Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянал-бальшавікі расьпісалі офіс баранавіцкай газэты


Радыё Свабода У ноч з 17 на 18 ліпеня невядомыя хуліганы размалявалі будынак баранавіцкай рэгіянальнай газэты “Intex-Press”. На шыльдзе рэдакцыі, каля ўваходу на тратуарнай плітцы, на камянях чорнай фарбай былі нанесеныя зьневажальныя надпісы й сымболіка нацыянал-бальшавікоў.

Дырэктар выдавецкага дому “Іntex-Press” Уладзімер Янукевіч першы прыйшоў на працу і ўбачыў надпісы, сымболіку і ўлёткі. У тэксьце ўлётак — зварот да журналістаў газэты, якія сваімі апазыцыйнымі матэрыяламі быццам бы “ачарняюць гераічнае савецкае мінулае”. Пры канцы — пагрозы: “Час адказаць за ўсё! Сьмерць здраднікам Радзімы”. І подпіс — “Нашчадкі Баявых Подзьвігаў”.

Гаворыць намесьніца галоўнага рэдактара баранавіцкай газэты “Intex-Press” Анжэла Бялуш:

(Бялуш: ) “Вось у гэтым подпісе, “Нашчадкі Баявых Подзьвігаў”, вылучаныя вялікія літары, і атрымліваецца абрэвіятура — НБП. І побач з офісам на камяні таксама была нацболаўская сымболіка — серп і молат у крузе, і на асфальце было напісана: “Не — прадажнай прэсе”, такое своеасаблівае графіці”.

Дырэктар выдавецкага дому Ўладзімер Янукевіч напісаў заяву на імя начальніка гарадзкой міліцыі з просьбай знайсьці й прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, прадухіліць падобныя акцыі й абараніць супрацоўнікаў рэдакцыі ад такіх пагрозаў.

Дарэчы, гэта ня першы такі выпадак: два гады таму на будынку рэдакцыі таксама зьяўляліся ўлёткі й пагрозы так званых нацыянал-бальшавікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG