Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
07.08.2008
Адкрылася выстава пра заснавальнікаў БНР
аўтар Валянціна Аксак
“Заснавальнікам БНР прысьвячаецца” – пад такім назовам сёньня ў Менску ў сядзібе партыі БНФ адчынілася мастацкая выстава.
У экспазыцыі прадстаўленыя больш за трыццаць твораў беларускіх мастакоў з прыватнай калекцыі кіраўніка клюбу “Спадчына”
Анатоля Белага
. У ліку аўтараў твораў выставы – народны мастак Беларусі Ўладзімер Стальмашонак, вядомы беларускі графік
Мікола Купава
, старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, кіраўнік творчае суполкі “Пагоня”
Алесь Марачкін
і іншыя творцы.
Выстава прысьвечаная 90-годзьдзю БНР. І хоць дата 25 сакавіка ўжо мінулася, але, як сказаў Алесь Марачкін, увесь сёлетні год дэмакратычнай грамадзкасьцю краіны шануецца як год беларускае дзяржаўнасьці:
“Гэты год — год 90-годзьдзя БНР. Гэта год беларускае дзяржаўнасьці, як мы яе разумеем у найноўшай гісторыі. На жаль, гэтую дату афіцыйныя ўлады не прызналі. Мы пісалі лісты і ад “Бацькаўшчыны” да гарадзкіх уладаў, каб на будынку, у якім была ў 1918 годзе прынятая Другая Ўстаўная грамата, замацаваць шыльду і гэткім чынам правесьці мэмарыялізацыю гэтага месца. Улады нам у гэтым адмовілі, хаця мэмарыяльная дошка зробленая ўжо некалькі гадоў таму скульптарам
Алесем Шатэрнікам
і яна ў яго майстэрні так і захоўваецца”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.