Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
01.05.2008
Я.Раманчук: дзеяньні ўладаў сьведчаць пра безвыходнасьць
аўтар Уладзімер Глод, Алесь Дашчынскі
Палітыкі і экспэрты працягваюць камэнтаваць рашэньне афіцыйнага Менску выслаць з краіны 10 дыпляматаў ЗША.
Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў
Раманчук
:
“Я думаю, што гэта рэакцыя на санкцыі ЗША, рэакцыя на жорсткую пазыцыю наконт палітвязьняў. І проста ўлады такім чынам сьведчаць пра безвыходнасьць, адсутнасьць канцэпцыі разьвіцьця і тое, што акрамя канфліктаў, спрэчак яны нічога іншага ў межах нацыянальных інтарэсаў зрабіць ня могуць. Тыповая ілюстрацыя прыказкі:Моська брэша на слана.
Гэта можа прывесьці да таго, што значна пагоршацца фінансавыя магчымасьці беларускіх кампаній, магчымасьці крэдытаваньня, і сур'ёзныя інвэстары ня будуць схільныя інвэставаць у краіну, якая знаходзіцца ў стане дыпляматычнай вайны з Амэрыкай”.
Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар
Вайтовіч
сказаў, што яму зразумелая першая рэакцыя ўлады на санкцыі ЗША супраць “Белнафтахіму”:
“Але далей усё становіцца незразумелым, бо справа ідзе да таго, каб перарваць дыпляматычныя дачыненьні. І гэта ўжо не на карысьць Беларусі. Далей усе крокі робіць Беларусь. І гэта звыш таго, што патрэбна. Гэта справа міжнародных гульняў, якія вядзе Лукашэнка. У нас у краіне ня сіла закону, а закон сілы. Вось гэта ўсё і растлумачвае.
Гэта будзе прыводзіць да далейшай ізаляцыі Беларусі
Калі Беларусь вырашыла адказаць на ўвядзеньне абмежаваньняў такім чынам, то цяпер, я лічу, было б правільным і ЗША таксама адказаць нейкім чынам. Бо захады, якія робіць Беларусь, ужо выйшлі за межы неабходных.
Гэта будзе прыводзіць да далейшай ізаляцыі Беларусі. У міжнародных дачыненьнях трэба трымацца правілаў, якіх трымаюцца іншыя краіны. Ня трэба іх парушаць. Беларусь вось зь нейкіх прычынаў вырашыла так сябе паводзіць. Не Беларусь, вядома, а адзін чалавек у Беларусі”.
Старшыня Парты БНФ Лявон
Баршчэўск
і: “У беларускім грамадзтве наскокі на амэрыканскую амбасаду ці на амэрыканскіх дыпляматаў не выклікаюць масавага спачуваньня, як гэта магло быць у Расеі, дзе распаўсюджаны антыамэрыканізм. Гэта сьведчыць, што Лукашэнка ўзяў курс на тое, што свайго малодшага нашчадка ён хоча зрабіць прэзыдэнтам. А гэта можа адбыцца гадоў праз 30. Ва ўзросьце Робэрта Мугабэ ён хоча перадаць уладу далей. Для гэтага й патрэбны самаізаляцыянізм. Канечне, гэта наіўныя спадзяваньні. Сьвет у эпоху глябалізацыі мяняецца вельмі хутка і нічога ня можа быць такім даўгавечным, як здавалася раней”.
Ён хоча паказаць, што ён бароніць сваё атачэньне і яго прыбыткі
Спадар Баршчэўскі сказаў, што санкцыі з боку ЗША закранулі не беларускі народ, а лукашэнкаўскае атачэньне. А захады кіраўніка Беларусі “рацыянальна не вытлумачальныя, а дэманстратыўныя”: “Прыбыткі ад канцэрну “Белнафтахім” мае не беларускі народ, а чыноўнікі. Вельмі адчувальнымі аказаліся гэтыя санкцыі, першыя іх крокі для рэжыму Лукашэнкі. Ён хоча менавіта паказаць, што ён бароніць сваё атачэньне і яго прыбыткі”.
Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль
Красуцкі
ўпэўнены: да разрыву дыпляматычных дачыненьняў справа ня дойдзе:
Гэта чыста дыпляматычныя крокі
“Я думаю, гэта чыста дыпляматычныя крокі, якія не пацягнуць за сабою разрыву дыпляматычных дачыненьняў. Я зыходжу ў сваіх меркаваньнях з заявы прэзыдэнта Беларусі ў яго пасланьні беларускаму народу і парлямэнту. Там было заяўлена, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі, з Эўразьвязам на роўных, партнэрскіх умовах. У нас шмат сумесных эканамічных інтарэсаў. Ня трэба забывацца, што бальшыня сумесных беларуска-амэрыканскіх прадпрыемстваў працуюць на беларускім рынку. Таму гэтыя інтарэсы будуць улічаны”.
Карэн
Акопаў
, былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі, зьвяртае ўвагу на тое, што галоўнае патрабаваньне Злучаных Штатаў Амэрыкі ад афіцыйнага Менску — вызваленьне ўсіх палітвязьняў:
Усё ўпіраецца ў асабістыя амбіцыі кіраўніка Беларусі,
“Калі Беларусь вызваліць усіх палітвязьняў, дык у амэрыканскага боку зьявяцца ўсе падставы перагледзець свой падыход да эканамічных санкцыяў. Гэта відавочна. І калі амэрыканцы пра гэта кажуць, калі яны анансуюць гэта, значыць, яны так і будуць дзейнічаць. У такіх пытаньнях у іх вельмі празрыстая пазыцыя. І тут усё ўпіраецца ў асабістыя амбіцыі кіраўніка Беларусі, які ў некаторых асобах, што цяпер знаходзяцца за кратамі, бачыць сваіх асабістых ворагаў.
Калі ж Беларусь не вызваляе палітвязьняў, можа паўтарыцца так званы савецкі варыянт. Гэта азначае, што дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў ЗША і амэрыканскія ў Беларусі могуць атрымаць абмежаваньні па сваіх рэгіёнах дзейнасьці. Так было ў савецкія часы, калі савецкія дыпляматы ў ЗША мелі закрытыя зоны, куды яны не маглі патрапіць ніколі. І адпаведна амэрыканскія дыпляматы мелі ў Савецкім Саюзе такія ж закрытыя тэрыторыі”.
Міжнародны аглядальнік
Раман Якаўлеўскі
засяроджвае ўвагу на тым, што Злучаныя Штаты прынялі спэцыяльны закон пра Беларусь — “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”. І беспрэцэдэнтныя дзеяньні беларускага боку — гэта рэакцыя на тое, што закон пачаў выконвацца, падкрэсьлівае аглядальнік:
Робяцца спробы ўцягнуць у гэты канфлікт Маскву.
“Што будзе далей? Пакуль выконваецца ня ўсё, што прадугледжваецца гэтым законам. Трэба меркаваць, што санкцыі будуць пашырацца. І яны будуць тычыцца ня толькі “Белнафтахіму”, але і замежных беларускіх установаў. А яны ж ня толькі камэрцыйныя. Таму санкцыі могуць датычыцца ў тым ліку і замежных дыпляматычных місіяў.
І яшчэ хачу зьвярнуць увагу. Ёсьць пэўны пункт гледжаньня (падкрэсьліваю, ён існуе ня толькі ў Менску), што гэта дыпляматычная бойка, скіраваная да новаабранага прэзыдэнта Расеі. Робяцца спробы ўцягнуць у гэты канфлікт Маскву. І тут цікава, што свой першы афіцыйны візыт спадар Мядзьведзеў робіць ня ў Менск, а ў Астану. А гэта красамоўны прыклад прыярытэтаў новага гаспадара Крамля”.
30 красавіка МЗС Беларусі перадаў часова паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі Джонатану Муру сьпіс амэрыканскіх дыпляматаў, якіx абвясьцілі пэрсонамі non grata.
10 амэрыканскіх дыпляматаў маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 72 гадзін. Такім чынам, колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску скароціцца да 5 чалавек. Адзін зь іх — часова павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.