Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
20.03.2008
Вільня: беларусы - “За свабоду Тыбэту”
аўтар Тацяна Поклад
Акцыі “За свабоду Тыбэту” адбываюцца ў Вільні на працягу ўсяго гэтага тыдня.
На кожным пікеце перад будынкам амбасады Кітайскай Народнай Рэспублікі разам з тыбэцкай сымболікай і сьцягамі заўважны бел-чырвона-белы сьцяг, заклікі па-беларуску. Са сваёй сымболікай далучыліся да грамадзянскіх акцыяў у Літве беларусы – студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
У часе пікетаў гучыць тыбэцкая музыка, якую выконваюць самі ўдзельнікі на інструмэнтах, прывезеных з Тыбэту.
Сёньня на пікеце перад амбасадай Кітаю сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Студэнт ЭГУ
Алег Грубіч
трымаў плякат з надпісамі па-кітайску і па-беларуску, які зрабіў для акцыі сам.
“Я прыходжу сюды чацьвёрты дзень, штодня, ад таго часу, як пачаліся акцыі. Чаму? Папросту не магу трываць гэтага злачынства, якое чыніцца супраць манахаў, супраць ламаў у Лхасе зараз.
Я лічу, што змагаючыся за свабоду іншых, чалавек сам робіцца вольным, свабодным. Лічу, што няма ў свабоды нейкай пэўнай нацыянальнасьці, – калі мы сюды прыходзім, мы робім крок насустрач сабе і насустрач свабодзе ў Беларусі”, – сказаў Алег Грубіч.
Вельмі важна, што тут з намі беларусы. Яны сапраўды разумеюць, што такое змаганьне за свабоду ў сьвеце.
“Вельмі важна, што тут з намі беларусы, – кажа адна з выступоўцаў. – Беларускія студэнты прыходзяць ня толькі да амбасады Беларусі ў Вільні зь пікетамі, яны сапраўды разумеюць, што такое змаганьне за свабоду ў сьвеце”.
Она Жыданіце
з ініцыятыўнай групы руху за свабоду Тыбэту кажа, што спачатку быў задуманы толькі адзін пікет, але цяпер акцыя пратэсту вырасла ў пяцідзённыя пікеты і музычныя акцыі па вечарах, а якраз сёньня пачаў працаваць і літоўскі сайт руху.
“Да нас далучыліся людзі добрай волі. Наш нефармальны рух за свабоду Тыбэту – гэта згуртаваньне простых грамадзянаў усяго сьвету. Мы вельмі ўдзячныя беларусам, мы асабліва гэта падкрэсьліваем: нас найбольш цягам гэтых акцыяў уразіла высокая сьвядомасьць беларускіх студэнтаў, гэта сапраўдны прыклад для нашых літоўскіх студэнтаў”.
Акцыі ладзіць літоўскі нефармальны
рух за свабоду Тыбэту
, які ініцыявала група літоўскай пісьменьніцы Юргі Іванаўскайце па падтрымцы Тыбэту. Пікеты санкцыянаваныя. Рух завецца нефармальным, паколькі ён не зарэгістраваны афіцыйна. Незарэгістраваныя арганізацыі і суполкі ў Літве дзейнічаюць свабодна, удзел у такіх арганізацыях не зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Паліцыя пікетоўшчыкам не перашкаджала.
Акцыі “За свабоду Тыбэту” будуць працягвацца ў Вільні да канца тыдня. Яны таксама прысьвечаныя памяці пісьменьніцы Юргі Іванаўскайце, аўтаркі некалькіх кніг на тэмы Тыбэту, які яна ведала з досьведу ўласных паездак.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.