Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі пойдуць за тым, хто прапануе дзеяньне”


Віталь Цыганкоў, Менск У дэмакратычнай кааліцыі будзе пяць сустаршыняў – гэтак вырашылі дэлегаты рэгіянальных канфэрэнцыяў. Як прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча ўспрымуць гэтае рашэньне? І ці ня можа яно прывесьці да расколу ў дэмакратычных сілах? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза “Свабоды” абмяркоўваюць грамадзкі актывіст з Бабруйску Алесь Чыгір і наш карэспандэнт Уладзімер Глод.

“Замест працы зь людзьмі – праца “паміж сабой”

Цыганкоў: “У дэмакратычнай кааліцыі будзе пяць сустаршыняў – гэтак вырашылі дэлегаты рэгіянальных канфэрэнцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Яны ж прагаласавалі і за фармаваньне Палітычнай рады, зыходзячы з квотнага прынцыпу для палітычных суб’ектаў. Адзіная вобласьць, дзе рэгіянальная канфэрэнцыя не сабрала кворуму, – Магілёўская.

Алесь Чыгір з Бабруйску – якраз адзін з тых, хто выступаў супраць правядзеньня рэгіянальных кангрэсаў. Чым, Алесь, вы патлумачыце сваю пазыцыю?”

Чыгір: “Цяпер неабходна камунікаваць зь людзьмі, а не паміж сабой. Так атрымліваецца, што ўсе гэтыя рэгіянальныя сходы і канфэрэнцыі – гэта падмена паняцьцяў. Замест працы зь людзьмі – праца “паміж сабой”: пераконваюць актывістаў, якіх пераконваць ня трэба. Гэта імітацыя дзейнасьці”.

Цыганкоў: “Давайце гаварыць адкрытым тэкстам: ці няма ў вас уражаньня, што ўсё гэта робіцца для таго, каб пазбавіць статусу аднаасобнага лідэра ў апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча?”

Чыгір: “Тут ізноў падмена паняцьцяў. Аляксандра Мілінкевіча немагчыма пазбавіць ягонага статусу. Калі ў тым жа Бабруйску зайсьці ў кватэру і спытаць, каго яны ведаюць зь лідэраў дэмакратаў, то Мілінкевіч будзе адзін зь нямногіх. Хутчэй за ўсё, ён будзе адзіным, каго ведаюць. Таму Мілінкевіч мае свой статус сярод грамадзянаў Беларусі. Думаю, гэта найбольш вядомая палітычная фігура ў Беларусі – пасьля Лукашэнкі”.

Цыганкоў: “Уладзімер, вы прысутнічалі на некаторых рэгіянальных кангрэсах. Чаму там былі прынятыя менавіта такія рашэньні? Што гэтым самым дэмакратычныя сілы хочуць сказаць выбарнікам?”

“Прыйшоў Мілінкевіч, сеў збоку”

Глод: “Калі гляджу на Аляксандра Мілінкевіча, то міжволі згадваю Станіслава Шушкевіча, калі ён быў старшынём Вярхоўнага Савету. Яны інтэлігентныя людзі, абодва ўмеюць размаўляць зь людзьмі, але ня ўмеюць стукнуць кулаком і сказаць: “Я загадваю!”

Я быў на апошнім рэгіянальным менскім гарадзкім сходзе. Прыйшоў Мілінкевіч і сеў на лаўцы збоку. Ужо некаторыя дэлегаты ня вытрымалі і казалі: “Вы ж старшыня, вядзіце сход”. Не. Мілінкевіч застаўся сядзець збоку. Мне здаецца, Аляксандар Мілінкевіч таленавіты, разумны, сумленны чалавек, але яму патрэбна больш цьвёрдасьці. Цяпер такі час, бяз гэтага, мабыць, немагчыма”.

“Людзі пойдуць за тым, хто прапануе дзеяньне”

Цыганкоў: “Частка дэмакратычных актывістаў ня згодзіцца з прынятым рашэньнем аб пяці сустаршынях. Ці можа гэта прывесьці да развалу адзінства дэмакратычных сілаў?”

Чыгір: “Па-першае, у мяне моцныя сумневы наконт дэмакратычнасьці працэдуры скліканьня кангрэсу. Чаму не рэгістравалі некаторыя сабраныя галасы дэлегатамі? Чаму не дапусьцілі некаторыя грамадзкія арганізацыі?

Па-другое, тут сапраўды закладзена міна запаволенага дзеяньня, бо частка прадстаўнікоў дэмакратычнага руху ня прыме гэтага рашэньня, бо яно недэмакратычнае”.

Цыганкоў: “І што яны будуць рабіць? Пойдуць да Аляксандра Мілінкевіча ў рух “За свабоду” або паспрабуюць стварыць нешта сваё?”

Чыгір: “Людзі пойдуць за тым, хто прапануе дзеяньне. Калі на кангрэсе будзе прапанаванае зразумелае і канкрэтнае дзеяньне і можна будзе памацаць будучы вынік гэтага дзеяньня, то людзі будуць выконваць гэтае рашэньне. Бо актывістам надакучылі ўсе гэтыя працэдуры, кааліцыі, канфігурацыі. Мы цяпер знаходзімся на мяжы зьнішчэньня”.

“Праз пэўны час вернуцца да адной асобы”

Глод: “Але людзі, якія ачольваюць Палітраду, якраз і абвінавачваюць Аляксандра Мілінкевіча, што дзеяньняў зь ягонага боку было недастаткова. Не зусім атрымалася з індывідуальным кіраўніцтвам, пабачым, як будзе з калектыўным “палітбюро”.

Цыганкоў: “Досьвед барацьбы зь недэмакратычнымі рэжымамі паказвае, што для тых, хто змагаецца, неабходна нейкае ўвасабленьне альтэрнатывы ў адным чалавеку. Актывісты апазыцыі будуць прыходзіць да людзей, а тыя спытаюць: “А хто ў вас?” Ім адкажуць: “У нас пяць чалавек...” Ці не аслабіць патэнцыял апазыцыі гэтае сустаршынёўства?”

Глод: “Сапраўды, цяжка, калі няма адной яркай фігуры. Але варта казаць людзям пра тое, што ў нас ёсьць калектыўная адказнасьць, розныя формы еднасьці...

Аднак я ўпэўнены, што, калі надыдзе час выбараў, апазыцыя вернецца да адной асобы”.

Чыгір: “Я не падзяляю аптымізму Ўладзімера Глода. Я бачу, што кожны год дэмакратычныя сілы, як шчыгрынавая скура, звужаюцца.

Актывісты на месцах стаміліся ад гэтых разборак. На кожных выбарах трэба ісьці ў тыя ж самыя кватэры і называць прозьвішчы новых лідэраў. Уяўляеце, я заходжу ў кватэру і называю прозьвішча Сямёна Домаша, потым я называю Ўладзімера Ганчарыка, цяпер – Аляксандра Мілінкевіча. Калі я пайду яшчэ на адны выбары і буду называць прозьвішчы Лябедзькі, Калякіна, Вячоркі, людзі мне ўжо не павераць.

Людзям трэба нешта канкрэтнае. На такіх кангрэсах трэба рашаць, што мы канкрэтна можам прапанаваць людзям. А прапаноўваць трэба тое, ад чаго яны ня здолеюць адмовіцца. Такіх прапановаў, я на жаль, пакуль што ня бачу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG