Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
13.02.2008
“Карта паляка” ўведзена для людзей, для іх зручнасьці...”
аўтар Міхал Карневіч
Як вы ставіцеся да ўвядзеньня польскімі ўладамі “Карты паляка”? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.
Спадар: “Я толькі за тое, каб яе ўвялі. Хіба ад гэтага людзям будзе дрэнна? Калі чалавек паляк, дык добра, што будзе мець магчымасьць паехаць у Польшчу папрацаваць. Я -- толькі “за”.”
Спадар: “Нармальна да гэтага стаўлюся. Я лічу, што кожны чалавек можа знаходзіцца там, дзе яму хочацца, і каб у яго не было праблемаў. Бо ў нас – адны праблемы, прычым заўсёды”.
Дзяўчына: “Добра я да гэтага стаўлюся. Гэта дае нашым суайчыньнікам больш магчымасьцяў, каб сябе рэалізаваць у жыцьці”.
Спадар: “Калі мне трэба кагосьці наведаць са знаёмых ці блізкіх – гэта й так нікому не забараняецца. Я – супраць “Карты паляка”.
Спадарыня: “На маю думку, гэта вельмі добра й выгодна людзям. Калі чалавек пацьвердзіць сваё паходжаньне й атрымае карту, яму настолькі зручней будзе езьдзіць па Эўропе. Гэта ўсё зроблена для людзей, для іх зручнасьці”.
Спадар: “Божа, а чаму я павінен быць супраць, я толькі за гэта, каб яна была. Я сам паляк, але жыву ў Горадні. Вельмі добра стаўлюся да прыняцьця “Карты паляка”. І па-польску магу гаварыць”.
Карэспандэнт: “Ці будзеце вы дамагацца атрыманьня “Карты паляка”?
Спадар: “Буду абавязкова дамагацца, абавязкова, маю ж радню ў Польшчы”.
Спадарыня: “На мой погляд, вельмі разумна палякі зрабілі з увядзеньнем гэтай карты. Кожны ж чалавек хоча ведаць свае карані, культуру. І калі чалавек хоча наведаць сваю гістарычную радзіму, дык чаму ж яму не дазволіць гэтага зрабіць без перашкодаў?”
Спадар: “Калі гэта патрэбна некаму з тых самых палякаў, дык чаму б не. Я асабіста ня супраць гэтага”.
Дзяўчына: “Я лічу, што карта патрэбная. Гэта здыме для людзей цяжкасьці з атрыманьнем візы”.
Дзяўчына: “Вядома, што карта патрэбная, бо шмат людзей езьдзяць туды да родных, блізкіх. З картай будзе ўсё таньней і хутчэй”.
Спадарыня: “Маю сябра, мастака з Украіны. Яшчэ ў мінулым годзе мы гаварылі пра гэта і ён вельмі цешыўся, што дастане “Карту паляка”, бо яна дае яму магчымасьць езьдзіць ці не па ўсім сьвеце безь ніякіх візаў”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.