Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
23.05.2008
“Урад з прэзыдэнтам робяць выгляд, што кіруюць”
аўтар Галіна Абакунчык
Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 23 траўня, пятніцу.
Урад Беларусі заяўляе, што ня будзе стрымліваць рост цэнаў на харчаваньне. За чатыры месяцы гэтага году прадукты ў краіне падаражэлі больш як на 5%. Тэлефанаваньні на гэтую тэму.
Спадар
: “Цэны на ежу, садавіну і іншыя прадукты ў нас і ў Эўропе аднолькавыя. А якія заробкі і пэнсіі ў нас і ў іх? Сярэдняя ў беларуса 110 эўра пэнсія. Супраць 1200 эўра ў немцаў ці эўрапейцаў. Які тут сказ? У нас жа меней у дзесяць разоў. Заробак у беларуса 230 эўра ў месяц складае, а немец 2300 эўра цяпер зарабляе. У беларусаў ёсьць усё: палі, лясы, нават калійныя солі. Няма толькі аднаго – лепшай долі”.
“Вiтаю, Беларусь! Свабода, дзякуй!!! Вы як глыток паветра ў Маскве. Прыём файнейшы, чым у Рэспубліцы Беларусь. Жыве Беларусь!”, – СМС такога зьместу мы атрымалі ад нашага слухача Віталя са Смаргоні, які зараз працуе будаўніком у Маскве. Працягваем праграму выказваньнямі на адрас улады і апазыцыі:
Спадар Віктар
: “Хачу выказаць меркаваньне. Урад з прэзыдэнтам робяць выгляд, што кіруюць. А прадпрыемствы і жыхары рэспублікі выжываюць самі, хто як можа. Гэта мне нагадвае фільм “Вясельле ў Малінаўцы”, калі неадукаваны дзед, пастаўлены бальшавікамі кіраваць, паказваў, што яму толькі плюнуць на пячатку і паставіць крыжык, нават расьпісацца ня ўмее. Ну як можа кіраваць краінай настаўнік фізкультуры ці ўзначальваць эканамічны інстытут вэтэрынар?! І гэтак далей. Працуюць не па спэцыяльнасьці, не па прафэсіі, якой навучаліся, а як каго ўпёрлі па сувязях. Вось і маем тое, што маем”.
Спадар Рыбакоў
: “Хачу выказацца наконт нашай апазыцыі. Пачытайце вы байку Крылова “Лебедзь, Рак і Шчупак”. Адзін нешта цягне некуды ўверх, другі пяціцца назад, трэці невядома куды. А яшчэ пачытайце байку “Квартэт”, вы бярыце сабе Фінбэрга дырыжорам. Ён добры рэжысэр. Можа, і зробіць нешта адно. Будзе адзін рэжысэр – будзе сэнс. А не, дык не”.
Выказваньне камэнтуе адзін з сустаршыняў кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сіл
Анатоль Ляўковіч
:
“Гэта вельмі правільны падыход, што ў адзінстве наша сіла і наша моц. Адказныя палітыкі добра разумеюць, што толькі разам мы можам змагацца з гэтым рэжымам. Ёсьць і не адказныя палітыкі, а яшчэ ёсьць праца дзяржаўных структур, спэцслужбаў. Да прыкладу, падчас аналягічных працэсаў у Чэхіі прадстаўнікі дэмакратычнага руху казалі, што ў іх кожны чацьвёрты быў так званы “сексот”. Пэўна, гэта ёсьць і ў нас. Гэта трэба ўлічваць і трэба разумець, што жыцьцё, практыка – яны больш складаная рэальнасьць, чым агучаная ідэя. Я за ідэю, і я за практыку адзінства. У кожным разе сёньня аб'яднаная дэмакратычная кааліцыя дэманструе адзінства. Канечне, не на 100%. Такое адзінства толькі на могілках. А тут ёсьць супярэчнасьці, але адказныя палітыкі гэта разумеюць і робяць усё, каб мы былі аб'яднаныя і моцныя”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.