Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Колас выдаў кнігу пра Ліцэй (фота)


Любоў Лунёва, Менск Дырэктар зьліквідаванага ўладамі гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас прэзэнтаваў сваю кнігу “Лёс ліцэя”. На імпрэзу прыйшлі настаўнікі, вучні, іх бацькі, выпускнікі ліцэю, а таксама вядомыя грамадзкія дзеячы.

Асновай для кнігі Уладзіміра Коласа сталі ягоныя выступы ў праграме Радыё Свабода “Сучасныя мэмуары”. Там аўтар распавядаў пра той жыцьцёвы шлях, які прывёў яго да стварэньня ліцэю, і пра вынікі дзейнасьці навучальнай установы.

Уладзімір Колас сёньня ўзгадваў тыя часы, калі пачынаў сваю дзейнасьць ліцэй. Выкладчыкі дзяліліся сваімі ўспамінамі. Не бяз гонару дырэктар распавёў пра посьпехі ліцэю.

(Колас:) “Мы выглядалі ня горшымі, а часам і лепшымі: мы займалі першыя месцы на сусьветных алімпіядах. На “бізнэс-уіку” бізнэсоўцы, паплечнікі Біла Гейца, лазілі па сайтах і шукалі інфармацыю, каб зьбянтэжыць нейкімі пытаньнямі нашых ліцэістаў. Калі яны чулі адказы на пытаньні, то былі ў разгубленасьці, маўляў, адкуль такія дзеці, а потым прыехалі, каб зладзіць “бізнэс-уік” тут”.

Спадар Колас распавёў, што выдаць кнігу пра ліцэй, які існуе ў нелегальных умовах, сёньня ў Беларусі немагчыма, але ж мы й не імкнуліся.

(Колас:) “Не будзем распавядаць тут аб тым, як гэта робіцца. На вялікі жаль, усе мы тут вымушаныя існаваць фактычна ва ўмовах падпольля. Афіцыйна выдаць такую кніжку, безумоўна, немагчыма. Кніжку выдалі не ў нас, але я спадзяюся, што яна знойдзе свайго чытача”.

Намесьніца дырэктара ліцэя Ірына Сідарэнка заклікала настаўнікаў, ліцэістаў і іх бацькоў таксама напісаць свае кнігі і успаміны пра ліцэй.

(Сідарэнка:) “Сёньня мы ўзгадалі, як нам жылося, як мы трапілі ўсе ў ліцэй. Якая ў нас была цудоўная аўра! Ведаеце, мне здаецца, што кожны з нас, захоплены парывам спадара Коласа, хацеў бы таксама напісаць свае ўспаміны, кнігі. Я думаю, што такіх кнігаў будзе шмат. Мы асэнсуем жыцьцё, наш ліцэй. Не толькі мы, настаўнікі, але й нашы дзеці і бацькі, я думаю”.

Са сцэны гучалі вершы. У залі ў асноўным былі навучэнцы першага курсу. Яны прасьпявалі некалькі песень, такім чынам працягнуўшы музычную традыцыю ліцэю. Выпускнік ліцэю Франак Вячорка запэўніў, што ў ліцэі будуць стварацца новыя фільмы, музычныя альбомы, адновіцца тэатар.





XS
SM
MD
LG