Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
22.07.2008
Гомель: “Удзельнічаць у фарсе няма сэнсу”
аўтар Радыё Свабода (Гомель)
На канфэрэнцыі Гомельскай абласной арганізацыі АГП аднагалосна прынята рашэньне ня ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, калі ўлады праігнаруюць патрабаваньні, выстаўленыя рэгіянальнымі аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі.
Гаворка ідзе пра ўключэньне ўсіх вылучэнцаў АДС ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, а таксама пра рэгістрацыю ўсіх прэтэндэнтаў кандыдатамі ў дэпутаты.
Камэнтуе рашэньне кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП
Васіль Палякоў:
“Пасьля таго як з прапанаванага сьпісу аб’яднаных дэмакратычных сілаў у склад акруговых камісіяў уключылі толькі дзьве траціны нашых вылучэнцаў, на абласной канфэрэнцыі АГП мы вырашылі больш выразна акрэсьліць свае патрабаваньні. Цяпер мы вядзем размову пра тое, каб у склад участковых камісіяў уключылі ўсіх вылучэнцаў АДС і зарэгістравалі ўсіх кандыдатаў. Такую прапанову мы выносім на абмеркаваньне сумеснай каардынацыйнай рады Гомельскай вобласьці. Калі ўлады праігнаруюць патрабаваньні, няма ніякага сэнсу ўдзельнічаць у тым фарсе, які адбудзецца восеньню гэтага году”.
Падсумаваць, як улады выконваюць патрабаваньні АДС, рэгіянальная рада плянуе на пачатку жніўня.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.