Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзю НБА падазраюць у гульнях на таталізатары


Ганна Соўсь, Прага У Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі – скандал, зьвязаны з судзействам. Былога судзьдзю НБА Ціма Донаг’ю падазраюць у тым, што ён ішоў у заклад на вынікі гульняў у НБА, якія судзіў апошнія два сэзоны. Бліжэйшымі днямі Донаг’ю можа паўстаць перад фэдэральным акруговым судом ЗША ў Брукліне.

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША падазрае 40-гадовага судзьдзю НБА Ціма Донаг’ю ў гульнях на таталізатары. У ФБР ужо ёсьць доказы таго, што Донаг’ю, які адпрацаваў 13 сэзонаў у НБА, ставіў дзесяткі тысячаў даляраў на падпольным таталізатары на вынікі матчаў, у тым ліку і на тыя, якія сам судзіў. І кіраўніцтва НБА, і арбітры, і гульцы, мяркуючы па першых камэнтарах, знаходзяцца цяпер у сапраўдным шоку.

Маючы слабасьць да гульні на таталізатары, Донаг’ю некалькі гадоў таму завінаваціўся вялікую суму грошай ценявым дзялкам гэтага бізнэсу, і яны прапанавалі яму наступную схему: судзьдзя ставіў грошы на вынікі матчаў з уласным удзелам і адначасова інфармаваў букмэйкераў, на якую каманду варта ставіць.

У мінусе, натуральна, павінны былі заставацца іншыя гульцы на гэтым таталізатары. Дарэчы, згодна з амэрыканскім заканадаўствам, букмэйкерскія канторы могуць прымаць наяўныя грошы толькі ў штаце Нэвада. Для тых, хто гуляе праз інтэрнэт і ў іншых штатах, існуюць пэўныя абмежаваньні па сумах ставак.

Донаг’ю сам здаўся ўладам

У сэзоне 2005/06 Донаг’ю абслугоўваў 68 матчаў рэгулярнага чэмпіянату НБА, у наступным турніры – 63 гульні. ФБР ужо запатрабавала запісы ўсіх сустрэчаў і пачынае пры дапамозе баскетбольных кансультантаў дэталёвы аналіз дзеяньняў Донаг’ю.

Паводле некаторых спэцыялістаў, Донаг’ю ўплываў ня столькі на вынікі гульняў, колькі імкнуўся, каб каманда “прабівала” патрэбную фору.

Судзьдзі Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі – людзі ня бедныя. Сумы гадавых кантрактаў судзьдзяў НБА вагаюцца ў дыяпазоне ад 400 да 600 тысячаў даляраў, агульны заробак можа быць яшчэ большым пры выплаце пэўных бонусаў вэтэранам “за выслугу гадоў” і арбітрам, якія працуюць на матчах плэй-оф. Таму нікога асабліва не зьдзівіла, калі больш за год таму Донаг’ю перабраўся зь Філядэльфіі ў горад Брадэнтан у Флёрыдзе і жыве там у шыкоўным доме, мае аўтамабіль найноўшай мадэлі BMW...

Паводле ФБР, Донаг’ю здаўся ўладам і дае першыя сьведчаньні. Чакаецца, што неўзабаве будуць арыштаваныя і дзялкі падпольнага таталізатару.

Прадстаўнікі НБА: гэта адзінкавы выпадак

У гісторыі чатырох асноўных прафэсійных спартовых лігаў ЗША (бэйсбол, хакей, амэрыканскі футбол і баскетбол) яшчэ не было ніводнага выпадку, каб судзьдзя ці афіцыйная асоба былі арыштаваныя ці пакараныя ў сувязі зь незаконнай дзейнасьцю. Выглядае, што Донаг’ю адкрывае чорны сьпіс...

На прэсавай канфэрэнцыі ў аторак ў Нью-Ёрку камісар НБА Дэвід Стэрн сьцьвярджаў, што гэта “адзінкавы выпадак”, і што нельга з поўнай упэўненасьцю гаварыць, што былы рэфэры ішоў у заклад менавіта на тыя гульні, якія сам судзіў. Тым ня менш, Стэрн назваў гэтую сытуацыю “самай непрыемнай за ўсю сваю кар’еру ў НБА”.

“Я не магу паверыць, што такое здарылася з намі”, кажа Стэрн, маючы на ўвазе нядаўні аналягічны скандал з судзействам у нямецкім футболе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG