Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляць у Польшчы лядоўню ці пральную машыну болей няма сэнсу: ад 1 ліпеня ўводзяцца новыя мытныя правілы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня – апошні дзень, калі ў Беларусь можна ўвозіць тавары паводле старых мытных правілаў. Ад 1 ліпеня, у адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, будуць значна падвышаныя мыты на тавары з Захаду. З-за гэтага апошнімі днямі беларусы масава выяжджаюць у Польшчу, каб пасьпець набыць неабходныя рэчы.

Апошнімі днямі рух на мяжы актывізаваўся. Павялічыліся чэргі ў абодва бакі. Калі раней было так, што тыя, хто едзе ў Польшчу на легкавым аўтамабілі стаялі гадзіну-дзьве, а часам чаргі ўвогуле не было, дык учора на некаторых пераходах чакаць трэба было 4-5 гадзінаў. Адметна, што на мяжы Польшчы з Украінай і Расеяй увогуле няма чэргаў. Вось як камэнтуе сытуацыю палкоўнік Станіслаў Фірлей з Падляшскага аддзелу Службы памежнай аховы Польшчы.

(Фірлей: ) “Апошнімі днямі мы назіраем падвышаны рух на мяжы зь Беларусьсю. Пакуль, аднак, вялікіх чэргаў няма, хаця чакаць на пераходах трэба больш, ужо нават некалькі гадзінаў. Мы робім усё, каб чэргі не рабіліся больш доўгімі. Паводле дадзеных на панядзелак, рух на мяжы павялічыўся прыкладна на 20%”.

Між тым учора на вялікім кірмашы “Стадыён 10-годзьдзя” ў Варшаве, куды прыяжджаюць па тавары і беларусы, не знайшлося бадай што ніводнага чаўнака зь Беларусі, які не хацеў бы скарыстацца з апошняга шанцу набыць тэлевізар, пральную машыну ці нешта іншае. Бо ў Беларусі, кажуць, усё гэта даражэй, ды й выбару асаблівага няма. У выніку, ужо ўчора ўвечары чарга на пераходзе ў Тэрэспалі пачала павялічвацца, а сёньня – у апошні дзень, калі дзейнічаюць старыя мытныя правілы – на мяжы, хутчэй за ўсё, будзе сапраўды горача.

Указ Аляксандра Лукашэнкі №259, які ўводзіць новыя мытныя правілы ад 1 ліпеня, б’е перадусім па жыхарах памежных рэгіёнаў, якія часам жывуць з таго, што купляюць польскія харчы для сябе і на продаж. Цяпер увозіць у Беларусь харчоў бяз мыта можна будзе ўдвая меней – толькі 5 кіляграмаў, а замест трох літраў моцных напояў – адзін літар. Акрамя гэтага, беларус зможа ўвезьці бяз мытаў для ўласных патрэбаў прамысловых тавараў на суму ня больш за 1000 эўра і вагой ня больш за 50 кіляграмаў. Калі больш, дык трэба плаціць 30% падатку ад кошту тавару, але ня менш, чым 2 эўра за кіляграм.

Такім чынам, купляць лядоўню ці пральную машыну на Захадзе ўжо практычна няма сэнсу. Прычым адмыслоўцы падкрэсьліваюць, што ў дадзеным выпадку пашыраецца поле для карупцыі сярод мытнікаў, бо менавіта мытнік будзе вызначаць, ці ўвозіцца тавар для ўласных патрэбаў, ці для камэрцыйных мэтаў. І яшчэ адна непрыемная зьмена – цяпер трэба будзе плаціць больш падаткаў за ўвезеныя з Захаду аўтамабілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG