Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
27.03.2008
Масавыя ператрусы ў незалежных журналістаў
аўтар Любоў Лунёва
У Менску і рэгіёнах адбыліся масавыя ператрусы ў памяшканьнях “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, тэлекампаніі “Белсат”, а таксама ў прыватных кватэрах журналістаў.
Санкцыю на іх дала менская гарадзкая пракуратура, спаслаўшыся на неабходнасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў у рамках крымінальнай справы за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Справа была распачатая па факце распаўсюду ў інтэрнэце мультфільмаў палітычнага зьместу.
Кампутары і ўся апаратура для гуказапісу, якую забралі падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ, знаходзяцца ў будынку пракуратуры.
А палове на 9 раніцы ператрус пачаўся ў офісе
“Радыё Рацыя”.
Супрацоўнікі КДБ прад’явілі пракурорскую санкцыю аднаму з карэспандэнтаў радыё
Барысу Гарэцкаму
. Яму загадалі выключыць мабільны тэлефон. Як толькі ператрус скончыўся, Барыс Гарэцкі паведаміў “Свабодзе”:
“Чатыры кампутары, адзін ноўтбук, таксама некалькі дыктафонаў, гуказапісваючую апаратуру... Гэта ўсё было апісана і вывезена з нашага офісу разам зь
Юліяй Коцкай
, якую яны будуць дапытваць у якасьці сьведкі”.
Нагадаем: 16 жніўня 2005 году менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце ініцыятывы “Трэці шлях”. У
Андрэя Абозава
,
Паўла Марозава
ў Менску і ў
Алега Мініча
ў Горадні супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус, забралі ўсе кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. Усе фігуранты справы зьехалі за мяжу.
Павал Марозаў знаходзіцца ў Таліне. Ён выказаў сваю думку:
“Ёсьць нейкая разнарадка “зачысьціць” ці запалохаць інтэрнэт-актывістаў. Гэта ня першы выпадак, калі нашу справу выкарыстоўваюць. Пару гадоў таму некалькі моладзевых актывістаў выклікалі і дапытвалі. Я ня ведаю, чаму менавіта мульцікі. Але мне падаецца, што гэтая справа больш-менш прыдатная для таго, каб праводзіць усе гэтыя запалохваньні”.
У памяшканьні, дзе былі экспэрты
“Эўрапейскага радыё для Беларусі”
, таксама правялі ператрус. Супрацоўнікі КДБ забралі ўсе кампутары і прылады для гуказапісу. Офіс радыё знаходзіцца ў Польшчы. Дырэктар
Зьміцер Новікаў
паведаміў “Свабодзе”:
“Экспэрты “Эўрарадыё”, якія знаходзіліся ў офісе адной зь менскіх фірмаў, не выходзілі на сувязь. Ад 9 раніцы мы не маглі зь імі кантактаваць. Вэрсіяў сваіх пакуль няма”.
Ператрусы адбыліся і на кватэрах у некаторых журналістаў. Нягледзячы на тое, што
Эдуард Мельнікаў
быў за мяжой, ператрус на ягонай менскай кватэры быў таксама праведзены. Паводле сьледчых, Эдуард Мельнікаў — супрацоўнік тэлекампаніі
“Белсат”
, а ў дачыненьні да яе карэспандэнтаў праводзяцца сьледчыя мерапрыемствы. Гаворыць шэф-рэдактар інфармацыйнай рэдакцыі тэлекампаніі “Белсат”
Аляксей Дзікавіцкі
:
“Гэта сьведчыць аб тым, што беларускія ўлады, думаю, былі разьюшаныя тым, што мы як адзін з каналаў у Эўропе паказалі здымкі з Дня Волі. Потым гэтыя здымкі паказвалі іншыя тэлеканалы ва ўсім сьвеце. Беларускія ўлады такім чынам адрэагавалі на нашу працу”.
Санкцыю на ператрусы даў намесьнік менскага пракурора
Аляксей Стук
. Ён патлумачыў “Свабодзе”:
“Ператрусы, натуральна, санкцыянаваныя. Мульцікі? Папросту ёсьць дадзеныя ў крымінальнай справе аб наяўнасьці ва ўсіх гэтых людзей па ўсёй рэспубліцы... Яны маюць дачыненьне да гэтага. Да стварэньня і падтрымкі адносінаў з гэтым каналам, са стваральнікамі гэтага каналу. Таму й ператрусы робяцца”.
Карэспандэнтка
: “А апаратура, якую забралі?”
Стук
: “Разьбярэмся. З усім разьбярэмся. Крымінальная справа, што ж можна дадаць? Прынятае законнае рашэньне аб правядзеньні гэтых мерапрыемстваў”.
Больш за дзясятак кампутараў, якія забралі пры ператрусах у актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Трэці шлях” яшчэ тры гады таму, дагэтуль ня вернутыя ўладальнікам. Назіральнікі лічаць, што тэхніка, якую забралі падчас ператрусу ў журналістаў, таксама можа застацца ў пракуратуры на няпэўны тэрмін.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.