Зьмяніць памер шрыфту   |  Выдрукаваць

26.03.2008

У Віцебску зьявіўся “анты-Мірон”?

аўтар  Радыё Свабода (Віцебск)

На бальконе ў апазыцыянэра Барыса Хамайды, калі гаспадара не было дома, нехта вывесіў чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг з прымацаванай да яго цыдулкай.


Паводле спадара Хамайды, цыдулка напісана па-беларуску і мае такі зьмест: “У гонар дзяржаўнага беларускага сьцяга. Слава сапраўдным патрыётам Айчыны. Жыве Канстытуцыя 1996 году! Жыве вечна! Беларус”.

Барыс Хамайда лічыць, што стыль напісаньня гэтага звароту знарок стылізаваны пад цыдулкі ад легендарнага Мірона, а вывесілі чырвона-зялёны сьцяг ворагі беларушчыны. Апазыцыянэр не выключае, што гэткім чынам яму нехта помсьціць за апазыцыйную дзейнасьць — у прыватнасьці, за тое, што ён пэрыядычна камэнтуе зьяўленьне ў Віцебску бел-чырвона-белых “Міронавых” сьцягоў.

Спадар Хамайда жыве на другім паверсе. Ён мяркуе, што ўсталяваць сьцяг у яго на бальконе маглі або адмыслоўцы-альпіністы, або гэта рабілася пры дапамозе адмысловай тэхнікі. Аднак высьвятляць акалічнасьці — да прыкладу, апытаць суседзяў або зьвярнуцца ў міліцыю, каб адшукаць тых, хто незаконна трапіў на ягоны балькон, апазыцыянэр ня лічыць патрэбным.







Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.