Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
21.05.2008
Ці збудуюць Літва і Беларусь мост паміж Захадам і СНД?
аўтар Уладзімер Глод
За першыя 4 месяцы году таваразварот паміж Беларусьсю і Літвой параўнальна зь мінулым годам узрос на 30%. Гэтую лічбу назваў журналістам амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын перад адкрыцьцём у Менску 4-га беларуска-літоўскага эканамічнага форуму.
Амбасадар
Дражын
паведаміў: на літоўскім рынку па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасьцю трактары “Беларус” і аўтамабілі МАЗ. Апошнім часам літоўцы з задавальненьнем купляюць пінскую і гомельскую мэблю. Узаемны гандаль ідзе па паўтысячы пазыцыяў, 90 зь якіх — асноўныя.
Журналісты спыталіся ў амбасадара, ці паўплываюць на гандлёвыя дачыненьні паміж дзьвюма краінамі эканамічныя санкцыі, якія ўвялі ЗША супраць Беларусі. На гэта Ўладзімер Дражын адказаў: “Я папрасіў бы гэтыя пытаньні сёньня ня зьвязваць — ЗША зь Літоўскай Рэспублікай. У нас зь Літвой ідзе двухбаковы стваральны працэс. І аснова з асноваў у ім — эканоміка. І менавіта эканоміка дазваляе мне сёньня казаць, што ідзе ўстойлівы, дынамічны працэс разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў.
"Я сёньня вам заяўлю — раз і назаўжды: некаторыя спрабуюць спэкуляваць на тым, што Літва ўжо ў Эўразьвязе, што Літва ўжо ў Шэнгенскай прасторы. Сапраўды гэта так, гэта — рэаліі. Але ж мы бліжэйшыя суседзі. Нас зьвязваюць агульная гісторыя, культура. І гэта вызначае нашы двухбаковыя дачыненьні”.
Афіцыйныя літоўскія асобы ад камэнтару да санкцыяў устрымаліся. Яны падкрэсьліваюць, што гэта захады амэрыканскія, а Літва, як краіна Эўразьвязу, кансалідуе свае дзеяньні з Брусэлем.
Кіраўнік літоўскай дэлегацыі віцэ-міністар гаспадаркі
Вітаўтас Наўдужас
бачыць пэрспэктывы эканамічных дачыненьняў Літвы і Беларусі ў стварэньні імі мосту паміж Захадам і СНД. У інтэрвію нашаму радыё ён адзначыў:
“У Літве ўжо ёсьць вытворчасьць аўтамабіляў МАЗ, у Літве зьбіраюць трактар “Беларус”, у паўночнай частцы нашай краіны ажыцьцяўляюцца іншыя праекты. Аўтамабілі, трактары выкарыстоўваюць ня толькі на ўнутраным рынку Літвы. Іх экспартуюць і ў шэраг краінаў Эўразьвязу.
Якім чынам мы можам павялічыць наш таваразварот? Пабудаваць вельмі надзейны мост паміж краінамі Эўразьвязу і краінамі СНД. Ставіць трэба больш глябальныя, больш глыбокія задачы, а ня толькі на ўзроўні дзьвюх краінаў”.
Але з выступаў удзельнікаў форуму высьветлілася — пакуль супрацоўніцтва лепш атрымліваецца на рэгіянальным, мясцовым узроўні. А вось калі справа даходзіць да вялікіх праектаў — тут і выяўляюцца збоі. Так, прэзыдэнт канфэдэрацыі прамыслоўцаў Літвы Браніславас Лубіс прыводзіў шмат прыкладаў, калі бюракратычныя перашкоды зь беларускага боку загубілі пэрспэктыўныя праекты.
Эканамічны аглядальнік
Тацяна Манёнак
, якая прысутнічала на форуме, цьвердзіць, што Літва гатовая будаваць мост. А вось зь беларускага боку праблемы ёсьць:
“Чаго не хапае? Спадар Лубіс пра гэта казаў: прадказальнасьці. Справа ў тым, што нават беларускія чыноўнікі яшчэ самі ня ведаюць, якімі будуць цэны на электраэнэргію. А бізнэс павінен плянаваць сваю працу ў гэтай краіне. І, вядома, шмат яшчэ бюракратычных бар'ераў — вельмі марудна вырашаецца, напрыклад, праблема адводу земляў пад будаўніцтва нерухомасьці”.
Падчас форуму з вуснаў віцэ-міністра гаспадаркі Літвы
Вітаўтаса Наўдужаса
прагучаў і такі факт:
“Два тыдні таму у Менску праходзіла аўтамабільная выстава. Стэнд літоўскай кампаніі нават перамог у конкурсе на лепшы стэнд. Але ўзьніклі праблемы ў прэзыдэнта асацыяцыі кэмпэраў – турыстычных аўтобусаў, абсталяваных для кэмпінгу. Адабралі два кэмпэры, нягледзячы на тое, што іх увезьлі па ўсіх правілах”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.