Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад выглядам аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менск забудоўваюць офісамі


Ігар Карней, Менск Вядомыя гісторыкі і архітэктары канстатуюць працэс далейшага разбурэньня гістарычнага цэнтру сталіцы. Спадзяваньні на тое, што ўхвалены праект забудовы можа быць перагледжаны, ня спраўджваюцца. І хоць фармальна лёс Верхняга Гораду яшчэ вырашае камісія з прадстаўнікоў Менгарвыканкаму, Міністэрства культуры і адміністрацыі прэзыдэнта, спэцыялісты глядзяць у пэрспэктыву без аптымізму. Колькі часу засталося старому Менску?

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, які ці не найбольш пільна сочыць за пераўтварэньнем Верхняга Гораду, перакананы: менчукоў (гэта тычыцца і адмыслоўцаў, і шарагоўцаў) папросту падманулі. Як лічыць Харэўскі, абяцаньні адкарэктаваць па сутнасьці разбуральны для гістарычнага цэнтру праект – толькі жаданьне пацягнуць час: маўляў, паступова ўсе прызвычаяцца, на зьмену эмоцыям прыйдзе прагматычны разьлік...

(Харэўскі: ) “Улады вырашылі ўсё праігнараваць і паслаць нас куды падалей. Дарэчы, цяпер высьвятляецца, што, згодна з праектам, маштаб паркінгу на Нямізе нашмат большы, чым плянавалася. А з боку Гарадзкога валу вывесілі яшчэ адзін праект, заклікаючы інвэстараў да удзелу ў пабудове гіганцкага бізнэс-цэнтру. То бок, гэта апроч тых двух аб’ектаў, пра якія мы ўвесь час кажам – будаўніцтва гатэлю “Эўропа” і паркінгу. Дык вось, на рагу вуліцаў Інтэрнацыянальная і Гарадзкі вал, у дварох, будзе агромністы бізнэс-цэнтар вышынёй з Гандлёвы дом “На Нямізе”. Натуральна ж, будуць яшчэ будаваць паркінг з боку Кастрычніцкай плошчы. Таму ў такіх варунках застаецца разважаць хіба толькі пра этычны аспэкт усёй гэтай будоўлі”.

Дарэчы, шмат хто сапраўды параўноўвае сытуацыю вакол Верхняга Гораду з “засваеньнем тэрыторыі” – як з асушэньнем балотаў. Таму, маўляў, і гаворка тут не пра рэстаўрацыю, захаваньне гістарычнай спадчыны, а пра камэрцыялізацыю, максымальна выгаднае выкарыстаньне фактару разьмяшчэньня гэтай немалой тэрыторыі ў самым цэнтры сталіцы.

Крыху нагадаю перадгісторыю з праектам засваеньня Верхняга Гораду. Пасьля таго, як на пачатку году былі абвешчаныя вынікі, фактычна, закрытага ад грамадзкасьці конкурсу забудовы гістарычнага цэнтру Менска, пераможцам якога стаў праект групы Дзьмітрыя Бубноўскага, вядомыя архітэктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у Камітэт Дзяржкантролю і Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем спыніць зьнішчэньне Верхняга Гораду. Практычна адразу падпісанты былі выкліканыя ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, дзе ім абвясьцілі пра ўтварэньне камісіі, якая яшчэ да сярэдзіны красавіка (!) мусіла вырашыць лёс такой грандыёзнай перабудовы. Аднак і пасьля чатырох месяцаў чаканьня акрэсьленага адміністрацыяй Лукашэнкі тэрміну ніякіх зрухаў няма.

Зрэшты, былы галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга яшчэ тады выказваў сумніў наконт станоўчага вырашэньня пытаньня, бо працэс зайшоў занадта далёка. Паводле Папругі, кіраўнікі Менгарвыканкаму і Міністэрства культуры зрабілі ўсё для таго, каб перамог праект камэрцыялізацыі Верхняга гораду. За падобныя заявы, як мяркуюць многія, спадар Папруга ўрэшце паплаціўся пасадай – у чэрвені зь ім не падоўжылі кантракт.

(Папруга: ) “На сёньняшні дзень мы ня можам канстатаваць, у які бок гэта ўсё пойдзе (управа-улева?), але маем тое, што маем – нічога. Я для сябе падумаў, што, мажліва, разгляд пытаньня адклаўся ў зьвязку з больш глыбокім удакладненьнем пазыцый, з жаданьнем больш глыбокага “зандажу” сутнасьці праблемы. І я быў бы шчасьлівы, калі б гэта адбывалася насамрэч. Але, на жаль, мы можам толькі будаваць свае вэрсіі гэтага працэсу, паколькі ніякіх сыгналяў, ніякай інфармацыі – што там адбываецца ўнутры, ня маем”.

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць: некалькі разоў у адміністрацыі Лукашэнкі прызначалі новыя “канчатковыя даты” ў пераглядзе праекту Бубноўскага. Аднак цягам лета пра “новыя тэрміны” ня ўзгадвалі ніводнага разу. Праўда, некаторыя зацікаўленыя асобы яшчэ спадзяюцца, што зрушыць сытуацыю можа непасрэдна Лукашэнка, які ўвесну на лісьце напісаў суровую рэзалюцыю – “разабрацца”. Аднак цяпер ужо крок да восені... Да таго ж, ідзе бітва за ўраджай, усё бліжэй перадвыбарная кампанія... Карацей, праблемы нібыта не параўнальна большыя за лёс Верхняга Гораду. Дарэчы, архітэктар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Лявонцій Зданевіч перакананы: людзі ў камісіях самі сябе загналі ў тупік, бо не зьяўляюцца спэцыялістамі ў гэтай сфэры, а прызнацца ў непісьменнасьці палохаюцца.

(Зданевіч: ) “Каб пракансультавацца наконт мэтазгоднасьці, прафэсійнай адпаведансьці і г.д. – то гэта не. Усё прымаецца людзьмі, якія лічаць сябе прафэсіяналамі ва ўсіх галінах. Што пасьля гэтага можна казаць? І паўплываць на хаду працэсу мы фактычна ня можам, таму што гэта палітыка, а на палітыку ў нас ўжо ніхто ня можа паўплываць. На жаль...”

Дарэчы, амаль усе падпісанты ліста, да якіх я зьвяртаўся, таксама кажуць, што ніякіх зрухаў у выніку іх сакавіцкага звароту, фактычна, няма. Атрымаць камэнтар з гэтай нагоды ў адміністрацыі Лукашэнкі практычна немагчыма. У Дзяржаўным камітэце кантролю, куды быў накіраваны аналягічны ліст, цьвердзяць – пра нейкія зьмены ў гэтай зацягнутай гісторыі гаварыць не выпадае.

Можна меркаваць, што абяцаны перагляд праекту Дзьмітрыя Бубноўскага папросту імкнуцца “згарнуць”. Пра гэта, прынамсі, кажуць усе, хто чакае абяцаных карэктываў у праекце Дзьмірыя Бубноўскага. Дарэчы, сам Бубноўскі, падаецца, мала сумняецца ў тым, што будзе рэалізавана менавіта ягоны праект, і таму па-філязофску кажа: подпіс пад праектам паставіць ня столькі Лукашэнка, колькі самое жыцьцё...

У гэтым зьвязку праблему разбурэньня Верхняга Гораду многія назіральнікі разглядаюць шырэй за акрэсьленую праблему. Так, адзін са старэйшых жыхароў Менску, 85-гадовы паэт Мікола Аўрамчык, гаворыць пра цалкам савецкую псыхалёгію ў падыходах ня толькі да будаўніцтва. Менск, паводле Аўрамчыка, – савецкі па сутнасьці горад, сыходзячы ўжо з назваў яго вуліцаў. Апошнія захады на перайменаваньні прэспэктаў – толькі лішняе таму пацьвярджэньне. І пакуль у галовах чыноўнікаў будзе панаваць такая псыхалёгія, чакаць прасьвятленьня цяжка, – мяркуе Мікола Аўрамчык.

(Аўрамчык: ) “Канешне, даўно ўсё гэта трэба было зьмяніць. Цяпер пра гэта нават сьмешна ўжо гаварыць і думаць. Якія адносіны Беларусь мела да многіх з гэтых імёнаў? Некаторыя ва ўладзе былі год-паўтара. Урыцкі забіты яшчэ ў 1919 годзе – які сэнс быў яго ўганароўваць?.. Гэта такая рэч, што будуць сьмяяцца пасьля людзі і зьдзіўляцца: як такое ўвогуле магло быць і як гэта трымаецца да гэтага часу? Я ж памятаю некаторых зь іх, бо засьпеў і Гікалу, і Чарвякова, і Галадзеда. І нават гэтым асобам, сумняюся, ці трэба была такая пашана, а ня тое, што гаварыць ужо пра іншых партыйцаў. Бо, як ні кажэце, а людзі служылі іншым народам, іншай краіне зусім. Дый што пра гэта цяпер гаварыць...”

Калі ніякіх канкрэтных захадаў у справе перагляду праекту забудовы Верхняга Гораду офіснымі будынкамі бліжэйшымі днямі зроблена ня будзе, да канца жніўня ён павінен трапіць на подпіс да Аляксандра Лукашэнкі.

На здымку: праект аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску інстытуту "Белпраект". Гэты праект ня стаў пераможцам, але менавіта ў ім прадугледжвалася найбольшая рэгенэрацыя старога гораду, у тым ліку Замчышча і часткі Ніжняга рынку, са зносам некаторых "навабудаў" па праспэкце Машэрава. Адным зь яго аўтараў быў звольнены ў чэрвені сёлета галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG