо не патрыярхальны падыход. Муж Маргарэт Тэтчэр займаўся сям'ёй - бярог, кахаў і гэтак далей. А яна вырашала эканамічны крызіс Брытаніі. Вы мяне нават павесялілі. Выглядае, вы сапраўды мала знаёмыя з моцнымі жанчынамі. Моцныя - гэта тыя, якія вытрымліваюць шмат паралельных нагрузак. Вось яны якраз і патрабуюць разуменьня і абераганьня. Каб спакойна рэалізоўваць свой талент, маючы тыл... Вядомыя вам паводле галасоў дыктаркі занятыя яшчэ настолькі важнымі справамі! А жывыя эфіры параўноўваюцца зь кіраваньнем самалёту - паводле стрэсу. Калі вы ўзгадалі сюжэт з нашага радыё - дык дыктарам і дыктаркам камэнтаваць не выпадае. Ёсьць такая ўсходняя прымаўка - мужчыну робіць жанчына. Заходняя, відаць, такая - мужчына будзе рабіць жанчыну. Толькі не падумайце пра тое, што адзяваць і даваць ёй грошы. Раней жанчыны былі тылам, цяпер - паглядзім як філязафічны падыход да таго, хто прагрэс а хто тыл, - зьменіцца. Магчыма, зьменіцца. Ну а ваш клопат пра рэалізацыю таленту жанчын - проста выклікае павагу. Так што ў якасьці даволі моцнай жанчыны разьлічваю на вашае спачуваньне:))


Імя:: Вольга К.
07.03.2008 09:56

П. Садоўскаму - аб шавінізьме. Дзякуй за адказ. Гэта праўда. І тут сапраўды Т. Шут мае рацыю (як на маю думку) аб патрыярхальнасьці. А, можа, гэта боязь...Нейкая ўнутраная. Цывілізацыйная. Ня ведаю. Задалі вы нам тут задачку:) Дзякуй


Імя:: Т.Шут
07.03.2008 22:57

П.Садоўскому, Вользе К. Дзякуй, дзякуй шчыра! Цікава, вельмі цікава, і шмат пра што варта падумаць, паразважаць.
Вельмі спадзяюся, што нашыя незалежныя СМІ прыслухаюцца да парадаў П.Садоўскага, яшчэ можна нават сярод слухачоў зрабіць апытаньне -- каго з жанчын вы хацелі б пачуць, зь кім сустрэцца на хвалях Свабоды.
Можа быць, і праўда, ня мае значэньня -- мужчына ці жанчына, а важна што і як гаворыцца, аналізуецца, падаецца.
Але заўважна і тое, што на "Свабодзе" -- на он-лайн канфэрэнцыях пераважаюць мужчыны, у Экспэртызах Свабоды -- пераважна мужчыны, аналітыкі -- толькі мужчыны. Можа, гэта і выпадкова, але добра было б, каб у эфіры было больш сустрэчаў з жанчынамі -- цікавымі, сучаснымі, творчымі.
Тут хацелася б пажадаць Свабодзе не адварочвацца і ад тэмаў, якія абмяркоўваюцца актыўна ў суседзяў -- праблема абортаў (дзякуй сп. Садоўскаму за трапную прапанову -- сапраўды, каб у час такіх мужоў-умельцаў, як у гераіні Н. Гундаравай, адводзілі на стайню...), патрыярхальныя стэрэатыпы ў школьных падручніках ды праграмах, дэкрэтныя вакацыі для мужчын-бацькоў, ды шмат яшчэ рознага.
Праўда і тое, што ад мужчынскага шавінізму пакутваюць і самі мужчыны, а ня толькі жанчыны. Чаму б пра гэта не пагаварыць адкрыта?
І адносна падтрымкі талентаў блізкага і каханага чалавека -- тут для свабодных людзей не павінна быць розьніцы -- мужчына ці жанчына, гэта іначай вырашаецца -- у адных сем'ях гэта можа быць жанчына, якая рэалізуе свой талент і выратоўвае дзяржаву ці ўсё чалавецтва, у іншых -- мужчына. Само пытаньне аб тым, каму даць больш правоў, сьведчыць пра няроўнасьць.
Справа ж ня ў гэтым -- а ў тым, што сацыяльныя ролі чалавека ў грамадстве не павінны залежыць ад біялягічнага полу.
Усе людзі розныя. Ёсьць розныя жанчыны, ёсьць розныя мужчыны. І праблема ў тым, што навязваньне ім жорсткіх і -- пагадзімся -- адсталых, -- стэрэатыпаў аб тым, што павінны рабіць мужчыны, а што -- жанчыны, -- гэта вось штурхае Беларусь назад, нараджае шмат праблемаў, якія выбухаюць, выяўляюцца ў неадэкватных рэакцыях і з боку жанчын, і з боку мужчын. І ахвяры гэтага патрыярхальнага дыктату -- усе, незалежна ад полу.
Я так зразумела, што Вольга К. лічыць мяне мужчынай (які ня хоча берагчы жанчын... ) -- не, я -- звычайная жанчына.
Гэта таксама, дарэчы, адна з асаблівасьцяў нашага грамадства -- людзі звычайна ня могуць размаўляць з тым, чый пол не могуць ідэнтэфікаваць. Гэта яшчэ швэдскія сацыялёгі у 1990-х адзначалі у спэцыяльным дасьледваньні: нават з немаўляткамі, перад тым, як ім нешта прасюсюкаць, -- спачатку высьвятляюць -- гэта хлопчык ці дзяўчынка? Не кажучы ўжо пра дарослых -- людзі проста ня здольныя нават пра надвор'е пагаварыць з чалавекам, калі не ведаюць дакладна, якога полу суразмоўца.
Як вы думаеце, чаму?!

Камэнтары 1-11 (з 11)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks