Я некалі напісаў верш у адзін радок, які мне самому падабаецца: “Мінае час, і фатаграфія шчыміць...”
Дык вось, гэты час, які ўжо мінуў і які ніяк ня вернеш – ён у фатаграфіі, калі мы глядзім на тыя падзеі, сапраўды шчыміць. Ён раскрывае тое, што, можа быць, тады, 20 гадоў назад, мы ня бачылі. І гэтыя фатаграфіі раптам нагадваюць тое, што было толькі ў падсьведамасьці. Паўтараю: у гэтым спэцыфіка фатаграфіі. Любая фатаграфія, якая адлюстроўвае сьвет, яна адлюстроўвае спыненае імгненьне. Ніякае іншае мастацтва, напрыклад кіно, гэтага не адлюстроўвае. Кіно аднаўляе плынь часу. Дык вось, я б гэтым зноў бы хацеў заахвоціць нашых сяброў – беларусаў, моладзь, старэйшых людзей, каб яны такія фатаграфіі прысылалі. Чым фатаграфія старэйшая, тым больш яна мае значэньня як адкрыцьцё таго, чаго ня бачылі сучасьнікі. Гэта вельмі істотна. Вось такое ўражаньне ў мяне ўвогуле ад старых фатаграфіяў – павінен сказаць, я вельмі люблю пераглядаць старыя фатаграфіі, яны шмат у чым адкрываюць сьвет, які мы пражылі і які мы тады не заўважалі.